wd wp Пошук:

Навагрудак

Навагру́дак[2] (трансліт.: Navahrudak), мясцовае Нава́градак (польск.: Nowogródek; літ.: Naugardukas; ідыш: נאַוואַרעדאָק‏‎; старабел.: Новгородок Литовский) — горад ва ўсходняй частцы Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Навагрудскага раёна. На Навагрудскім узвышшы за 162 км на ўсход ад Гродна, за 22 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня на лініі ЛідаБаранавічы. Вузел аўтадарог. Насельніцтва 29 424 чалавекі (2018).

Назва

Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок і інш., сведчаць пра існаванне паблізу старога гарадскога цэнтра акругі, якім, магчыма, было цяперашняе гарадзішча Радагошча[3].

У старажытнай назве «Новъгородок» скланяліся абедзве часткі, у летапісах засведчаны словаформы Н Новъгородок, Р Новагородка, Д Новугородку, В Новъгородок, М (у) Новегородце, Новегородцэ, Новегородцы, ТК не сустракаюцца[4].

Мясцовы жыхары і цяпер ужываюць назву «Нава́градак»[5], асабліва людзі старэйшага ўзросту. Месца націску зафіксавана ў выданні «Трыбунала абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» (Вільня, 1586), дзе пазначана друкаваным спосабам «в Нова́городку»[5].

Цяперашняя афіцыйная назва «Навагру́дак» па сутнасці польская «Nowogródek» (чытаецца як «Новокгру́дэк»), вымаўляная на беларускі лад. Да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай справаводства на (стара)беларускай мове не ажыццяўлялася ўжо амаль сто гадоў. Расійскія ўлады засталі бягучую дакументацыю па-польску, таму назва, захаваўшы асноўныя рысы польскай фанетыкі, трапіла ў расійскія дакументы ў форме «Новогру́док». Пазней, ужо з расійскіх дакументаў, назва ў гэтай форме перайшла ў беларускае справаводства. Часам паходжанне назвы «Навагрудак» выводзяць ад «груд / груда / грудок» (камяк усохлай ці ўмёрзлай зямлі, або ўзгорак), што заснавана на народнай этымалогіі, але навуковага абгрунтавання не мае.

Сімволіка

Асноўныя артыкулы: Герб Навагрудка і Сцяг Навагрудка Герб Навагрудка зацверджаны 18 марта 1595 года каралём Жыгімонтам Вазам: «у чырвоным полі постаць арханёла Міхала ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай; у правай руцэ меч, у левай — шалі».

Сучасны герб і сцяг горада і Навагрудскага раёна зацверджаны Наваградскім райвыканкамам 16 мая 2001 года, афіцыйны блазон: «У чырвоным полі „барочнага“ шчыта фігура Св. Міхала Арханёла ў чорным панцыры з крыламі за спіной, які стаіць на зялёнай зямлі. У правай руцэ ў яго меч, у левай — шалі»[6].

Гісторыя

Ранні перыяд

Першую згадку Навагрудка ў пісьмовых крыніцах звычайна адносяць да 1044, 1116 і 1254 гадоў. Думку пра тое, што паведамленне з 1044 года пра будаўніцтва «новага горада» кіеўскім князем Яраславам і яго паход «на Літву»[7] адносіцца да Навагрудка, выказаў яшчэ В. Тацішчаў. Такое меркаванне заснавана на скажэнні, што з’явілася ў позніх Наўгародскім 4-м і Сафійскім 1-м летапісах пад 1044 годам: «ходи Ярослав на Литву, а на весну заложил Новгород и сделал и»[8][9]. У арыгінале, ранейшым і паўнейшым Наўгародскім 1-м летапісе старэйшага ізводу, гэтае месца даецца як «В лето 6552 [1044]. Ходи Ярослав на Литву; а на весну же Володимир заложи Новъгород и сдела его»[10]. Таму можна сцвярджаць, што паведамленне 1044 года адносіцца да будаўніцтва новых умацаванняў у Ноўгарадзе[11]. Паводле матэрыялаў археалагічных даследаванняў, славянскае паселішча на месцы Навагрудка ўзнікла ў канцы X ст., а ўмацаванні да сярэдзіны XI ст.[12] Тым часам Замкавая гара была яшчэ адным цэлым пагоркам. Пэўна не вядома, ці ўся яе пляцоўка была абнесана ўмацаваннямі, або дзядзінец займаў толькі частку, а астатняя была пасадам. У XII ст. горад складаўся ўжо з дзядзінца і вакольнага горада[13]. На думку А. Назаранкі, не пазней за 1141 год Навагародак стаў адным з удзелаў Гарадзенскага княства. Першым князем быў адзін з сыноў гарадзенскага князя Усеваладкі, напэўна, Барыс або Глеб. Пры іх пабудавана Барысаглебская царква. Пад 1237 годам згадваецца навагародскі князь Ізяслаў, залежны ад галіцкага князя Данілы.

