Ельск
Ельск[2] (трансліт.: Jeĺsk) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ельскага раёна. За 177 км на паўднёвы захад ад Гомеля. Чыгуначная станцыя знаходзіцца на лініі Калінкавічы — Оўруч (Украіна). Аўтамабільнымі дарогамі горад звязаны з Мазыром, Оўручам, Нароўляй. Насельніцтва 9 084 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў XVI ст. у Мазырскім павеце ВКЛ, уладанне натуралізаваных выхадцаў з Францыі шляхціцаў Спадаў. У канцы XVII ст. маёнтак перайшоў ва ўласнасць сярэднезаможнага шляхецкага роду Аскеркаў.
У канцы XVIII ст. назва мястэчка Ельск была зменена Аскеркамі на Каралі́н. У 1775 на сродкі Казіміра-Мацея Антоніевіча Аскеркі, мазырскага маршалка (1768—1769) і мазырскага кашталяна (1793), у Караліне пабудавалі драўляную ўніяцкую (грэка-каталіцкую) царкву Прасвятой Тройцы, будынак якой складаўся з сістэмы зрубаў (пастаўленых на крыжы) і шатровай званіцы над уваходам; акрамя таго, у мястэчку дзейнічалі касцёл, яўрэйскі малітоўны дом. Каля 1784 гэтае мястэчка згадваецца ў сувязі з увядзеннем грашовага збору на праезд праз яго.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Каралін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Міхалкаўскай воласці Мазырскага павета. У 1795 тут было 24 двары, праз мястэчка праходзіў тракт з Рагачова ў Валынь, паштовая станцыя (8 экіпажаў). Пасля шлюбу ў 1773 Антаніны Аскеркі і паручніка пяцігорскай харугвы Алаіза Каралевіча Сулістроўскага апошні стаў за жонкай спадкаемцам Караліна. Сваяцкія сувязі з уплывовым родам рэгіянальнай эліты Мазырскага павета Аскеркамі прывялі да таго, што Сулістроўскі, які паходзіў з Ашмянскага павета, быў выбраны ў 1780 паслом на сойм ад Мазырскага павета. Хоць пазней Алаіз Сулістроўскі ўжо прызначаўся не на рэгіянальныя, а на агульнадзяржаўныя пасады — з 31 кастрычніка 1787 быў падстолім ВКЛ, з 25 снежня 1787 — вялікім пісарам ВКЛ, а з 30 красавіка 1791 яшчэ дадаткова і ашмянскім войскім.
Пасля смерці Алаіза Сулістроўскага ў 1796 маёнткам Каралін пачаў валодаць яго сын ад Антаніны Аскеркі пан Казімір Алаізавіч Сулістроўскі (1778—1818), які стаў літоўска-віленскім губернскім маршалкам (1809—1812) і мінскім губернатарам (1816—1818), асноўны родавы маёнтак якога (Шэметава) знаходзіўся ў Ашмянскім павеце Мінскай губерні. Казімір Сулістроўскі непасрэдна ў Караліне не жыў, а кіраваў маёнткам праз аканомаў. Пасля яго смерці спадчыннікамі маёнтка сталі яго дзеці — Аляксандр Казіміравіч Сулістроўскі (1807—1872), Антаніна Казіміраўна з Сулістроўскіх Снядэцкая (1805—1853) і Канстанцыя Казіміраўна з Сулістроўскіх Скірмунт (1808—1845), жонка Аляксандра-Ізідора Шыманавіча Скірмунта (1798—1870), вядомага прадпрымальніка і пінскага павятовага маршалка (1829—1835). Колькасць зямлі маёнтка Каралін паводле вымярэння землямерам Ігнатам Шамбурскім 21 мая 1829 складала 22 697 дзесяцін і 1 956 сажэняў (ці паводле «літоўскай меры» 1 144 валокі і 5 моргаў), а паводле 8-й рэвізіі ў 1834 налічвалася 567 душ мужскога пола і 596 жаночага. У прыватнасці маёнтак Каралін скаладаўся з мястэчка Каралін (111 мужскіх душ), вёсак Багуцічы (94 душы), Шаржын (92), Вішэнкі (56), Дабрынь (99), Каралінская Буда (30), Ільіна (37) і Усохі (7). А агульны прыбытак з маёнтка ў 1834 складаў 12 550 рублёў срэбрам: з продажу азімага і яравога хлеба, у прыватнасці вінакурэння — 7 600 рублёў, з вырабу смалы і іншых лясных прадуктаў — 3 000, з вышынку «гарачага віна» — 900, з млына — 90, з продажу жывёлы, кармлёнай на бардзе (г.зн. адходаў працэса вінакурэння) — 900. Гэта была тыповая спецыялізацыя гаспадаркі маёнткаў Мазырскага і Рэчыцкага паветаў у першай палове ХІХ ст. Пад складзеным апісаннем маёнтка ў 1834 падчас 8-й рэвізіі паставілі свае подпісы значныя сумежныя маянткоўцы — браты Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868), Станіслаў Ігнатавіч Горват і Аляксандр Ігнатавіч Горват, а таксама Людвік Рафалавіч Яленскі і Станіслаў Лянкевіч.
