Калінкавічы
Калі́нкавічы[2] (трансліт.: Kalinkavičy) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Калінкавіцкага раёна. Размешчаны за 122 км ад Гомеля, за 275 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Брэст, Оўруч (Украіна) і аўтамабільных дарог на Гомель, Парычы, Жыткавічы, Оўруч. Насельніцтва 40 315 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Старажытнасць
Выяўленыя археолагамі гарадзішчы бронзавага і ранняга жалезнага вякоў, а таксама эпохі Кіеўскай Русі сведчаць пра засяленне мясцовасці ў далёкай старажытнасці.
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча сустрэты ў апісанні Мазырскага замка 1552 года. Прычым Каленікавічы[upper-alpha 1] ў гэтай крыніцы разам з Гулевічамі і Пуцілавічамі, відавочна, з-за малалюднасці, названыя як адно сяло Айцючыцкай (Аўцюцевіцкай) нядзелі[upper-alpha 2] Мазырскай воласці[5]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, былі вызначаны межы і працягласць уздоўж і ўпоперак грунтоў сяла Гулевічы і Каленкавічы[6]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Каленкавічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 30 чэрвеня і 22 жніўня 1582 года вёска згаданая ў справе размежавання ўгоддзяў Мазырскага[upper-alpha 3] староства і добраў Гарбавічы, падараваных на вечнасць каралём Стэфанам Баторыем пану Стэфану Лавейку, суддзі земскаму мазырскаму[8]. 18 мая 1657 года кароль Ян Казімір, па смерці ўдавы Крыстыны з Швыкоўскіх Тышкевічавай, перадаў у трыманне вёскі Гулевічы (Hulewicze) і Каленкавічы (Kolekiewicze) паручніку Канстанціну Катоўскаму, але ўжо 22 жніўня тыя добры (Kalenkiewicze i Ole[je]wicze) атрымаў Уладзіслаў Шмелінг[9].
Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[10]. У 1789 годзе ў складзе яго, прыналежнага панам Аскеркам, названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[upper-alpha 4][11]. 16 мая 1774 г. складзены акт размежавання вёсак Гулевічы і Каленкавічы. У 1778 г. цэнтр Каленкавіцкага прыхода; у сяле 25 хат.
У складзе Расійскай імперыі
З 1793 г., пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі, мястэчка Рэчыцкага павета, да 1805 г. належала князю Шахоўскаму. У 1795 г. мястэчка Старыя Каленкавічы (35 двароў) і в. Новыя Каленкавічы, на паштовым тракце Бабруйск — Мазыр. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Каленкавіцкага казённага маёнтка была ўтворана воласць[upper-alpha 5] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 1 333 дзяржаўных селяніна, 2 аднадворцы, 215 яўрэяў, 14 пасяленцаў «разного звания»[12]. У 1856 г. узведзены будынак Мікалаеўскай царквы (у ёй захоўваліся метрычныя кнігі з 1827 г.). У 1864 г. адкрытае народнае вучылішча. У 1866 г. налічвалася 100 двароў. Памешчык Галалобаў у 1876 г. меў у наваколлях 71 дзесяціну зямлі, крупарушку. Са здачай у эксплуатацыю ў 1886 г. чыгункі Лунінец — Гомель пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. Паводле перапісу 1897 г. мястэчка ў Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Былі 2 майстэрні па апрацоўцы скураў, завод колавай мазі, 27 лавак, 3 карчмы, 3 пастаялыя двары. У сяле Каленкавічы ў гэты час былі царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка. У 1916 г., калі закончылася будаўніцтва чыгункі Жлобін — Оўруч, Каленкавічы сталі важным транспартным вузлом.
Найноўшая гісторыя
У красавіку 1917 г. створаны валасны Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З красавіка 1919 г. у Рэчыцкім павеце Гомельскай губерні.
З сакавіка да пачатку ліпеня 1920 года Калінкавічы заняты польскімі войскамі.
З мая 1923 г. да красавіка 1924 г. цэнтр Каленкавіцкай воласці, у склад якой увайшлі тэрыторыі скасаваных Аўцюцевіцкай і Дудзіцкай валасцей.
З ліпеня 1924 г. у складзе БССР. З 1925 г. горад. У 1924—1930 гг. цэнтр раёна. У 1920—1930 гг. дзейнічала рамеснае таварыства, працавалі паравы млын з лесапільняй, бачарня, кузня, электрастанцыя, цагельня, ткацкая, шавецкая, кравецкая майстэрні, тэлефонная станцыя. З лютага 1938 г. у Палескай вобласці. З 1939 г. — цэнтр раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны акупаваныя нямецка-фашысцкімі войскамі. Найменне «Калінкавіцкіх» прысвоена 21-й часці і злучэнню. Адна з вуліц горада носіць імя генерала-палкоўніка П. А. Бялова, кавалерыйскі корпус якога ўдзельнічаў у вызваленні Калінкавічаў. Усталяваныя помнікі на брацкіх магілах, помнік-танк у гонар вызвалення горада, мемарыяльны знак на могілках ахвяраў фашызму. З студзеня 1954 г. у Гомельскай вобласці. У 1961 годзе на тэрыторыі знойдзены Калінкавіцкі скарб. З сакавіка 1963 г. горад абласнога падпарадкавання. Працуюць мясакамбінат, хлебазавод, фабрыкі мэблевая і побытавай хіміі, Палескі хімлясгас, камбінат хлебапрадуктаў, іншыя прадпрыемствы і ўстановы. У канцы 1993 г. у горадзе адкрытая царква ў імя Казанскай Багародзіцы. З 1994 г. працуе Калінкавіцкі краязнаўчы музей.