Час Вялікага Княства Літоўскага

У гэты перыяд горад зведаў напады ардынцаў і галіцка-валынскіх князёў (1255, 1274, 1278), ордэнцаў (1314, 1321, 1341, 1390, 1394), крымскіх татараў (1505—1506), маскоўцаў (1518, 1534).

У канцы 1240-х — пачатку 1250-х гадоў Навагародак перайшоў пад уладу літоўскага князя Міндоўга, саюзніка галіцкага князя Данілы. Акалічнасці пераходу не вядомы, напэўна, горад быў адной з галоўных рэзідэнцый Міндоўга, а намеснікам там яго сын Войшалк. Такім чынам, Навагародак быў буйнейшым і адным з асноўных цэнтраў дзяржавы часу яе ўтварэння. Спрэчкі паміж Міндоўгам і яго родзічамі, якія знайшлі прытулак у галіцкага князя Данілы, сталі прычынай вялікай вайны з Галіцка-Валынскім княствам і вымусілі Міндоўга да саюзу з Лівонскім ордэнам.

У 1252 годзе Міндоўг разам з жонкай Мартай ахрысціліся паводле каталіцкага абраду і ў 1253 годзе каранаваны ад імя Папы Інакенція IV. Паводле адной з версій Мацея Стрыйкоўскага, каранацыя адбылася «ў полі за Наваградкам», што часта дае падставу лічыць горад першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, аднак, няма пэўнасці ці была сталіца ў тагачаснай дзяржаве наогул. З гэтымі падзеямі часта звязваюць знойдзены ў Наваградку рэдкі артэфакт — гэтак званы «Келіх Ядвігі»[en]. Выказвалася думка, што кубак падораны Папам або нейкім манархам і быў каранацыйнай інсігніяй Міндоўга, што ў сваю чаргу падаецца аргументам за Наваградак як месца каранацыі. Кубак, аднак, знойдзены ў комплексе жылога дома, які функцыянаваў у другой палове XII ст.

У 1254 годзе Міндоўг заключыў мір з Галіцка-Валынскім княствам, паводле якога Войшалк пайшоў у манастыр, а Навагародак перададзены князю Раману Данілавічу. Неўзабаве Войшалк заснаваў паблізу Наваградка ўласны манастыр, цяпер вядомы як Лаўрышаўскі. Пасля разрыва міру (1258) Войшалк выйшаў з манастыра і зноў княжыў у Наваградку. У 1260 годзе Міндоўг вярнуўся да язычніцтва[14]. Пасля забойства Міндоўга восенню 1263 года, вялікім князем стаў Войшалак, але неўзабаве памёр, перадаўшы Навагародак і ўсю дзяржаву князю Шварну Данілавічу. Памяць пра Міндоўга ў сучасным Навагрудку — Гара Міндоўга, нібыта месца яго пахаваня.

У 1274 годзе галіцкі князь Леў Данілавіч з татарскім атрадам Ягурчына захапіў і спаліў пасад Наваградка, але замка ўзяць не здолеў. У 1314 годзе пасад спаліла ордэнскае войска пад камандаваннем вяліка магістра Генрыха фон Плоцке, але замка ўзяць не здолела. З 1316 года Навагрудак цэнтр самастойнай Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву ВКЛ і Галіцыі[15]. У 1323 годзе вялікі князь Гедзімін пабудаваў у горадзе францысканскі касцёл. 3 1329 года Наваградак сталіца ўдзельнага княства Карыята Гедзімінавіча, у яго часы Замкавая гара была разрэзана ровам на дзве часткі — Замкавую і Малы Замак, напэўна, каб будаваць каменныя ўмацаванні меншага перыметру. Пасля 1358 года Наваградак удзел Фёдара Карыятавіча. Каля 1364 года княства падзелена паміж вялікімі князямі Альгердам і Кейстутам. З 1386 года было адным з удзелаў Карыбута-Дзмітрыя Альгердавіча. У 1391 годзе ордэнскія войскі пад кіраўніцтвам вялікага магістра Конрада фон Валенродэ спалілі Наваградак, але замка ўзяць не здолелі. 3 1392 года Навагрудак перайшоў у дамен вялікіх князёў літоўскіх. У 1394 годзе ордэнцы зноў прыходзілі пад горад, наваградцы самі спалілі пасад, а замак ордэнкія войскі ўзяць не здолелі.

