wd wp Пошук:

Калініна (Мінскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Калініна.

Калі́ніна[1] (гістарычная назва — Ігна́цічы; трансліт.: Kalinina, руск.: Калинино) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, на левым беразе ракі Пціч. Уваходзіць у склад Міханавіцкага сельсавета. Месціцца за 11 км на поўдзень ад Мінска, на шашы М1. Прыкладна за 0,6 км на паўднёвы ўсход ад вёскі на пойме ракі Пціч месціцца вадасховішча Чурылавіцкае.

Гісторыя

Сядзіба ў Ігнацічах, пач. XX ст.

У 1557, 1582, 1600 гадах сяло Ігнацічы, цэнтр маёнтка Менскага павета, уласнасць Мнеўскіх, А. Станкевіча (Станковіча) і іншых. У 1667 годзе маёнтак, 5 дымоў, млын, шляхецкая ўласнасць. У XVII стагоддзі Ігнацічы належалі роду Халецкіх.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У пачатку XVIII стагоддзя праз вена Ганны Халецкай Ігнацічы перайшлі да Радзівілаў, якія ўключылі іх у анопалскія ўладанні. У 1800 годзе 2 двары, 16 жыхароў, фальварак, панскі двор, вадзяны млын на 2 паставы, карчма, у Мінскім павеце Мінскай губерні. Да 1850 года Радзівілы прадалі гэтую маёмасць Раймунду Каленчынскаму. Сафія Каленчынская (1834—1891) выйшла замуж за Уладзіміра Ельскага, маёнтак як пасаг перайшоў у сумесную ўласнасць Ельскіх. Уладзімір Ельскі (1820—1875), вядомы сваёй навуковай дзейнасцю і грамадскай дабрачыннасцю, жыў у Ігнацічах у 1857—1863 гадах. За гэты час ён наладзіў сельскую гаспадарку, жывёлагадоўлю, у апошнія гады ён заклаў буйную прыдворную кветкавую гаспадарку, у асноўным вырошчваў ружы і некалькі соцень відаў дрэў[2]. Ён таксама скасаваў прапінацыю. За актыўную падтрымку Паўстання 1863—1864 гадоў Уладзімір Ельскі быў сасланы ў Арэнбургскую губерню. Маёмасць, як пасаг жонкі, канфіскоўвалася. Апошнім уладальнікам Ігнацічаў быў Вільгельм Ельскі (1867—1919), сын Уладзіміра і Сафіі.

У Першую сусветную вайну з лютага па снежань 1918 года вёска была акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. З ліпеня 1919 года па ліпень 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.

У 1922 годзе створаны саўгас імя Калініна. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Гатаўскім, з 1927 года ў Дзяргайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). З 18 студзеня 1931 года ўключана ў межы Менска. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная войскамі нацысцкай Германіі. За час акупацыі былі спаленыя 78 двароў, забітыя 165 жыхароў, 10 жыхароў вывезеныя на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вайны вёска адноўленая.

5 сакавіка 1959 года Калініна перададзена са скасаванага Гатаўскага сельсавета ў склад Самахвалавіцкага сельсавета[3].

Славутасці

Сядзіба, 2021 г.

У вёсцы захаваліся фрагменты былой сядзібы Ельскіх (канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя): сядзібны дом, флігель, брама, кармацэх, свіран, сіласная вежа, фрагменты парку — Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000360шыфр 613Г000360

Вільгельм Ельскі быў калекцыянерам мастацтва, асабліва польскага, у ягоным доме сярод іншага былі карціны Матэйкі, Вычулкоўскага, Герымскага, Зімлера, Вайсенгофа, Жмуркі і многіх іншых. Бальшыня калекцыі была знішчана ў часе Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе. Рэшткі, якія былі выратаваныя, былі страчаныя пасля смерці Ельскага ў смуце польска-савецкай вайны.

  • Гістарычныя здымкі
  • Брама, 1914 г.Брама, 1914 г.
  • Сядзіба, 1917 г.Сядзіба, 1917 г.
  • Сядзіба, пач. XX ст. Фота Яна БулгакаСядзіба, пач. XX ст. Фота Яна Булгака
  • Сядзіба, пач. XX ст. Фота Яна БулгакаСядзіба, пач. XX ст. Фота Яна Булгака

Насельніцтва

  • 1800 — 2 двары, 16 жыхароў
  • 1897 — 4 двары, 31 жыхар; маёнтак, 7 двароў, 84 жыхары
  • 1917 — 197 жыхароў
  • 1941 — 78 двароў, 287 жыхароў
  • 1997 — 46 двароў, 102 жыхары
  • 1999 — 96 жыхароў
  • 2010 — 62 жыхары

Вядомыя асобы

Спіс вуліц

  • Цэнтральная вуліца[4]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. N. Rouba (zebrał i opracował). Przewodnik po Litwie i Białejrusi. — Wilno: Wydawnictwa „Kurjera Litewskiego”. — С. 76.
  3. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 сакавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 4.
  4. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса (нявызн.) (недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 11 чэрвеня 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be