Канстанцыя Казіміраўна з Сулістроўскіх Скірмунт (1808—1845) у 1841 г. прадала маёнтак Каралін пану Даніэлю Ігнатавічу Горвату (1810—1868), уласніку маёнтка Нароўля ў Рэчыцкім павеце. З таго часу Каралін належаў Горватам да 1917. Афіцыйна пакупная на маёнтак была складзена толькі 15 снежня 1849. Менавіта пры гаспадарлівых Горватах Каралін атрымаў нябачны датуль росквіт. У 1842 уладальнік маёнтка Даніэль Горват пабудаваў новы будынак царквы, у ёй захоўваўся абраз Божай Маці. Па стану на 1850 г. маёнтак Каралін налічваў 21 977 дзесяцін і 1 326 сажэняў зямлі і 567 душ мужскога пола. У мэтах далейшага развіцця сваёй гаспадаркі Даніэль Горват аддае ў 1850 свае прыбытковыя маёнткі Нароўля і Каралін пад залогу санкт-пецярбургскаму банку (санкт-пецярбургскай ашчаднай казне) для атрымання крэдыта — 35 630 рублёў за Нароўлю і 39 690 рублёў за Каралін. Пазней крэдыт быў паспяхова выплачаны, а гаспадарка атрымала планаваны штуршок.
Станам на 1886 у Караліне або Ельску (значыцца пад абедзьвюма назвамі) было 44 двары, працавалі вінакурны завод (бровар), тры крамы, школа; дзейнічала царква. У 1873 адкрылася чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Оўруч. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку было 45 двароў, царква, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, народная вучэльня, паштовая станцыя, 9 крамаў, карчма. На 1908—167 двароў. У 1915 расійскія улады перайменавалі паселішча ў Мікалаеў, але назва не прыжылася. У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 мястэчка займалі нямецкія войскі. У гэты час местачкоўцы звярнуліся з просьбай вярнуць паселішчу назву Ельск.
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Каралін увайшоў у склад Беларускай ССР. Станам на 1921 год тут было 400 двароў, станцыя, цагельня, кравецкая, шавецка-футравая і дрэваапрацоўчая майстэрні, лесапільня, паравы млын з крупарушкай.
З 1924 года цэнтр Каралінскага раёна, з 1931 года — Ельскага раёна. 5 лютага 1931 года назва мястэчка была зменена на Ельск. 27 верасня 1938 года паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу.
У Другую сусветную вайну з 23 жніўня 1941 да 11 студзеня 1944 Ельск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1953 годзе каля мястэчка атрымалі першы паток нафты ў колькасці 16,5 тон і 945 м³ газу. У 1954 годзе Ельск увайшоў у склад Гомельскай вобласці. 5 ліпеня 1971 года Ельску нададзены статус горада[4].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1897 — 600 чал.[5]
- XX стагоддзе: 1939 — 3,9 тыс. чал.[5]; 1971 — 6,7 тыс. чал.[5]; 1995 — 11,3 тыс. чал.[5]
- XXI стагоддзе: 2006 — 9,8 тыс. чал.; 2008 — 9,6 тыс. чал.; 2016 — 9 262 чал.[6]; 2017 — 9 084 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца.
Культура
Славутасці
- Свята-Троіцкая царква (1769—1780), вул. Ленінская, 3 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000281шыфр 312Г000281
- Брацкая магіла савецкіх воінаў (1943), за 2 км на ўсход ад горада, каля шашы Мазыр — Оўруч — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр шыфр
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан (1941—1944), гарадскія могілкі — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр шыфр
- Помнік ахвярам XX стагоддзя
Вядомыя асобы
- Георгій Віктаравіч Дашкевіч (нар. 1946) — беларускі палітык.
- Канстанцін Афанасьевіч Бачкоў (нар. 1950) — вучоны ў галіне аўтаматыкі і тэлемеханікі на чыгуначным транспарце.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 5 ліпеня 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Ельск Ельскага раёна Гомельскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1971, № 20 (1322).
- 1 2 3 4 Беларусь, 1995
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.
- Ельск // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 300. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ельск
- Геаграфічныя звесткі па тэме Ельск на OpenStreetMap
- Ельск на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гомельскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Ельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Гомельскай вобласці Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Ельскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ельскага раёна Катэгорыя·Раёны Гомельскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1931 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1938 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1977 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Гомельскай вобласці Катэгорыя·Сельсаветы Ельскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.