У канцы XIV — пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт пасяліў у ваколіцах Навагрудка татар. У 1415 годзе ў Навагрудку на саборы праваслаўных епіскапаў мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі быў абраны Рыгор Цамблак. Сабор дэ-факта абвясціў аўтакефалію праваслаўнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама рэфармаваў яе ўнутраны парадак. Праз татарскую пагрозу Кіеву, Наваградак абраны рэзідэнцыяй мітрапалітаў Кіеўскіх і ўсяе Русі, мітрапалічы палац месціўся супраць саборнай Барысаглебскай царквы. У 1422 годзе ў Навагрудку ў заснаваным Вітаўтам фарным касцёле адбыўся шлюб польскага караля Ягайлы і княжны Соф’і Гальшанскай, даўшы пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 годзе вялікі князь Вітаўт запісаў княства ў вена сваёй жонцы Ульяне. У 1444 годзе вялікі князь Казімір Ягелончык даў Наваградскай зямлі земскі прывілей.

У 1504 годзе у Наваградку сабраліся Паны-Рада, гэтым часам пад горад з’явіліся татарскія загоны, спаліўшы перад тым Слуцк, абарону ўзначальваў наваградскі намеснік Альбрэхт Гаштольд і гараднічы Маскевіч. Урэшце татар адагналі і разбілі каля Прыпяці Станіслаў Кішка, Альбрэхт Гаштольд, Юрый Неміровіч і князь Сямён Алелькавіч. У студзені 1507 года ўтворана Новагародскае ваяводства ў складзе Навагрудскага, Слонімскага і Ваўкавыскага паветаў, навагрудскаму ваяводу як ваеннаму кіраўніку падначальвалася таксама Слуцкае княства. На сойме ў Берасці 26 ліпеня 1511 года вялікі князь Жыгімонт Стары даў Навагрудку прывілей на магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595 і 1776). У 1568 горадзе ў горадзе было 10 цэркваў. У XVI ст. Навагрудак адзін з цэнтраў Рэфармацыі, у сярэдзіне XVI ст. у заснаваны кальвінісцкі збор.

ВКЛ у перыяд Рэчы Паспалітай

У гэты перыяд горад моцна пацярпеў ад ваенных дзеянняў Казацкай вайны (1648), вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў (1655—1661), Паўночнай вайны (1706). Таксама ў XVI—XVIII ст. Навагрудак некалькі разоў пацярпеў ад пажараў (1578, 1599, 1613, 1652, найбольш моцны ў 1751) і эпідэмій (1590, 1592, 1603, 1708, найбольш спусташальная — халера 1710). Ваенныя і іншыя бедствы прычыніліся палітычнаму і эканамічнаму заняпаду Навагрудка.

3 1581 года ў Наваградку кожныя два гады (на перамену з Менскам) праходзілі сесіі Трыбунала ВКЛ, так званыя «рускія» кадэнцыі, што спрыяла развіццю горада. У 1595 годзе зацверджаны герб Навагрудка. Пасля Берасцейскай уніі (1596) мітрапаліцкая кафедра стала ўніяцкай. У 1597 годзе Жыгімонт Ваза даў Навагрудку прывілей на 2 кірмашы штогод па 2 тыдні на каталіцкія святы Трох Каралёў і Троіцы.

У часы развіцця рэфармацыі Наваградак быў сведкам публічных дэбатаў католікаў і уніятаў з арыянамі (1609) і кальвіністамi (9 студзеня 1616 года, езуіт з Нясвіжа кс. Бенедыкт Брэвілій дыспутаваў з пастарам Янам Зыгровіям). Аднак, у 1618 годзе закрыты кальвінісцкі збор. У 1620-я гады ў фарным касцёле наваградскі кашталян Ян Рудаміна паставіў помнік дзевяцём таварышам, загінулым у бітве пад Хоцінам (1621).

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Наваградак 16 верасня 1655 года захоплены рускімі войскамі пад камандаваннем князя А. М. Трубяцкога, акупацыя доўжылася шэсць гадоў. У 1661 годзе у сувязі з ваенным спусташэннем горад вызвалены ад падаткаў на 4 гады. Пасля гэтай вайны ў іезуіцкім касцёле на плошчы Рынку ў Наваградку з’явілася цудатворная ікона візантыйска-рускага паходжання, якая праславілася шматлікімі сцаленнямі, апісанымі ў адмысловай кнізе (Вільня, 1673)[16].

У Паўночную вайну 1700—1721 гадоў Навагрудак у 1706 годзе заняты шведскімі войскамі, якія разбурылі замак.

