wd wp Пошук:

Камаі

Кама́і[1] (трансліт.: Kamai, руск.: Камаи) — аграгарадок у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Камайскага сельсавета.

Знаходзіцца на ўсходнім беразе возера Камаі (малое), якое злучана пратокай з другім возерам (вялікім), а з апошняга выцякае рака Камайка даўжынёй 51,6 км, правы прыток Бірветы.

Назва

Існуе дзве версіі паходжання назвы Камаі.

  1. Назва Камаі паходзіць ад літоўскага kamanas, якое абазначае аброць. Існуе паданне, што нейкі воін загінуў, уцякаючы на кані праз возера, бо так нацягнуў повад, што аброць не вытрымала і парвалася.
  2. Назва выводзіцца з фінскага слова kamai — хлуд, буралом. Гэтая версіі мае і матэрыяльнае пацвярджэнне: у даваенны час на дне рэчышча Камайкі знаходзілі 12-ці мятровыя ствалы моранага дуба-тапельца, якія маглі быць звалены пад час нейкага стыхійнага бедства, утварыўшы такім чынам на беразе ракі буралом.[2]

Гістарычны нарыс

У VII ст. да н.э. — IV ст. н.э. на левым беразе ракі Камайкі на паўднёвым мысе ўзгорка ля вёскі Дзяўгуны існавала гарадзішча. Упершыню згадваецца ў пачатку XVI ст. як маёнтак князя Глеба Юр’евіча Пронскага1513 годзе Глеб Пронскі загінуў пад Мінскам у бітве з татарамі і маёнтак перайшоў у валоданне яго жонкі, а ў 1533 да сыноў Андрэя і Фрыдрыха (Сямёна) Пронскіх. Фрыдрых, ваявода кіеўскі, памер у 1555 годзе. У 1550 г. згадваюцца як мястэчка. З 1572 года ўладальнікам Камаяў стаў яго сын Аляксандр. Ён распрадаў большасць сваіх маёнткаў, у т.л. і Камаі, якія набыў Тамаш Рудаміна-Дусяцкі.

З 1592 года Камаі перайшлі да браслаўскага войскага Яна Рудаміны-Дусяцкага, які ў 16031606 гг. пабудаваў тут мураваны касцёл Яна Хрысціцеля. З 1643 г. пры касцёле існаваў шпіталь на 5 мужчын і 13 жанчын, падараваны П. і М. Рудамінамі. У 1690 г. у Ашмянскім павеце; 130 дымоў.

Касцёл. «Tygodnik Ilustrowany», 1878

З 1722 г. належалі Сулістроўскім. З 1795 пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай г. Камаі ў складзе Віленскага павета Расійскай імперыі. У 1847 г. тут існавала яўрэйская абшчына. З 1861 г. маёнтак належыць Танскаму. Жыхары маёнтка прымалі ўдзел у паўстанні 1863—1864 гг. Паўстанцкі грамадскі начальнік Свянцянскага павета Апалінарый Танскі забяспечваў паўстанцаў грашыма, а ў яго маёнтках Камаі і Бежанцы нарыхтоўвалася харчаванне. Апалінарый Танскі быў арыштаваны царскімі ўладамі 13 кастрычніка 1863 г. і высланы на пасяленне ў Пензенскую губерню.

Сярэдзіна 1880-х гадоў Камаі — маёнтак і мястэчка; 366 жыхароў, 50 двароў, касцёл, яўрэйская малітоўная школа, шпіталь, 4 крамы, карчма, вінны бровар, млын, праводзілася 8 кірмашоў у год. З 1886 г. — цэнтр Камайскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні, мястэчка, 28 двароў, 314 жыхароў, валасное праўленне, касцёл, багадзельня, школа, 4 лаўкі, карчма, 7 кірмашоў у год. У 1897 г. існавала вучылішча. У 1905 г. — у маёнтку 63 жыхары, 454 дзесяціны зямлі, у мястэчку 431 жыхар, 515 дзесяцін зямлі, прыход Свянцянскага дэканата, народнае вучылішча, крама, паштовае аддзяленне, 7 ярмарак у год. У 1909 г. — 35 двароў, 378 жыхароў, 298 дзесяцін зямлі. У 1915 г. у Камаях быў ксяндзом вядомы паэт пачатку XX ст. Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч).

З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага павета Віленскага ваяводства. У 1937 г. — у маёнтку 4 двары, 93 жыхары; у мястэчку 79 двароў, 485 жыхароў. З 1939 г. у складзе БССР. З 25.11.1940 г. — вёска, цэнтр сельсавета ў Гадуцішскім, а потым у Пастаўскім раёнах.

У 1945 г. — працаваў механічны млын. У 1971 г. — 432 жыхары, 164 гаспадаркі; сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, млын, швейная майстэрня, аддзяленне сувязі, сталовая. У 2001 г. — 294 двары, 779 жыхароў, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, пошта, 2 магазіны, лясніцтва, участковая бальніца.[3]

Мястэчка на старых фатаздымках
Агульны выгляд Касцёл, 1917 Касцёл, 1930-я Вуліца

Славутасці

Каменны крыж XV—XVI стагоддзяў

Цікавыя факты

На паўночнай ускраіне гарадку знаходзіцца найвышэйшая на тэрыторыі Беларусі кропка Свянцянскіх град (228 м над узроўнем мора).

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. Юрэвіч У. Слова жывое, роднае, гаваркое
  3. В. У. Мальцоў Памяць. Пастаўскі раён Мінск, БЕЛТА, 2001
  4. http://gonar.iatp.by/OTHER/13Postavi.doc(недаступная+спасылка) Асноўныя археалагічныя помнікі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пастаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be