wd wp Пошук: ⬜

Грэбень (Пухавіцкі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Грэбень.

Грэ́бень[1] (трансліт.: Hrebień, руск.: Гребень) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 38 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 30 км ад Мінска, 15 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы, на рацэ Пціч (прыток Прыпяці).

Назва

Паводле Вадзіма Жучкевіча, назва Грэбень можа паходзіць ад тэрміна грэбень — пералом схілу грады, пагорка, таксама ўзвышаная паласа сярод забалочанай мясцовасці. Таксама назва магла ўтварыцца ад пераасэнсавання асновы грэбля — дарога цераз балота, з канавамі, часам пасыпаная хворастам.

На думку краязнаўцы Аляксандра Ельскага, назва магла пайсці ад слова грэбці, бо тут у старажытнасці павінен быў быць рачны паром, які дзейнічаў з дапамогай вёсел[2].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Крыштаф Валадковіч, першы вядомы ўладальнік Грэбеня

На старых картах і дакументах Грэбень называўся Грэбня. У старажытнасці тут быў тракт, які злучаў поўдзень і поўнач Русі Літоўскай. На думку Аляксандра Ельскага, ля Грэбеня мусіў быць рачны перавоз. Пазней тут з’явіўся ўмацаваны мост[2].

У пісьмовых крыніцах вядомае з XVI ст. У 1567 годзе сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. У 1633 годзе вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў дакумент, які дазваляў уладальніку Грэбеня Крыштафу Валадковічу, пісару менскага ваяводства, браць мыта за праезд па мосце[3].

У XVI стагоддзі Грэбень належаў Адахоўскім, і гэта быў іх фундум (галоўны фальварак, які належаў толькі гаспадару). У 1621 годзе Рафал Адахоўскі прадаў Грэбень Янушу Быхаўцу (?—1653) шляхецкага роду Быхаўцаў герба «Магіла», які паходзіў са Смаленскай зямлі, і яго жонцы Ганне з Горскіх. Праз дзесяць гадоў Грэбень быў у валоданні Валадковічаў. Ад пачатку XVIII ст. Грэбенем валодалі Радзівілы, фундум каторых быў у недалёкім Анопалі. У 1743 годзе была пабудаваная царква. У канцы XVIII ст. Грэбень з суседнімі Берчукамі, Яськевічамі і Слабадой набыў Станіслаў Ельскі, палкоўнік пяцігорскі і скарбовы камісар у Вялікім Княстве Літоўскім[3].

Пад уладай Расійскай імперыі

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі.

У 1800 годзе ў вёсцы царква Раства Багародзіцы, карчма, вадзяны млын, сукнавальня. У першай чвэрці XIX ст. праз эксдывізарскі суд Грэбень стаў уласнасцю Кабылінскіх, а праз вена Ганны Кабылінскай перайшоў да Лыкаў[3].

У 1839 годзе на сродкі памешчыцы А. Лыкавай пабудаваная драўляная царква. У 1858 годзе сяло і маёнтак у Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні, прыватная ўласнасць. У 1861 годзе адкрытае народнае вучылішча. У канцы XIX ст. ёсць хлебазапасны магазін, млын, піцейны дом, царква.

Найноўшы час

Капліца ў Грэбені, 1909 г.

У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.

Да пачатку 1920 года створаная школа 1-й ступені. У 1930 годзе створаны калгас «Світанне», была кузня, стальмашня, рымарня. З 1938 года вёска.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.

У 2002 годзе вёска ў Навапольскім сельсавеце.

Насельніцтва

  • 1800 — 30 двароў, 209 жыхароў
  • 1858 — 153 жыхары
  • 1897 — 60 двароў, 375 жыхароў; маёнтак — 2 двары, 43 жыхары
  • пач. XX ст. — 54 двары, 349 жыхароў; маёнтак — 104 жыхары
  • 1917 — сяло — 202 жыхары; вёска — 77 жыхароў; маёнтак — 104 жыхары
  • 1960 — 296 жыхароў
  • 1999 — 109 жыхароў
  • 2002 — 41 двор, 74 жыхары
  • 2010 — 33 двары, 62 жыхароў
  • 2012 — 24 гаспадаркі, 43 жыхары

Інфраструктура

Эканоміка

  • Цэнтр калгаса «Навапольскі»
  • Майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі
  • Аддзяленне сувязі

Адукацыя

  • Сярэдняя школа

Медыцына

  • Фельчарска-акушэрскі пункт
  • Ветэрынарны ўчастак

Культура

  • Дом культуры
  • Бібліятэка

Славутасці

Славутасці

  • Курганны могільнік. На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, ва ўрочышчы Курганы, побач з балотам месціцца археалагічны помнік — курганны могільнік.

Страчаная спадчына

  • Капліца
  • Царква Святога Міхаіла Архангела (?—1922)
  • Сядзіба (XVIII/XIX — 1917)

Спіс вуліц

  • Цэнтральная вуліца[4]

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Грабе́ня, ж. (за Грабе́няю)
  2. 1 2 Jelski A., 1882, с. 174
  3. 1 2 3 Jelski A., 1882, с. 175
  4. ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса (нявызн.). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пухавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be