Перад 1773 годам у Навагрудку 3 уніяцкія царквы, 5 касцёлаў, 6 манастыроў, сінагога, мячэць. Архітэктурнымі дамінантамі былі касцёлы і цэрквы — езуітаў, боніфратраў (фундатар Казімір Леў Сапега), базыліянак пры царкве Барыса і Глеба (фундатар — падкаморы Адам Храбтовіч), перабудаваная ўніяцкая на замку (фундатар Юзаф Ябланоўскі), францысканцаў, дамініканак (фундацыі Радзівілаў) i дамініканаў (фундатар — Крыштаф Хадкевіч).

Моцна спутошыў горад пажар 1 мая 1751 года, згарэла 167 дамоў, 4 касцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы. З 1775 года сесіі Трыбунала ВКЛ перанесены ў Гродна, бо Наваградак пасля спусташальнага пажару 1751 года не мог забяспечваць іх правядзенне.

23 верасня 1784 года, падчас сваёй паездкі ў Нясвіж, Наварудак наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, ён аглядзеў руіны замка, суд, яўрэйскую школу і гарадскі архіў.

Час Расійскай імперыі

Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 года Навагрудак ў складзе Расійскай імперыі, з 1801 года цэнтр павета Гродзенскай губерні.

Падчас руска-французскай вайны 1812 года ў Наваградку спыняўся штаб Жэрома Банапарта, горад быў цэнтрам тылавога забеспячэння французскай арміі. З навагрудскай шляхты сфарміраваны 19-ы драгунскі полк французскай арміі. У вайну горад моцна пацярпеў, станам на 1817 год ў ім толькі 1600 жыхароў, 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.

Падчас паўстання 1830—1831 гадоў навагрудскі павятовы маршалак Юзаф Кашыц, уласнік маёнтка Ятра, зняў з сябе прысягу расійскаму імператару і далучыўся да паўстання. У Наваградак зайшлі два эскадроны 13-га уланскага палка Дэмбінскага, якія папоўніліся мясцовымі людзьмі. Паўстанцаў вітаў ксёнз Д. Тускі. Пасля задушэння паўстання ў Гродне створана губернская камісія па секвестры маёмасці паўстанцаў, на скарб былі забраныя маёнткі Стэфана Незабытоўскага Пяшчанка (каля Свіцязі), Белапятровіча Брацянка (каля Навагрудка), Кашыца Ятра і іншыя.

З 1842 года цэнтр павета Мінскай губерні.

Падчас паўстання 1863—1864 гадоў рух супраціву ў Наваградку ўзначаліў вольнапрактыкуючы ўрач Уладзіслаў Борзабагаты, старэйшы сын Канстанцiна Борзабагатага, уласніка маёнтка Рутка. Цывільным начальнікам павета стаў памешчык Канстанцін Кашыц, ваенным начальнікам — падпалкоўнік генеральнага штаба Станіслаў Алендскі. Для зручнасці кіравання паўстанцы змянілі адміністратыўны падзел — Навагрудскі павет далучылі да Віленскага ваяводства. Сабраныя паўстанцамі сілы былі разбіты часцямі рэгулярнай расійскай арміі пад камандаваннем палкоўніка А. Чартова. Паводе загаду віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва 26 чэрвеня 1863 года ў Навагрудку публічна расстраляны Адам Пуслоўскі — 21-гадовы паўстанец, адзіны сын ўласнікаў маёнтка Сенна. Жанчын, якія пасля расстрэлу прыйшлі да касцёла ў чорных строях, за праяву жалобы аштрафавала паліцыя. Пасля задушэння паўстання ў Наваградку і павеце агулам было асуджана і саслана ў Сібір 350 чалавек, у большасці з іх канфіскавана маёмасць[17]. Ваенна-палявы суд прызнаў сярод завадатараў Мікалая Дубічынскага, ваеннага ўрача Зянона Навадворскага і ксяндза Феліцыяна Лашкевіча. Рэакцыя імперскіх уладаў праявіліся і ціскам на асвету — у 1868 годзе гімназія заменена на чатырохкласную школу.

У канцы XIX ст. у горадзе каля 12 тыс. жыхароў. Найважнейшай падзеяй эканамічнага жыцця заставалася ярмарка 19 сакавіка, на якой прадавалі коней і быдла. Таксама адбываліся гэтак званыя кантракты (з’езды ў пэўны час года для ўпарадкавання спраў куплі і продажу зямлі, іпатэкі, пазыкаў, выплатаў і інш.). Кантракты на Літве адбываліся ў Вільні, Менску і Наваградку. Палітычны дзеяч і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі ўспамінаў як даведаўся пра паўстанне Т. Касцюшкі: «Я быў у Наваградку ў Літве падчас кантрактаў, калі ў ноч на 30 сакавіка 1794 года мяне пабудзіў кур’ер…».

