wd wp Пошук:

Губарэвічы

Губарэ́вічы[1] (трансліт.: Hubarevičy, руск.: Губоревичи) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Стралічаўскага сельсавета.

Гісторыя

Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай

Найранейшая пакуль што згадка пра «Село Губаровичи з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з дубровами, лесами, чертежами, полми, сеножатми и ловы пташиными» сустракаецца ў лісце ад 15 сакавіка 1574 года князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму аб раздзеле айчызнага маёнтку Брагін Кіеўскага павета Каралеўства Польскага. Уладальнікам яго стаў князь Міхаіл[2][upper-alpha 1]. З датаванага 13 сакавіка 1581 года дакумента вынікае, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітрый Ялец надзяляўся паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага «miasta Brahinia, sioła Chłuchowic [Hłuchowicz], Hubarowa y Babczyna»[5]. 18 мая 1595 года Губарэвічы згаданыя ў акце трыбунальскім у сувязі з пагадненнем аб скасаванні ўзаемных прэтэнзій што да прыўласнівання чужых грунтоў. Паразумеліся тады ўладальнікі часткі Брагінскага маёнтка князі Міхаіл і Юрый Міхайлавічы Вішнявецкія ды ўладальнік Астраглядаўскіх добраў пан Шчасны Харлінскі[6].

У 1628 годзе князь Канстанцін Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, з сяла Губаровічаў з 10 дымоў асадных сялян мусіў плаціць па тры злотыя ды з 12 агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў[7]. Палову Брагінскага замка і места з сёламі, у ліку якіх Губаровічы, атрымаў у спадчыну ад князёў дзеда і бацькі Міхайлаў Вішнявецкіх князь Іерамія Міхал Вішнявецкі, будучы ваявода рускі і правадыр барацьбы з «хмяльніччынай». У 1638 годзе ён заставіў сваю фартуну на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму[8].

У 1683 годзе пані Бруханьскай з 17 дымоў у Губаровічах належала плаціць 6 злотых[9]. Ад лістапада 1686 да канца мая 1687 года Губарэвічы з Глухавічамі і Сцяжарным Брагінскага маёнтка Яна Канецпольскага, у якіх разам налічвалася 77 дымоў, мусілі ўтрымліваць 80 казакоў і 30 коней палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Казакі чынілі «нязносныя крыўды, шкоды, крыміналы, наезды і забоі» паўсюдна, дзе б не былі. У Губарэвічах сотнік Кіяшка забіў войта Івана[10].

Да 1708 года жыхары вёскі былі прыхаджанамі брагінскай Мікалаеўскай царквы. З ініцыятывы застаўнага ўладальніка, мазырскага маршалка пана Антонія Аскеркі тут была пабудаваная царква, а насельніцтва пераведзена на унію[11]. 1 верасня 1719 года сярадзкі ваявода Ян Канецпольскі выдаў пану Зыгмунту Шукшце з жонкай даўгавую распіску на 1500 злотых, забяспечаных прыбыткамі з вёсак Глухавічы, Губарэвічы, Сцяжарнае і Пучын[12]. У 1734 годзе Губарэвічы знаходзіліся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянцаў кімбараўскіх[13], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтка на той час быў ужо князь Міхал Сервацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[14].

Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Губарэвічы былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[15]. У 1754 годзе з 41 двара (×6 — каля 246 жыхароў) сяла Hubarowicze Брагінскага маёнтка выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замка) 6 злотых, 12 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 25 злотых і 18 грошаў[16]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім. Паводле «Апісання цэркваў горада Рэчыцы і Рэчыцкага павета, падпарадкаваных Чарнігаўскай духоўнай кансісторыі» 1796 года, у 1782 годзе ў Губарэвічах узведзены новы будынак царквы ў гонар Нараджэння Багародзіцы[17].

Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі пражыванне ў вёсцы адпаведна 7, 2 і 3 чалавек (głow), якія належалі да Брагінскага кагала[18]. Пэўна, гайдамацка-сялянская Каліеўшчына 1768 года спрычынілася да рэзкага змяншэння тут насельнікаў-яўрэяў.

Расійская імперыя

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Губарэвічы апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета спачатку Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[19]. У 1795 годзе і колькі часу пазней сяло Губарэвічы належала пану падстарасце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[20], які годам раней страціў жонку Ізабелу[21], дачку ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. У 1795 годзе губарэвіцкая царква Раства Багародзіцы была далучана да расійскага праваслаўя[22].

Згодна з рэвізіяй 1811 года Губарэвічы з іх прыгоннымі жыхарамі былі ўласнасцю непаўналетняга графа Міхала, сына Рафала, Ракіцкага. Прозвішчы сялян — Бабры, Сакуны (лідары), Хорсуны, Марчанкі[23]. У ведамасці 1829 года пра Раства-Багародзіцкую царкву запісана, што ў сяле Губарэвічы налічваўся 31 поўны двор і яшчэ тры чвэрці двара. Прыхаджане з сялян губарэвіцкіх, 127 мужчын і 130 жанчын, што належалі графу Міхалу Ракіцкаму, «который тут не живёт», былі ў заставе ў Кімбараўскага кляштара сясцёр цыстэрцыянак[24]. Паводле матэрыялаў рэвізскіх сказак 1850 года, тут было 38 двароў, 296 жыхароў[25]. У рэвізіі 1858 года ўладальнікам сяла Губарэвічы з 332 душамі прыгонных сялян названы граф Людвік, сын Міхала, Ракіцкі. З прозвішчаў, акрамя ўжо названых раней, — Бандарэнкі, Дашукі, Васюкі, Бордакі, Ляшчуны, Здрок, Прус (Прусянок), Рудзянок[26]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 321 жыхар Губарэвічаў абодвух полаў быў прыхаджанінам Стралічаўскай Міхайлаўскай царквы[27].