Насельніцтва
- XXI стагоддзе: 2004 год — 37,9 тыс. чал.; 2006 год — 37,7 тыс. чал.; 2008 год — 38,1 тыс. чал.; 2016 год — 39 890 чал.[13]; 2017 год — 40 315 чал.[3]
Рэлігія
- Троіцкі касцёл (1997—2001)
- Сабор у гонар Казанскага абраза Маці Божай (1993)
- Свята-Успенская царква (1964)
Эканоміка
Прадпрыемствы хімічнай, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Дружба».
Культура
Калінкавіцкі дзяржаўны краязнаўчы музей.
Спорт
Вядомыя асобы
- Марыя Софія Ануфровіч-Плоская (1862—1922) — польская рэвалюцыянерка.
- Віталь Міхайлавіч Воўк — беларускі дзяржаўны дзеяч, міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь у 2014—2018 гг.
- Пётр Альбінавіч Красачка (нар. у 1958) — вучоны ў галіне ветэрынарыі і жывёлагадоўлі.
- Сямён Абрамавіч Ляльчук (1918—1941) — яўрэйскі паэт.
- Раман Іванавіч Петрушэнка — беларускі спартсмен.
- Барыс Ісаевіч Пурыс (нар. 1937) — вучоны ў галіне гідрадынамікі.
- Аркадзь Ліцмінавіч Пярцоўскі — беларускі хімік-аналітык.
- Вячаслаў Аляксеевіч Савянкоў (нар. 1955) — беларускі архітэктар.
- Дзмітрый Іванавіч Сергіевіч — беларускі пісьменнік.
- Уладзімір Ільіч Сямашка — беларускі дзяржаўны дзеяч.
- Ігар Паўлавіч Таўтын (нар. 1971) — беларускі палітык.
- Леанід Давыдавіч Камінскі (нар. 1931) — савецкі графік.
Заўвагі
- ↑ Гэтая, найбольш ранняя форма назвы, Калениковичи, пераконвае, што яна паходзіць ад імя Каленік. У наступнай польскамоўнай згадцы 1560 г. літара і ўжо адсутнічае — Kalenkowicze.
- ↑ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялілася воласці, як даводзілася несці замкавую службу, выконваць работы на карысць замку. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці[4].
- ↑ Укладальнікі калінкавіцкай кнігі «Памяць», змясціўшы ўрывак з адказу сужэнства Рафала і Марыі Аскеркаў, зусім недарэчна датавалі яго 1582 годам. Сёння тое можна прачытаць і ў энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». На самой жа справе стражнік польны літоўскі Рафал Міхал, сын Яна Мікалая, Аскерка, жанаты з Марыяй, дачкой яго дзядзькі старосты багрымавіцкага Антонія Яўхіма Аскеркі, нарадзіўся каля 1761, а спачыў у 1818 годзе[7]; па бацьку валодаў, акрамя іншага, і Гарбавічамі. Пра Багрымавіцкае староства на 1560 год запісана ў «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», але яго ў XVI ст., а магчыма, у адрозненне ад Загальскага, і на працягу большай часткі XVII ст. яшчэ не было. У дакуменце Аскеркаў староства адвольна названа таксама Каленкавіцкім, бо менавіта Каленкавічы мелі агульную мяжу і адпаведныя праблемы з Гарбавічамі ды непасрэдную сувязь з большасцю паселішчаў староства. Аднак, відавочна, на думку тагачасных урадоўцаў, Багрымавічы, якія здаўна атачалі шляхецкія маёнткі, мусілі і надалей заставацца намінальным цэнтрам каралеўшчыны, што складалася з двух анклаваў.
- ↑ На карце Вялікага гістарычнага атласа Беларусі пазначаныя яшчэ Рудзенкі, а таксама ўдакладнена, што Буда тая — Смольгаўская (Смаглаўская?).
- ↑ Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу.
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190
- ↑ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 635—636
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 477, 481—482
- ↑ Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. — Poznań, 1882. Rocznik IV. S. 204, 205; Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 206, 208; Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С.Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 329, 330, 332
- ↑ Памяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск: Ураджай, 1999. С. 53
- ↑ Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 102
- ↑ Насевіч, Вячаслаў. Мазырскае стараства. // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: К — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. С. 259—260
- ↑ Сьпіс паселішчаў Мазырскага павету на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789
- ↑ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 6
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Калінкавічы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Калінкавічы на OpenStreetMap
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Калінкавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.