Падчас 1-й сусветнай вайны, 22 верасня 1915 года Навагрудак занялі часці 10-й нямецкай арміі. Горад працяглы час быў прыфронтавым, расійска-нямецкі фронт праходзіў за 20 км на ўсход — уздоўж Сэрвачы. Немцы пабудавалі ў Навагрудку электрычную станцыю, тэлефонныя лініі і сетку вузкакалейнай чыгункі, адкрылі школы.

У Навагрудку ў доме Міцкевіча размяшчаўся начальнік XVII рэзервовага армейскага корпуса, генерал пяхоты Рэйнхард фон Шэфер-Баядэль (Reinhard von Scheffer-Boyadel). Праз блізкасць да фронту ў горад прыязджалі сярод іншых маршал Паўль фон Гіндэнбург і баварскі кароль Людвіг III. 27 снежня 1918 года кавалерыя нямецкай арміі ўзяўшы вялікую кантрыбуцыю пакінула Навагрудак, вечарам гэта ж дня ў горад увайшлі бальшавіцкія войскі.

Час міжваеннай Польшчы

25 сакавіка 1918 года Навагрудак, як частка этнічнай тэрыторыі беларусаў, абвешчаны тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года паводле пастаноў з’езда КП(б) Беларусі горад абвешчаны тэрыторыяй БССР. 25 мая 1919 года адкрылася Навагрудская беларуская гімназія.

Пасля бою 18 красавіка 1919 года Наваградак заняла польская армія — падраздзяленні 2-га Ковенскага стралковага палка і два эскадроны 10-га ўланскага палка; абараняліся ў горадзе падраздзяленні Заходняй стралковай дывізіі, у складзе абодвух бакоў былі і мясцовыя людзі. Польскім часцям дасталіся склады з амуніцыяй і каля 300 палонных. Польска-бальшавіцкі фронт амаль на два месяцы спыніўся на лініі нямецкіх акопаў уздоўж Сэрвачы. 19 ліпеня 1920 года бальшавіцкія войскі зноў занялі Наваградак, але пасля паражэння ў Варшаўскай бітве адступілі і 1 кастрычніка 1920 года зноў прыйшла польская армія — 1-ы і 5-ы палкі Легіёнаў, 16-ы пяхотны полк і тры батарэі 1-га палка артылерыі Легіёнаў. Цывільныя ўлады на чале са старастам Юзафам Елінкам пачалі кіраваць горадам ад 3 лістапада 1920 года. Адным з першых захадаў новых уладаў было адкрыццё (11 студзеня 1921) Акруговага суда ў Наваградку ў будынку, дзе за імперскім часам мясцілася Наваградскае павятовае вучылішча.

Паводле Рыжскага міру (1921) у складзе Польшчы, дзе Наваградак быў найменшым ваяводскім горадам. Першы наваградскі ваявода (1921—1924) Уладзіслаў Рачкевіч, у 1939—1947 гадах выконваў абавязкі прэзідэнта Польшчы. 13 мая 1922 года Наваградак наведаў сын Адама Міцкевіча Уладыслаў Міцкевіч, а 30 кастрычніка 1922 года — Юзаф Пілсудскі. 1 лістапада 1922 года пасвяцілі адбудаваную фару. У 1920-я электрастанцыю перабудавалі пад гарадскі тэатр. Горад прымаў таксама прэзідэнтаў Польшчы Станіслава Вайцяхоўскага (Stanisław Wojciechowski, 25-27 мая 1924) і Ігнацыя Масціцкага (верасень 1929). У 1924—1937 гадах у Навагрудку месціўся штаб брыгады Корпуса аховы памежжа «Навагрудак».

У 1920—1930-я гады выходзілі больш за 10 перыядычных выданняў, у кастрычніку 1922 года пачалося выданне першай у Навагрудку беларускай газеты «Наша Бацькаўшчына». У 1924—1931 годах на Малым замку насыпаны курган у гонар Адама Міцкевіча, а 11 верасня 1938 года адкрыты яго дом-музей.

Станам на 1931 год у горадзе 1055 жылых будынкаў, 2 касцёлы, 2 царквы, 3 сінагогі, мячэць; працавалі 2 бальніцы, 7 гасцініц і 2 друкарні. Насельніцтва 10 тыс. чал., у тым ліку яўрэяў 50 %, палякаў 25 %, беларусаў 20 %, татараў і іншых — 5 % жыхароў.

Найноўшы час

Другая сусветная вайна для горада пачалася налётам савецкай авіяцыі 17 верасня 1939 года, самалёты скінулі ўлёткі на польскай мове з абяцаннем хуткага вызвалення «z pańskiego gniota» (ад панскага прыгнёту). З верасня 1939 года Навагрудак у складзе БССР, з 1940 — цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобласці. Прыход савецкай улады адзначыўся дэпартацыямі, у тым ліку сям’і графа Буцянёва-Храбтовіча са Шчорсаў[18].

