Гнёздава (Смаленскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Гнёздава.
Гнёздава (руск.: Гнёздово) — вёска ў Смаленскім раёне Смаленскай вобласці Расіі. Уваходзіць у склад Гнёздаўскага сельскага паселішча.
Геаграфія
Размешчана ў заходняй частцы вобласці за 14 км на захад ад Смаленска на Віцебскай шашы, на правым беразе ракі Дняпро. Аднайменная чыгуначная станцыя на лініі «Смаленск — Віцебск».
Гісторыя
У перыяд ранняга жалезнага веку ў I тысячагоддзі да н.э. у раёне Гнёздава ўзнікла некалькі ўмацаваных паселішчаў-гарадзішчаў, якія адносіліся да днепра-дзвінскай культуры. У IV стагоддзі н. э. на пакатым схіле правага карэннага берага Дняпра ў раёне ўпадзення ракі Свінкі з’яўляецца неўмацаванае паселішча земляробаў. Да сярэдзіны V стагоддзя ў вярхоўях Дняпра, уключаючы раён Гнёздава, сфарміравалася насельніцтва, якое адносіцца да банцараўска-тушамлінскай культуры[1][2].
Гнёздава лічыцца першапачатковым Смаленскам, з прычыны таго, што археалагічных слаёў да XI стагоддзя ў сучасным Смаленску не выяўлена. Назва горада невядома, але ён мог называцца «Вялікаград», паколькі ў летапісах згаданы як «вялікі і мног людзьмі» (у часы Вешчага Алега).
Гнёздаўскі комплекс помнікаў археалогіі ўключае раскінутыя на 5 км уздоўж Дняпра помнікі 2-й пал. IX — пач. XI стагоддзя: два гарадзішчы, да якіх прылягаюць адкрытыя паселішчы — селішчы, і больш 10 курганных могільнікаў, якія ўвогуле налічваюць каля 6 тыс. насыпаў. Верагодна, Гнёздава згадваецца пад назвай ’’Сюрнес’’ (нарв.: Syrnes [3]) у спісе гарадоў Усходняй Еўропы старажытнаскандынаўскага геаграфічнага трактата «Якія землі ляжаць у свеце». У раёне Гнёздава праходзіў «шлях з вараг у грэкі» — тут размяшчаўся адзін з волакаў паміж рэкамі Каспляй (левы прыток Заходняй Дзвіны, басейн Балтыйскага мора) і Дняпром (басейн Чорнага мора). Гнёздава, нароўні з Навасёлкамі, даюць у Смаленскім Падняпроўі асноўную масу знаходак скандынаўскіх рэчаў[4].
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала вёску разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку Гнёздава дзейнічала маладзёжная патрыятычная група, якая ўзначальвалася старэйшым палітруком А. Ніканавым і камсамолкай Н. Чуркінай, студэнткай Смаленскага медыцынскага інстытута. Гнёздаўская патрыятычная арганізацыя была звязана з Красным Борам, Серабранкай і падпольным цэнтрам у Смаленску.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Е. А. Шміт. Найстаражытныя паселішчы ў Гнёздаве // Смаленск і Гняздова ў гісторыі Расіі (Матэрыялы навуковай канферэнцыі), Смаленск , 1999, з. 108—115.
- ↑ Е. А. Шміт. Археалагічныя помнікі Смаленскай вобласці, Смаленск, 1976, з. 199.
- ↑ Джаксан Т.Н. Syrnes і Gaðar: Загадкі старажытнаскандынаўскай тапаніміі Старажытнай Русі // ScSl. 1986. T. 32. С. 73-83.
- ↑ Скандынаўскія знаходкі з тэрыторыі Старажытнай Русі (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2013.
Спасылкі
- Гнёздава / Энцыклапедыя Смаленскай вобласці
- Варажскае гняздо. Тамара Пушкіна распавяла пра раскопкі найбуйнейшага паселішча скандынаваў у Расіі
Катэгорыя·Населеныя пункты Смаленскага раёна (Смаленская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.