wd wp Пошук:

Грэбенка (вёска)

У гэтага тапоніма ёсць і іншыя значэнні, гл. Грэбенка.

Грэ́бенка[1] (трансліт.: Hrebienka, руск.: Гребенка) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, на дарозе H9043, непадалёк ад ракі Грэбенка. Уваходзіць у склад Міханавіцкага сельсавета. Месціцца за 15 км на поўдзень ад Мінска, за 3,5 км ад чыгуначнай станцыі Міханавічы на лініі МінскАсіповічы.

Назва

Паводле географа і тапаніміста Вадзіма Жучкевіча, назва Грэбенка можа паходзіць ад тэрміна грэбень — пералом схілу грады, пагорка, таксама ўзвышаная паласа сярод забалочанай мясцовасці. Таксама назва магла ўтварыцца ад пераасэнсавання асновы грэбля — дарога цераз балота, з канавамі, часам пасыпаная хворастам.

Лес Кайкаўскага біялагічнага заказніка, на захадзе ад Грэбенкі. Снежань 2014 года

Гісторыя

У 1800 годзе вёска, двор, уласнасць Дамініка Гераніма Радзівіла, у Мінскім павеце Мінскай губерні, адносілася да фальварка Анопаль. У канцы XIX ст. у Самахвалавіцкай воласці.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы.

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Гатаўскім сельсавеце Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). У 1926 годзе існуюць пасёлак Грэбенка-1 і хутар Грэбенка-2. З 1927 года ў Дзяргайскім сельсавеце. З 18 студзеня 1931 года ўключана ў межы горада Менска. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй. Нямецкімі войскамі ў часе карных аперацый былі спаленыя 7 двароў, забітыя 6 жыхароў.

У 1976 годзе ў Самахвалавіцкім сельсавеце, з 1987 года ў Міханавіцкім сельсавеце.

Насельніцтва

  • 1800 — 6 жыхароў
  • 1897 — фальварак, 2 двары, 10 жыхароў
  • 1917 — урочышча, 3 двары, 16 жыхароў
  • 1926 — Грэбенка-1 — 9 двароў, 43 жыхары; Грэбенка-2 — 2 двары, 7 жыхароў
  • 1941 — 21 двор, 68 жыхароў
  • 1997 — 17 гаспадарак, 29 жыхароў
  • 1999 — 28 жыхароў
  • 2004 — 22 жыхары
  • 2010 — 21 жыхар

Спіс вуліц

Вулiца Цэнтральная
  • Цэнтральная вуліца[2]

Славутасці

  • Курганны могільнік. За 200 м на поўдзень ад вёскі, каля дарогі. 11 насыпаў вышынёй 1—1,8 м, дыяметрам 3—6 м. Курганы здзірванелыя, параслі лесам, асобныя пашкоджаныя. Адкрыў у 1930 годзе Антон Рынейскі, абследаваў у 1979 годзе Валянцін Собаль. Раскопкі не праводзілі[3].

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса (нявызн.) (недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2021. Праверана 1 красавіка 2020.
  3. Собаль В. Помнікі археалогіі. Міханавіцкі Сельсавет // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінскага раёна. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 33

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be