Пасля нападзення 22 чэрвеня 1941 года Германіі на СССР нямецкімі бамбардзіроўкамі сярод іншага разбураны гандлёвыя рады на Рынку і палац Радзівілаў. Вермахт заняў горад 6 ліпеня 1941 года. Наваградак аднесены да акупацыйнай Генеральнай акругі Беларусь у складзе Рэйхскамісарыята Остланд.

Нацыстамі амаль адразу створана Навагрудскае гета. У сярэдзіне мая 1943 года вязні пачалі капаць падземны ход даўжынёй 250 метраў, якім 26 верасня 1943 года збегла 232 чалавекі[19], частка з іх далучылася да партызанскага атраду братоў Бельскіх[20]. У горадзе дзейнічалі падполлі. На просьбу польскіх бацькоў навагрудскія сёстры Ордэна Святой Сям’і з Назарэту арганізавалі падпольнае навучанне дзяцей польскай мове і гісторыі. Узброены супраціў немцам і саветам у горадзе і павеце здзяйсняла Навагрудская падакруга Арміі Краёвай пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Мацея Каленкевіча «Котвіча». Ноччу з 17 на 18 ліпеня 1943 года гестапа з Баранавічаў арыштавала ў Наваградку 120 чалавек. 31 ліпеня манашкі-назарацянкі прапанавалі сябе замест арыштаваных, нядзеляй 1 жніўня 1943 года 11 сёстраў расстраляны ў лесе за 5 км ад горада[21].

У лютым 1944 года загадам нямецкага камісара Наваградскага павета Вільгельма Траўбэ у Наваградку сфарміраваны 65-ы ахоўны батальён беларускай паліцыі (65 Weissruthenische-Schuma-Wachbataillon) і Навагрудскі конны эскадрон пад камандаваннем Барыса Рагулі[22], які спыніў дзейнасць эскадрона на пачатку ліпеня 1944 года.

Навагрудак вызвалены Чырвонай арміяй 8 ліпеня 1944 года. Рэшткі манашак-назарацянак эксгумаваны 19 сакавіка 1945 года і перапахаваны ў супольнай магіле каля наваградскага фарнага касцёла. За гады 2-й сусветнай вайны ў горадзе і раёне загінула 45065 чалавек.

Пасля скасавання Баранавіцкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года Навагрудскі раён знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці. У студзені 1963 года Навагрудак перададзены ў падпарадкаванне прамысловага аблвыканкама, а ў сакавіку 1963 года атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання.

У 1997 годзе Навагрудак і Навагрудскі раён злучаны ў адзіную адміністратыўна-тэрытарыяльную адінку.

10 верасня 2011 года у гонар 500-годдзя атрымання магдэбургскага права ў цэнтры горада ўстаноўлены памятны знак.

Транспарт

Горад мае выразную радыяльную планіроўку, на цэнтральнай плошчы (гіст. плошча Рынак) сходзяцца аўтадарогі Р5 (Баранавічы — Навагрудак — Іўе), Р10 (Любча — Навагрудак — Дзятлава), Р11 (Парачаны (ад М6) — Навагрудак — Нясвіж). Кальцавая аб’яздная аўтадарога агінае горад з уходняга, паўднёвага і заходняга бакоў.

Філіял ААТ «Гроднааблаўтатранс» «Аўтобусны парк № 5 г. Навагрудка» абслугоўвае гарадскія, прыгарадныя і міжгародныя аўтобусныя перавозкі.

Насельніцтва

  • канец XV ст. — 3—4 тыс. чал.;
  • сярэдзіна XVI ст. — 2—5 тыс. чал.;
  • канец XVIII ст. — каля 3 тыс. чал.;
  • 1817 год — 1,6 тыс. чал., 437 дамоў;
  • канец XIX ст. — 12 тыс. чал.;
  • 1897 год — 7,8 тыс. чал.[23];
  • 1931 год — 10 тыс. чал., 1055 дамоў;
  • 1970 год — 19,4 тыс. чал.[23];
  • 1972 год — 20,6 тыс. чал.;
  • 1995 год — 31,2 тыс. чал[23];
  • 2006 год — 30,7 тыс. чал.;
  • 2015 год — 29245 чал.[24];
  • 2016 год — 29594 чал.[25];
  • 2017 год — 29459 чал.[26];
  • 2018 год — 29424 чал.

Культура

Мерапрыемствы

Фестываль сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак».

Музеі

Адукацыя

З 1-й чвэрці XVII ст. асноўная адукацыйная ўстанова ў Навагрудку — езуіцкая калегія, узору іезуіцкіх школ Еўропы як і па ўсёй Рэчы Паспалітай. Акрамя вывучэння моваў, матэматыкі, філасофіі і логікі, вучні рабілі тэатральныя пастаноўкі і інш.

