wd wp Пошук:

Дайнава 1

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дайнава.

Дайнава́ 1[1] (трансліт.: Dajnava 1, руск.: Дайнова 1) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці, на паўднёвы захад ад Ліды. Уваходзіць у склад Дзітвянскага сельсавета.

Гісторыя

Гісторык Тэадор Нарбут лакалізуе сярэднявечнае Дайнаўскае княства ў Лідскім павеце «за левым берагам ракі Дзітва» і лічыць населены пункт Дайнава, які знаходзіцца паміж Мыто і Лідай цэнтрам княства, пра што піша ў сваіх «Дзеях…». Аднак агульнага меркавання пра лакалізацыю тагачаснай Дайнавы няма.

У вопісе парафій Лідскага дэканата ў 1784 годзе згадваецца Дайнава (Dejnowo), двор, капліца, карчма і вёска ксяндзоў аўгустынаў эмірытанскіх віленскіх, на паўднёвы захад ад Ліды[2].

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. У 1915 годзе акупавана Германіяй, з 1921 года ў складзе Польшчы, з 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.

Да 1978 года вёска ўваходзіла ў склад Крупаўскага сельсавета[3].

Славутасці

Культавы валун даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м знаходзіцца за 0,5 км ад вёскі Дайнава-1 па дарозе да вёскі Бельскія, за 150 м на поўнач ад дарогі. Зверху на паверхні валуна маецца 13 выразных лунак і некалькі меркаваных. Дыяметр лунак 5-7 см і глыбіня 1-3 см.

Непадалёк меўся велізарны камень, які народ называў «кабылкаю», бо, паводле падання, на ім каралі злачынцаў. Магчыма, што тут у старажытнасці збіраліся копныя суды. Краязнаўца Міхал Шымялевіч пісаў пра тое, што камень быў пабіты мулярамі ў 1905 годзе[4].

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. pawet.net
  3. Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў Беларускай ССР ад 24 красавіка 1978 г. // Зборнік законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 16 (1570).
  4. pawet.net

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лідскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be