wd wp Пошук:

Грачыхіна (Хойніцкі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Грачыхіна. Грачы́хіна[1] (трансліт.: Hračychina, руск.: Гречихино) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавета.

Да 24 чэрвеня 1977 года вёска мела назву Багусла́вец.

Гісторыя

Багуславец у метрычнай кнізе Юравіцкага касцёла. Запіс 9 верасня 1789 г.
Багуславец (Багуслаўцы) на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Найранейшыя пісьмовыя звесткі пра Багуславец (villa Bogusławiec) сустракаюцца ў лацінамоўных метрычных кнігах Юравіцкага касцёла ў сувязі з хростам у верасні 1789 года дзяцей сужэнства Мацея, ротмістра Віленскага ваяводства, і Катарыны з Прыбыткоўскіх Кулешаў. Цікава, што кумамі выступілі Караль Прозар, вялікі абозны літоўскі, і Марыяна Аскерчанка, Фларэнцы Аскерка (сын Багуслава), уладальнік маёнткаў Барысаўшчына і Новы Двор, да якога належаў Багуславец, і Людвіка з князёў Шуйскіх Прозар, уладальніца маёнткаў Хойнікі і Астраглядавічы. Але ў першым з двух запісаў вікарыя Юравіцкага канвенту братоў прапаведнікаў (дамініканаў) Яна Казіцкага сказана, што нараджэнне і хрост немаўляці ех аqua алексіцкім уніяцкім святаром Яанам Транцэвічам адбыліся яшчэ 6 красавіка 1787 года[2]. На 1792 г. і 1796 г. тут згаданая капліца Юравіцкага парафіяльнага касцёла[3].

Далей у розных крыніцах пад такой назвай выступалі мястэчка, у якім у 1834 годзе з пяці двароў, у якіх жылі 14 мужчын і 15 жанчын, тры належалі рамеснікам: кавалю, медніку і токару[4], засценак, калі былую фальваркавую зямлю памерам у валоку, раней трыманую Кулешамі, паны Аскеркі яшчэ да 1811 года падаравалі дзьвюм шляхецкім сем’ям — Бялецкім і Харэўскім[5], і вёска (пасля таго як мястэчка не спраўдзілася) у маёнтку Новы Двор. Маёнтак паслядоўна належаў панам Аскеркам, Вінчам, Сушчынскім. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» сказана, што 24 жыхары вёскі Багуславец абодвух полаў былі прыхаджанамі Алексіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы, а 10 жыхароў мястэчка альбо засценка Багуславец з’яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[6]. У паслярэформенны час засценак (на 1866 год — 4 двары, 12 жыхароў, парафіянаў Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[7]), паводле спісаў землеўладальнікаў Мінскай губерні 1889, 1911 гадоў, быў уласнасцю мяшчанаў Галубовічаў[8], што паходзілі з ліку «разабранай» шляхты. У вёсцы жылі малазямельныя і беззямельныя сяляне, якія працавалі ў Новым Двары. Паселішча месцілася ў Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Паводле перапісу 1897 года налічвалася 10 двароў, 55 жыхароў. На 1909 год 14 двароў з 47 жыхарамі[9].

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Багуславец у складзе Юравіцкай воласці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[10].

Засценак, Тунеўшчына, Глінішча, Алексічы, Багуславец на карце 1924 года.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Юравіцкая воласць Рэчыцкага павета ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.

8 снежня 1926 года Рэчыцкі павет быў вернуты БССР. На 1927 год у Багуслаўцы налічвалася 28 двароў 136 жыхароў[11]. У 1930 годзе тут ужо 23 двары, 109 жыхароў. У 1931 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас. У лістападзе 1943 года прыкладна за тры-чатыры кіламетры ад вёскі, у баі каля паваротаў на Тунеўшчыну і Глінішча, загінуў будучы Герой Савецкага Саюза старшына Мікіта Грачыхін. 28 вяскоўцаў не вярнуліся з франтоў. Паводле перапісу 1959 года 176 жыхароў. У складзе калгасу «Бальшавіцкая перамога» (цэнтральная сядзіба ў вёсцы Княжыца).

11 чэрвеня 1977 года[12] вёска Багуславец, названая ў гонар даўняга ўладальніка маёнткаў Алексічы і Вадовічы пана Багуслава Леапольда Аскеркі, харунжага мазырскага, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савету БССР была перайменаваная ў Грачыхіна[upper-alpha 1].

Заўвагі

  1. Адбылося гэта амаль праз трыццаць чатыры гады пасля пагібелі М. А. Грачыхіна. Яшчэ імя гераічнага старшыны нададзена вуліцы ў вёсцы Тунеўшчына; да таго ж на ёй і пры павароце да вёскі з трасы Хойнікі – Юравічы (Калінкавічы, Мазыр) усталяваныя абеліскі. Ці ёсць іншыя прыклады падобнага гіперушанавання памяці аднаго чалавека ў сельскай мясцовасці?!..

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. НГАБ у Мінску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 36
  3. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 96; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 74.
  4. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1424—1427
  5. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 9, 249; Спр. 587. А. 71адв. — 73
  6. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 725
  7. Подробные ведомости приходов римско-католического исповедания по Речицкому уезду Минской губернии. 1866 г.: НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1816. А. 404
  8. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 366; Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. — Б. м. С. 17
  9. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 11
  10. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  11. Юровичский район. Список населённых мест за 1927 год.
  12. І. Лазовік. Новая назва вёскі. // Ленінскі сцяг. 30 чэрвеня 1977. № 76 (5598)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be