Пасля ліквідацыі (1773) одрэна іезуітаў, школа з бібліятэкай і абсталяваннем кабінетаў фізікі і хіміі перайшла да дамініканцаў, дамініканская школа закрыта ўладамі ў 1834 годзе.

З 1 красавіка 1834 года дзейнічала 5-класнае шляхецкае вучылішча. З 1858 года адкрыта і класічная гімназія. Адным з настаўнікаў гімназіі быў Эдвард Паўловіч — жывапісец, аўтар мемуараў.

У 1896 годзе равін Ёсіф-Юзл Горавіц заснаваў Наваградскую ешыву, адну з вядомейшых, буйнейшых і важнейшых яўрэйскіх вышэйшых навучальных устаноў даваеннай Еўропы, адзін з асноўных цэнтраў мусарскага руху.

Станам на 2020 год у Навагрудку 7 сярэдніх школ, 1 ліцэй, 2 два каледжы — Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж.

Спорт

Да 1939 года ў Наваградку функцыянаваў футбольшы клуб «АКС Навагрудак».

СМІ

З 1939 года выдаецца газета «Новае жыццё»[27], выходзіць 2 разы на тыдзень. Радыёпраграма «Навагрудскія навіны» выходзіць у эфір 3 дні на тыдзень.

Эканоміка

Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, харчовы, лёгкай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініцы «Навагрудак» і «Панскі дом». Навагрудак — перспектыўны цэнтр турызму міжнароднага значэння і краязнаўства.

У маі 2011 года за 2 км ад горада была ўведзена ў эксплуатацыю першая і адзіная на той час ветраэлектрастанцыя магутнасцю 1,5 МВт, найвышэйшая ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў[28]

Найбольш значныя прамысловыя прадпрыемствы горада[29]:

  • ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» (NOVOGAS) — вырабляе бытавыя газавыя балоны 5-79 л, розныя віды запорна-рэдуцыйнай і газабалоннай апаратуры, лічыльнікі газа, парашковыя вогнетушыльнікі, турыстычныя газавыя пліты, аўтаклавы;
  • ААТ «БелКрэда» — вопратка;
  • СП «Леор Пластык» ТАА — рыбныя прэсервы, салаты;
  • ААТ «Малочная кампанія Навагрудскія Дары» — масла, сыры, сухое малако, маслянка, казеін;
  • ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў» — металічная сетка, шкафы, сцелажы, цвікі, вешалкі, іншыя металічныя вырабы;
  • Навагрудскі філіял УП «Фільтр» ГА «БелТІЗ» — паліўныя, масляныя, паветраныя фільтры;
  • ТАА «Провіт Бел» — замарожаныя мясныя паўфабрыкаты; паўфабрыкаты з гародніны;
  • Навагрудскі хлебазавод — філіял ААТ «Гроднахлебпрам»;
  • ТАА «Навагрудская фабрыка спецадзення»;
  • Навагрудскі вінзавод — філіял ААТ «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод „Алгонь“» — пладовае віно, настойкі, слабаалкагольныя і безалкагольныя напоі, квас.

Славутасці

Панарама Навагрудка
Руіны Навагрудскага замка

Архітэктурныя аб’екты

Ландшафтныя аб’екты

Помнікі

Страчаная спадчына

  • Вялікая сінагога (XVII ст.)
  • Калегіум іезуітаў (1624)
  • Манастыр боніфратраў (XVII ст.)
  • Манастыр дамініканак (XVIII ст.)
  • Манастыр дамініканцаў побач з касцёлам Арханёла Міхаіла (XVIII ст.)
  • Палац Радзівілаў (XVIII ст.)
  • Ратуша (XVII ст.)
  • Царква Успення Прачыстай Багародзіцы (XIV—XVIII ст., на Замкавай гары)

