Калдычэва
Калдычэ́ва[1] (трансліт.: Kaldyčeva, руск.: Колдычево) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Гарадзішчанскага сельсавета. Размешчана за 18 км на поўнач ад Баранавіч, на шашы Баранавічы—Навагрудак, за 2 км ад р. Шчара.
Каля вёскі бярэ пачатак р. Шчара.
Гісторыя
Паводле пісьмовых крыніц Калдычэва вядома з пачатка 16 стагоддзя як маёнтак, які належаў Гаруновічам, потым Тактамышам. У 1567 годзе — уласнасць шляхцічаў Аляшкевіча, Ваўка, Скуратовічаў, васілевіча, Крывіпішчаў, якія выставілі ў тым жа годзе ў войска ВКЛ 8 коннікаў (па адным ад кожнага двара). Пазней маёнтак перайшоў ва ўладанне да князёў Ямбекавічаў, якія прадалі яго ў 1585 годзе Валовічам.
У сярэдзіне 17 стагоддзя Калдычэва — цэнтр воласці Навагрудскага павета.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, маёнтак у Гарадзішчанскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, у Гарадзішчанскай гміне.
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ў 1942 годзе стварылі тут лагер смерці для масавага знішчэння людзей. У ім утрымлівалася адначасова да 10 тысяч чалавек. Перад адступленнем у ноч на 30 чэрвеня 1944 года гітлераўцы расстралялі ўсіх, хто яшчэ заставаўся ў жывых, і ўзарвалі асноўныя памяшканні лагера. Усяго ў Калдычэўскім лагеры смерці загінулі больш за 22 тыс. чалавек.
Насельніцтва
- 22 жыхары (1897)
- 430 жыхароў (1939)
- 142 гаспадаркі, 398 жыхароў (1971)
- 107 гаспадарак, 164 жыхары (1998)
- 74 гаспадарак, 140 жыхароў (2005)
Інфраструктура
Працуе саўгасная сядзіба, ветэрынарны ўчастак, механічныя майстэрні, клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін.
Славутасці
- Помнікі на ўшанаванне памяці загінуўшых вязняў лагера смерці — скульптура смуткуючай жанчыны (на месцы былога лагера, 1964) і стэла (1964).
Вядомыя жыхары і ўраджэнцы
- Томаш Шалевіч — польскі грамадска-палітычны дзеяч, пасол Сойма IV склікання (1935—1938)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Калдычэва
- Вёска Калдычэва на Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Баранавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.