wd wp Пошук:

Забрэззе

Забрэ́ззе[1] (трансліт.: Zabrezzie, руск.: Забрезье) — вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Гародзькаўскага сельсавета. Насельніцтва 196 чалавек (2020). Знаходзіцца за 12 км на паўночны захад ад Валожына, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Валожын.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню паселішча згадваецца ў XV ст. пад назвай Забераж як радавое ўладанне Забярэзінскіх і Дарагастайскіх. У 1456 годзе Забярэзінскія збудавалі тут касцёл. У 2-й палове XVI—XVII стагоддзях маёнтак знаходзіўся ў валоданні Збаражскіх, Слушкаў, Коцелаў, Кішкаў.

У канцы XVI ст. паселішча значыцца як Забярэззе. На 1626 год тут было 70 двароў, касцёл, царква Святога Спаса, карчма. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) быў знішчаны тутэйшы касцёл, адноўлены ў 1695 годзе. 3 2-й паловы XVIII стагоддзя мястэчкам валодалі Комары.

Расійская імперыя

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Забрэззе апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ашмянскім павеце. У канцы XIX ст. у мястэчку было 8 двароў, царква, касцёл, капліца, багадзельня, школа. У пачатку XX ст. у Забрэззі дзейнічалі царква і касцёл, правацавала народная школа.

У Першую сусветную вайну (1915—1918) праз Забрэззе праходзіла лінія фронту, у лютым 1918 года мястэчка занялі войскі Германскай імперыі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Забрэззе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Забрэззе апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Валожынскім павеце Віленскага ваяводства.

У 1939 годзе Забрэззе ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Вялікая Айчынная Вайна

У вёсцы Забрэззе перад вайной яўрэі складалі значную частку насельніцтва. У першыя ж дні пасля акупацыі фашысты сагналі яўрэяў у гета, тэрыторыя якога была абнесена дашчаным плотам і некалькімі радамі калючага дроту. Яўрэям пад страхам смерці забаранялася з’яўляцца без апазнавальнага знака — прышытай на вопратку латы.

Над вязнямі бяскарна здзекаваліся. Напрыклад, часта гітлераўцы і паліцаі пад гукі музыкі выганялі яўрэяў з гета, прымушалі ўстаць на карачкі і ў такім выглядзе гналі на поле, дзе прымушалі зубамі выскубаць траву і выдзіраць дзёран, а таксама піць з лужын брудную ваду. Тых, хто адмаўляўся гэта рабіць, збівалі да смерці бізунамі і дубінкамі.

Зімой 1942 года вязняў гета замкнулі ў хляве, які аблілі бензінам, і спалілі жыўцом. Тых, хто спрабаваў выбрацца з агню, расстрэльвалі. Усяго ў гэты дзень было знішчана і спалена жыўцом каля 180 яўрэяў. Выратавацца ў Забрэззі здолелі толькі некалькі юнакоў і дзяўчын, якія ўцяклі з гета і далучыліся ў лесе да партызанаў. Старым людзям ісці было няма куды, і немцы, разумеючы гэта, нават адпускалі іх з гета падхарчавацца, калі за некалькі дзён перад знішчэннем гета трымалі вязняў зусім без ежы. Яўрэі ішлі, а потым пакорна вярталіся чакаць смерці ў вялікае гумно, у якім іх і спалілі.

У 1946 годзе ў цэнтры вёскі, у 100 метрах ад сельсавета, на брацкай магіле 180 яўрэяў быў усталяваны помнік. Апублікаваны няпоўныя спісы забітых яўрэяў Забрэззя.

Пасляваенны час

На 1971 год тут было 185 двароў, на 1993 год — 187. У 1999 годзе быў пабудаваны новы каталіцкі храм.

30 кастрычніка 2009 года ў сувязі з ліквідацыяй Забрэзскага сельсавета вёску перадалі ў склад Гародзькаўскага сельсавета.

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1869 год — 57 чал.[2]; 1895 год — 127 чал. (80 праваслаўных, 7 каталікоў і 40 іўдзеяў) у мястэчку Забрэззе і 85 чал. (80 праваслаўных і 5 каталікоў) у вёсцы Забрэззе[3].
  • XX стагоддзе: 1901 год — 274 чал.; 1921 год — 306 чал.; 1971 год — 581 чал.; 1993 год — 443 чал.[4]; 1997 год — 423 чал., 1999 — 398 чал.
  • XXI стагоддзе: 2006 год — 309 чал.; 2010 год — 258 чал.; 2020 год — 196 чал.

Інфраструктура

У 2007 годзе ў Забрэззі была закрыта школа. Вучні былі пераведзеныя ў Гародзькаўскую сярэднюю школу. Забрэзская бібліятэка перастала існаваць у 2015 годзе. На сённяшні дзень у вёсцы працуюць дзве крамы і пошта.

  • ПоштаПошта
  • КрамаКрама
  • АмбулаторыяАмбулаторыя
  • Канюшня на Гаспадарчым дварыКанюшня на Гаспадарчым двары
  • ЛазняЛазня
  • МлынМлын

Клімат

Клімат тут умераны, з цёплым летам і мяккай зімой. Сярэдняя тэмпература студзеня — мінус 6,8 °C, ліпеня — плюс 17,5 °C. Зімой паўднёвыя, а летам усходнія і паўночна-ўсходнія вятры. Сярэдняя хуткасць ветру 3 м/с. Гадавая колькасць ападкаў 550-650 мм.

Славутасці

  • Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (2000);
  • Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы (1866);
  • Забрэзскі валун, за 2 км на поўдзень ад вёскі — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння;
  • Забрэзскія могілкі (XVI cтагоддзе);
  • Помнік героям Вялікай Айчыннай Вайны
  • Гаспадарчы двор (XIX стагоддзе). Доўгі час на месцы двара былі руіны. Пасля таго, як гаспадарчы двор былой сядзібы і канюшня сталі ўласнасцю калгаса «ААТ ЛОСК», былі праведзены работы па рэканструкцыі збудаванняў. У 2014 годзе ў канюшні пачалі разводзіць коней. На сённяшні дзень большая частка збудаванняў выкарыстоўваецца ў якасці зернясклада.

  • Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (2000)Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (2000)
  • Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы (1866)Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы (1866)
  • Помнік героям Вялікай Айчыннай Вайны (1953)Помнік героям Вялікай Айчыннай Вайны (1953)
  • Гаспадарчы двор (ХІХ)Гаспадарчы двор (ХІХ)

Могілкі

Найстаражытнейшае цяпер вядомае пахаванне (27.01.1892)

Могілкі ў вёсцы Забрэззе заснаваныя ў XVI стагоддзі. Агульная плошча — 0,1 га.

Самае старажытнае цяпер вядомае пахаванне датуецца 27 студзеня 1892 года. Першапачаткова пахаванні былі выключна людзей каталіцкага веравызнання. У пачатку ХХ стагоддзя пахаванні узнаўляліся незалежна ад веравызнання. У часы СССР тэрыторыя могілак значна паменшылася. Умоўна тэрыторыя падзелена на тры часткі; больш старажытная (пахаванні да ХХ стагоддзя), ваенная (пахаванні ваеннага часу і салдат, якіх загінулі ВАВ), новае (пахаванні пасляваеннага і новага часу).

На могілках знаходзяцца пахаванні:

Страчаная спадчына

Рэшткі сядзібы
  • Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1695)
  • Сядзіба «Вялікі Двор» (XIX ст.)

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7. — С. 380.
  3. Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага, 1895
  4. ЭГБ, 1996

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Валожынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be