wd wp Пошук:

Дуравічы (Буда-Кашалёўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дуравічы.

Дура́вічы[1] (трансліт.: Duravičy, руск.: Дуравичи) — аграгарадок у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Акцябрскага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчэнне

У 12 км на ўсход ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 40 км ад Гомеля.

Гідраграфія

Вакол меліярацыйныя каналы. У напрамку на поўнач ад аграгарадка працякае рака Ліпа.

Транспартная сетка

Транспартныя сувязі па прасёлкавай дарозе, затым па шашы Доўск — Гомель.

Планіроўка складаецца з трох прамалінейных вуліц (адна доўгая, дзве кароткія), арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і злучаных завулкамі. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У 1986 годзе пабудаваны цагляныя дамы на 100 сямей, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Гісторыя

Выяўленыя археолагамі тры курганных магільніка (65 насыпаў, у 2 км на паўночны ўсход ад вёскі, 1,8 км на паўночны захад і ў 3 км на паўднёвы захад ад вёскі) сведчаць пра засяленне гэтых месцаў з даўніх часоў. Па пісьмовых крыніцах вядомая з XV стагоддзя як вёска ў Менскам ваяводстве Вялікага княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. У 1483 годзе даравана князю Мажайскаму. З 1492 года ў валоданні А. Багданавай. У 1640-я гады пазначана ў інвентары Гомельскага стараства. Паводле прывілею караля Аўгуста III ад 5 лістапада 1762 года ў валоданні Фашчаў.

Пасля першага падзела Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. Праз вёску праходзіла паштовая дарога з Гомеля ў Жлобін. З 1826 года дзейнічаў бровар памешчыка Дрыбінцава. Па рэвізіі 1858 года ў валоданні Фашча, які меў тут і ў наваколлях у 1862 годзе 4153 дзесяціны зямлі, вадзяны млын і вятрак. З 1884 года працаваў хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: царкоўна-прыхадская школа, хлебазапасны магазін, 2 вятракі, магазін, карчма. У аднайменным фальварку, што быў побач — капліца. У 1909 годзе 802 дзесяціны зямлі, млын, бровар, у Кашалёўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У фальварку 4700 дзесяцін зямлі. У 1911 годзе збудаваны будынак і пачаліся заняткі ў народным вучылішчы (у 1907 годзе 55 вучняў).

З 20 жніўня 1924 года цэнтр Дуравіцкага сельсавета Буда-Кашалёўскага раёна Бабруйскага, з 27 кастрычніка 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці.

У 1929 годзе арганізаваны калгасы «Чырвоны Кастрычнік» і «Чырвоны прамень», працавалі 3 ветракі, гамарня.

У Вялікую Айчынную вайну ў час падрыхтоўкі і правядзення аперацыі «Баграціён» у сувязі з вялікай працягласцю лініі фронту былі створаны два дапаможныя пункты кіравання войскамі Першага Беларускага фронта. Адзін з іх знаходзіўся ў вёсцы. 5 чэрвеня 1944 года ў вёсцы камандаванне абмяркоўвала становішча на правым флангу фронта і мерапрыемствы, звязаныя з падрыхтоўкай наступлення. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 188 жыхароў вёскі. У памяць пра загінуўшых у скверы 1957 годзе ўсталявана скульптура салдата.

У 1959 годзе цэнтр саўгаса «Дуравіцкі». Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, швейная майстэрня, 2 крамы.

Да 1 снежня 2009 года Дуравіцкі сельсавет быў скасаваны, і Дуравічы перайшлі ў склад Акцябрскага сельсавета[2].

Насельніцтва

  • 1858 год — 42 двары, 307 жыхароў.
  • 1897 год — 93 двары, 651 жыхар (паводле перапісу); у фальварку 28 жыхароў.
  • 1909 год — 108 двароў, 757 жыхароў; у фальварку 36 жыхароў.
  • 1959 год — 903 жыхара (паводле перапісу).
  • 1997 год — 710 жыхароў, 287 двароў[3].
  • 2004 год — 225 гаспадарак, 638 жыхароў.

Славутасці

  • Археалагічны комплекс: курганны могільнік і селішча перыяду сярэдневякоўя (XXIII стагоддзі), за 0,9 — 1,4 км на поўнач — паўночны захад ад паўночна-заходняй ускраіны аграгарадка — Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр шыфр

Вядомыя ўраджэнцы

  • Мікола Калядны (нар. 1956) — беларускі пісьменнік, літаратурны крытык, публіцыст.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об изменении административно-территориального устройства Буда-Кошелевского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 277 Архівавана 29 кастрычніка 2013. (руск.)
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 261.

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Ліст карты N-36-110. Выданне 1079 г. (руск.)
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Гомельская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — С. 18. — 68 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-107-5. (руск.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be