Губічы (Буда-Кашалёўскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Губічы.
Гу́бічы[1] (трансліт.: Hubičy, руск.: Губичи) — аграгарадок у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр Губіцкага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 20 км на захад ад Буда-Кашалёва, 8 км ад чыгуначнай станцыі Шарыбаўка (на лініі Жлобін — Гомель), 56 км ад Гомеля.
Гідраграфія
На паўночнай ускраіне рака Чарамха (прыток ракі Дняпро).
Транспартная сетка
Аўтадарога злучае вёску з Буда-Кашалёва.
Планоўка складаецца з доўгай, ледзь выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і перакрыжаванай на ўсходзе доўгай выгнутай вуліцай. З поўдня да галоўнай далучаюцца дзве кароткія прамалінейныя вуліцы. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У 1986 годзе пабудаваны цагляныя дамы на 139 кватэр, у якіх змесцаваліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1525-27 гадах згадана ў перапісцы Вялікага князя маскоўскага Васіля III і Вялікага князя ВКЛ і караля Польскага Жыгімонта I пра памежныя міждзяржаўныя спрэчкі. У 1560 годзе 3 дыма. У 1640-х гадах па інвентары Гомельскага стараства — сяло, 15 дымоў, 4 службы, 12 валоў, 4 каня.
Пасля першага падзела Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. Па рэвізскіх матэрыялах 1858 года ва ўладанні памешчыкаў Чышчыцаў і Маеўскіх. Дзейнічалі бровар, валюшня, пазней пачаў працаваць хлебазапасны магазін. У 1895 годзе адкрыта школа граматы. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: хлебазапасны магазін, 3 вятракі, карчма. У 1909 годзе 1162 дзесяцін зямлі, млын, у Недайскай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні.
У 1924 годзе адкрыта 4-хгадовая школа, якая знаходзілась ў наёмнай сялянскай хаце.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Губіцкага сельсавета Буда-Кашалёўскага раёна Бабруйскай, з 27 кастрычніка 1927 года да 26 ліпеня 1930 года Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці.
У 1929 годзе арганізаваны калгасы імя М. І. Калініна і імя Л. Б. Красіна, працавалі смолзавод, гамарня, ваўначоска, 4 вятракі. У савецка-фінскую вайну 1939-40 гадоў загінулі 3 жыхара вёскі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны 17 жніўня 1941 гады пры прарыве акружэння каля вёскі часткі 154-й стралковай дывізіі разграмілі штаб 134-й нямецкай пяхотнай дывізіі і захапілі каштоўныя дакументы. У лістападзе 1942 года акупанты спалілі 113 двароў і забілі 9 жыхароў. 2 сакавіка 1943 года партызаны разграмілі гарнізон, створаны акупантамі ў вёсцы. Каля вёскі загінулі 74 савецкія салдаты, сярод якіх салдаты 96-й стралковай дывізіі 56-й стралковага корпуса, якія ўдзельнічалі ў вызваленні вёскі, і 11 партызан (пахаваны ў брацкай магіле на заходняй ускраіне). 153 жыхара вёскі загінулі на франтах. У 1959 годзе цэнтр калгаса імя Ф. Энгельса. Базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, магазін, аддзяленне сувязі, Дом рамёстваў.
Насельніцтва
- 1838 год — 44 двары.
- 1858 год — 73 двары, 388 жыхароў.
- 1897 год — 124 двары, 875 жыхароў (паводле перапісу).
- 1909 год — 141 двор, 1004 жыхара.
- 1925 год — 225 двароў.
- 1959 год — 625 жыхароў (паводле перапісу).
- 1997 год — 322 двары, 755 жыхароў[2].
- 2004 год — 281 гаспадарка, 671 жыхар.
Вядомыя асобы
- Вера Бартуль (1930 — 2006) — дзеячка беларускай эміграцыі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 517. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.