Вядомыя асобы

Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Навагрудка

Гарады-пабрацімы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. Піваварчык С. А. Гарадзішча Радагошча — магчымы папярэднік Наваградка // Белорусский Сборник № 2. Санкт-Петербург, 2003.
  4. Летописи белорусско-литовские // ПСРЛ. — Т. 35
  5. 1 2 Памяць, 1996, с. 85-87
  6. Рашэнне сесіі Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў ад 16 мая 2001 г. № 70.
  7. Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды (1990), 2-е выд.: ISBN 985-02-0503-2.
  8. Новгородская четвертая летопись // ПСРЛ. — Петроград, 1915. — Т. 4. — Ч. 1. — Вып. 1. — С. 116.
  9. Софийская первая летопись // ПСРЛ. — С-П., 1851. — Т. 5. — С. 127.
  10. Новгородская первая летопись. — М.-Л., 1950. — С. 180.
  11. Баранаускас Т. Новогрудок в XIII в.: история и миф // Castrum, urbis et bellum: зборнік науковых прац: прысвячаецца памяці прафесара Міхася Ткачова, Баранавічы, 2002, с. 29-44.
  12. Гуревич Ф. Д. Древний Новогрудок. Посад-окольный город — Л.: Наука, 1981. — 159 с., ил., 1 схема.
  13. Гісторыя Навагрудка — з глыбінь вякоў да нашых дзён = История Новогрудка — из глубин веков до наших дней / М. П. Касцюк [ и др.]; гал. рэд. М. П. Касцюк. — Мн.: Белстан, 2014. — 591 с. — ISBN 978-985-6944-51-5 — С. 71.
  14. Жлутка А. Міндаў кароль Літовіі ў дакумэнтах і сьведчаньнях. — Мн., 2005.
  15. Chodynicki K. Kościól prawosławny a Rzeczpospolita Polska. Zarys historyczny 1370—1632. — Warszawa, 1934. (перавыданне: Białystok, «Orthdruk», 2005).
  16. Нікалаеў М. В. Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя: Даследванне і тэкст. — Санкт-Пецярбург, 2015. — 126 с.
  17. Нікалаеў М. В. Наваградак за царства Аляксандра ІІ 1855—1881. — Наваградак-Санкт-Пецярбург, 2018. — С. 38-50.
  18. Хрептович-Бутенева О. А. Перелом (1939—1942). — Paris : YMCA-Press, 1984. — 228 с. : портр. — (Всероссийская . мемуарная  библиотека. Наше недавнее ; 5).
  19. Памяць, 1996, с. 321, 377
  20. Памяць, 1996, с. 290, 322, 323
  21. Tajne nauczanie polskie w czasie okupacji niemieckiej 1941–1944 // Oświata…. — С. 67.
  22. Спасылка на артыкул у Бел. Зборніку.
  23. 1 2 3 Беларусь, 1995
  24. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  25. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  26. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  27. http://novgazeta.by/ – галоўная старонка «Новага жыцця»
  28. https://web.archive.org/web/20110526022322/http://news.tut.by/economics/227632.html?utm_source=news-right-block&utm_medium=multimedia-news&utm_campaign=multimedia-news
  29. http://www.novogrudok.gov.by/ru/catalog-ru/

Літаратура

  • Навагрудак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Навагрудак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 509. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Баранаускас Т. Новогрудок в XIII в.: история и миф // Castrum, urbis et bellum: зборнік науковых прац: прысвячаецца памяці прафесара Міхася Ткачова, Баранавічы, 2002, с. 29-44.
  • Гайба М. Навагрудак: гады і падзеі. — Навагрудак, 1996.
  • Гайба М. Новагародак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 357. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  • Гісторыя Навагрудка — з глыбінь вякоў да нашых дзён / [М. П. Касцюк і інш.] — Мінск: Белстан, 2014. — 592 с.: мал.
  • Грыцкевіч А. Гісторыя // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 2007. — Т. 1 (А — К). — С. 7-33. — ISBN 978-985-11-0393-1.
  • Гуревич Ф. Д. Древний Новогрудок. Посад-окольный город — Л.: Наука, 1981. — 159 с., ил., 1 схема.
  • Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды (1990), 2-е выд.: ISBN 985-02-0503-2.
  • Летописи белорусско-литовские // Полное собрание русских летописей. Т. 35 — М.: «Наука», 1980.
  • Малевская М. В. Амфора с надписью из Новогрудка // Советская археология. 1962. № 4.
  • Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы: (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы) / [рэдкалегія: А. А. Каваленя, А. К. Кулак (старшыні) і інш.]. — Мн.: Рыфтур, 2010. — 375 с.
  • Нікалаеў М. В. Наваградак за царства Аляксандра ІІ 1855—1881. Наваградак-Санкт-Пецярбург, 2018. — 204 с.
  • Нікалаеў М. В. Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя: Даследванне і тэкст. — Санкт-Пецярбург, 2015. — 126 с.
  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. — Мн.: Беларусь, 1996.
  • Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Мн.: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
  • Grędzik-Radziak A. Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939—2001. — Toruń: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. — 441 с. — ISBN 978-83-60738-09-2 (польск.)
  • Koscioły Nowogródka / red. naukowa Kałamajska-Saeed M. / Materiały do dziejów sztuki sakralnej na ziemiach wschodnich dawnej Rzeczypospolitej. T. 5. Cz. 2. — Kraków, 2017. — 240 s., 588 il.
  • Nowogródek // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom VII (Netrebka — Perepiat), 1886. — S. 255 (польск.)
  • Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Навагрудскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be