У паслярэформенны перыяд Губарэвічы ў складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. На 1864 год тутэйшая царква Раства Багародзіцы была прыпісной у Стралічаўскім прыходзе[28]. У 1879 годзе Губарэвічы належалі да ліку паселішчаў Стралічаўскага царкоўнага прыходу[29]. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1885 годзе тут было 68 двароў і 270 жыхароў, дзейнічала царква Раства Багародзіцы. У 1891—1896 гадах Губарэвіцкае сельскае таварыства мела пазямельныя судовыя справы з уладальнікам маёнтку Брагін панам Станіславам Кербедзем, дакладней, з яго ўпаўнаважаным Юзафам Вайткоўскім[30]. Паводле перапісу 1897 года 103 двары, 650 жыхароў, царква, школа граматы, два ветракі і аднайменны фальварак. На 1909 год у Губарэвічах 130 двароў, 830 жыхароў[31].

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Губарэвічы ў складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[32].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасля вяртання ў склад БССР, з 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года вёска была цэнтрам Губарэвіцкага сельсавета ў Хойніцкім раёне спачатку Рэчыцкай, а з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі Беларускай ССР. У 1930 годзе заснаваны калгас «Хваля рэвалюцыі», працавала кузня. У пачатку 1930-х гадоў сельская царква стала прыходскай. 7 студзеня 1938 года супрацоўнікі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР арыштавалі протаіерэя царквы Іаана Жэлезняковіча, якога расстралялі 10 лютага[33]. У верасні 1938 года царкву пераабсталявалі пад школу. У Вялікую Айчынную вайну 1941—1945 гадоў загінулі 104 вяскоўцы. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы было 756 жыхароў, у складзе саўгаса «Стралічаў» (цэнтр — аднайменнае сяло). Пасля 1986 года з вёскі адсялілі 726 жыхароў.

Вядомыя ўраджэнцы

Заўвагі

  1. Чарнігаўскі гісторык І. В. Кандрацьеў спрабуе абвінаваціць князёў Вішнявецкіх у тым, што ў 1574 г. яны, сярод іншых памежных сёл, нібыта прыналежных раней да Любецкага староства, прыгарнулі да Брагіна і Губаровічы[3]. Уражанне такое, што робіць ён гэта па інэрцыі, бо Губарэвічы, у адрозненне, скажам, ад брагінскай жа вёскі Галкі, калі і былі памежнымі, дык хіба з астраглядавіцкім альбо хвойніцкім Стралічавам, а гэта занадта далёка ад любецкіх кардонаў. Варта, аднак, мець на ўвазе і іншае. Яшчэ з 2005 г. аўтар настойвае на рэальнасці створанай ім фантасмагорыі, г. зн. на прыналежнасці самога Брагіна і воласці альбо іх паловы да Любецкага староства[4]. Пра Брагінскую воласць у яго складзе можна прачытаць і ў артыкуле В. С. Пазднякова «Любеч» у 3-м дадатковым томе энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» (2010); апошняе, напэўна, шкодзіць рэпутацыі беларускага выдання.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Спиридонов М. Ф. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. 2000, Вып. 1. С. 189 http://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf
  3. Kondratiew I. Wyznaczanie granic międzypaństwowych i administracyjnych na ziemi czernihowsko-siewierskiej w XVI–XVII wieku. // Realne i wyobrażone granice i rubieże Wielkiego Księstwa Litewskiego. / pod redakcją Doroty Michaluk. – Ciechanowiec: Muzeum Rolnictwa im. ks. Krzysztofa Kluka w Ciechanowcu-Instytucja Kultury Województwa Podlaskiego-Archiwum Główne Akt Dawnych, 2021. S. 140
  4. Кондратьєв І. В. Лоєвське староство у 1585 – середині ХVII ст. // Пятыя міжнародныя Доўнараўскія чытанні. – Гомель, 2005. С. 197; Кондратьєв І. В. Любецьке староство (XVI – середина XVII ст.). /І. В. Кондратьєв – Чернігівський національний педагогічний університет ім. Т. Г. Шевченка; Історико-археологічний музейний комплекс «Древній Любеч». – Чернігів: Видавець Лозовий В. М., 2014. С. 20, 69, 79, 196–197
  5. Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569—1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.]; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  6. Źródła dziejowe. T. XXІ: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. X: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). / A. Jabłonowski. — Warszawa, 1894. S. 14
  7. Архив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 393
  8. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5-6
  9. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 489. На другі пабор згаданыя 6 дымоў (С. 505)
  10. Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 153
  11. Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 378—379
  12. Описи актовых книг Киевского центрального архива. — № 38 / Сост. Е. П. Дьяковский — Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 15
  13. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 287
  14. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  15. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  16. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190
  17. НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 33
  18. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 710
  19. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  20. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71
  21. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
  22. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 316
  23. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 260. А. 247—250
  24. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40604. А. 33адв.
  25. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 701. А. 542—553
  26. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 1152. А. 260—272
  27. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 696
  28. Историко-статистическое описание Минской епархии. — Санкт-Петербург, 1864. С. 304—305
  29. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 131
  30. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 2. Спр. 2280. А. 14 — 14адв., 76 — 76адв., 88 — 88адв.
  31. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 47
  32. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  33. Ростислав Бондаренко (священник). Памяти мученика, крестившего моего деда (жизнеописание протоиерея Иоанна Иосифовича Железняковича). // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 77 — 83
  34. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — С. 150.

Літаратура

  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 6, 23 — 27, 29
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be