Кібартай
Кібарта́й (літ.: Kybartai, традыцыйная беларуская назва — Кіба́рты) — горад у Вілкавішкіскім раёне Марыямпальскага павета Літвы. Размешчаны за 16 км на захад ад Вілкавішкіса, на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расійскай Федэрацыі. Горад размешчаны на правым беразе ракі Ліепона, па якой праходзіць мяжа з Расіяй. Чыгуначная станцыя на лініі Каўнас — Калінінград. У горадзе знаходзяцца пешаходны, аўтамабільны і чыгуначны пагранпераходы Літва — Расія.
Насельніцтва складае каля 6,4 тыс. чалавек. Кібартай адносіцца да этнаграфічнага рэгіёна Сувалкія.
Гісторыя
Першы ўспамін адносіцца да 1561 года. Пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай у 1795 годзе адышоў Прусіі і знаходзіўся ў яе складзе да 1807 года. З 1807 года ўваходзіў у склад Варшаўскага герцагства.
Па выніках Венскага кангрэса, які праходзіў пасля заканчэння вайны з Напалеонаўскай Францыяй, Варшаўскае герцагства было скасавана, і ў 1815 годзе пасад Кібарты быў уключаны ў склад Расійскай імперыі. У 1856 годзе пасад, размешчаны зблізку мытнага пункта Вержбалова, атрымаў статус горада. Значны рост горада адбыўся пасля 1861 года, калі была пабудавана чыгунка Санкт-Пецярбург — Варшава. Чыгуначная станцыя, пабудаваная каля Кібартая, была названа Вержбалова па назве суседняга горада Вержбалова (станцыя Вержбалова).
У 1919 годзе пры ўтварэнні Літоўскай Рэспублікі ўвайшоў у яе склад і быў пераназваны ў Кібартай з пацверджаннем статуса горада. Кібартай быў апошнім горадам Літвы, дзе знаходзіўся прэзідэнт Антанас Смятона 15 чэрвеня 1940 года перад эміграцыяй.
З 1940 года знаходзіўся ў складзе Літоўскай ССР (СССР). Падчас Другой сусветнай вайны быў пакінуты Чырвонай Арміяй 22 чэрвеня 1941 года. Вызвалены 18 кастрычніка 1944 года войскамі 3-га Беларускага фронту падчас Гумбінен-Гольдапскай наступальнай аперацыі. У 1950—1959 гадах быў цэнтрам Кібартайскага раёна. З 1991 года ўваходзіць у склад Літвы. Герб Кібартая зацверджаны 24 лістапада 1998 года ўказам прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі па праекце мастака Кястуціса Гвалды. У красавіку 2001 года была ўтворана Кібартайская сянюнія, якая ўключае 39 вёсак і горад Кібартай.
Насельніцтва
Дынаміка насельніцтва Кібартая | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Год | 1895 | 1923 | 1931 | 1939 | 1959 | 1970 | 1979 | 1989 | 2001 | 2010 | |||
жыхароў | 2 364 | 6 300 | 6 731 | 7 337 | 6 200 | 6 435 | 6 676 | 7 064 | 6 556 | 6 173 | |||
Славутасці
- Царква Святога Аляксандра Неўскага (вул. Басанавічаус, 19). Пабудавана ў 1870 годзе.
- Касцёл 1928 гады будаўніцтва.
- Гімназія імя Данялайціса
-
У гарадскім парку ўсталяваны бюст Левітану працы скульптара Бронюса Вішняўскаса.
- Гімназія імя Данялайціса
- Царква Святога Аляксандра Неўскага
- Касцёл
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Ісак Ільіч Левітан (1860—1900) — расійскі мастак
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кібартай
- Афіцыйны сайт горада Кібартай (літ.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Вілкавішкіскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.