Пастаўскі раён
Пастаўскі раён — раён у складзе Віцебскай вобласці. Размешчаны на паўднёвым захадзе Віцебскай вобласці. Мяжуе з Глыбоцкім, Браслаўскім, Шаркаўшчынскім, Докшыцкім раёнамі Віцебскай вобласці, Мядзельскім раёнам Мінскай вобласці, Астравецкім раёнам Гродзенскай вобласці, а таксама з Літвой.
Утвораны 15 студзеня 1940 ў складзе Вілейскай вобласці. 20 верасня 1944 перададзены Маладзечанскай вобласці. З 20 студзеня 1960 уваходзіць у Віцебскую вобласць. У сучасных межах з 1965.
Гісторыя
Пастаўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — горад Паставы. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Андронскі, Вярэнькаўскі, Груздаўскі, Загацкі, Курапольскі, Лотвінскі, Лучайкаўскі, Навасёлкаўскі, Нагаўкаўскі, Пастаўскі, Савіцкі, Свілельскі, Старадворскі, Юнкаўскі. 25 лістапада 1940 года да раёна далучаны Камайскі, Магунскі, Навасёлкаўскі, Оцкавіцкі, Палескі, Радуцкі, Старчунскі сельсаветы скасаванага Гадуцішскага раёна, Лынтупскі, Масляніцкі і Рынкянскі сельсаветы скасаванага Свянцянскага раёна, адначасова з Пастаўскага раёна перададзены Дунілавіцкаму раёну Лучайкаўскі і Старадворскі сельсаветы, Мядзельскаму раёну — Лотвінскі і Нагаўкаўскі сельсаветы, Навасёлкаўскі сельсавет, які знаходзіўся ў складзе Пастаўскага раёна, перайменаваны ў Навасёлкаўскі 1-шы, Навасёлкаўскі сельсавет, які знаходзіўся ў складзе Гадуцішскага раёна, — у Навасёлкаўскі 2-гі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 6 снежня 1944 года Курапольскі сельсавет перададзены Дунілавіцкаму раёну Полацкай вобласці. 9 жніўня 1946 года Курапольскі сельсавет вернуты Пастаўскаму раёну. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Вярэнькаўскі, Навасёлкаўскі 1-шы, Пастаўскі, Рынкянскі сельсаветы, 27 сакавіка 1959 года — Масляніцкі сельсавет, 2 снежня 1959 года — Андронскі, Навасёлкаўскі 2-гі, Радуцкі, Старчунскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 20 мая 1960 года скасаваны Груздаўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Варапаева, Белькаўскі, Валкалацкі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Ласіцкі сельсаветы Глыбоцкага раёна. 6 студзеня 1965 года Ваўкалацкі сельсавет перададзены ў склад Докшыцкага раёна. 8 снежня 1966 года Загацкі сельсавет перайменаваны ў Дварчанскі сельсавет. 14 ліпеня 1967 года скасаваны Лынтупскі сельсавет. 22 жніўня 1967 года вёска Лынтупы атрымала статус гарадскога пасёлка. 20 лістапада 1970 года Свілельскі сельсавет перайменаваны ў Ярэўскі, Ласіцкі — у Валкоўскі.
На цяперашні час у раёне 10 сельсаветаў:
- Варапаеўскі
- Валкоўскі
- Дунілавіцкі
- Камайскі
- Казлоўшчынскі
- Курапольскі
- Лынтупскі
- Навасёлкаўскі
- Юнькаўскі
- Ярэўскі
Цэнтр раёна, горад Паставы, размешчаны на р. Мядзёлка, за 250 км ад Віцебска. У раён уваходзяць гарадскія пасёлкі Варапаева, Лынтупы, 507 сельскіх населеных пунктаў.
Геаграфія
Геалогія
У тэктанічных адносінах раён адносіцца да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту: паазерскага, сожскага, дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў ад 70 да 150 м (у ледавіковых лагчынах), ніжэй — дэвонскія — да 70 м, ардовіцкія — да 120—140 м, верхнепратэразойскія (вендскія) — да 200—250 м адкладанняў. Пароды крышталічнага фундамента на глыбіні 350—500 м ніжэй узроўню мора.
У рэльефе сучаснай паверхні выдзяляецца некалькі ўчасткаў узгорыста-градавай марэннай раўніны (вёскі Валкі, Лучай, Палессе). Па лініі вёсак Вярэнькі, Кaмaі, Саранчаны, г. п. Лынтупы выдзяляецца буйна- і сярэднеўзгорыста-градавае марэннае ўзвышша з класічнымі камамі, озамі і азёрнымі катлавінамі. Наяўнасць трох кампанентаў Свянцянскіх град — Лынтупска-Камайскага, Мядзельска-Падсвільскага і Варапаеўскага — складае дугу канцова-марэнных і озава-камавых утварэнняў. У межах Свянцянскіх град, асабліва паблізу Паставаў і далей на ўсход, маецца шмат ледавіковых лагчын з чарадой азёр, у тым ліку Глодава, Доўжа. Шырыня такіх месцаў з дастаткова буйнымі бартамі не перавышае 1 км, даўжыня — да 20—30 км, глыбіня 10—15 м. На схілах Свянцянскіх град маюцца канавы даўжынёй да 0,2—0,3 км, а на асобных участках рачных далін адзначаны апоўзні, як, напрыклад, у даліне ракі Камайка.
Вядомы 62 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 16,2 млн т (самыя буйныя — Пурвіны, Халасенскае, Светлы Мох), 4 радовішчы пясчана-жвіровых сумесей з запасамі 4,8 млн м³ (Данеўскае, Слабадское, Сіманскае, Жданаўскае), 12 адкладанняў глін і суглінкаў — каля 22 млн м³ (Курапольскае, Альцоўскае, Кролікаўскае, Тарасаўскае, Рудакоўскае, Рэдуцкае, Цаліноўскае, Пастаўскае). 3 адкладанні пяску з запасамі 580 тыс. м³ (буйнейшае Лынтупскае), 12 адкладанняў азёрных сапрапеляў з запасамі 50 млн м³ (буйнейшыя Малыя і Вялікія Швакшты, Лучайскае, Лісіцкае, Задзеўскае).
Рэльеф
Паверхня паўночнай часткі раёна (прыкладна па лініі вёсак Ярэва, Сіўцы, Барэйкі) плоская, забалочаная ў межах Дзісненскай нізіны, паўднёвай — узгорыста-градавая, напаўзакрытая, з густой сеткай невялікіх рэк, ручайкоў, азёр у межах Свянцянскіх град, якія з’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі басейнаў Заходняй Дзвіны і Нёмана. 55 % тэрыторыі знаходзіцца на вышыні да 150 м, 23 % — 150—170 м, 21 % — 170—200 м.
Самы высокі пункт раёна — гара Маяк (240,4 м), што на адлегласці 0,2 км на ўсход ад вёскі Рынкяны Лынтупскага сельсавета. Самая нізкая адзнака — 120 м над узроўнем мора ў зліцці рэк Дзісна, Паловіца і Галбіца.
Гідраграфія
Гідралагічная сетка раёна складаецца з 86 рэк і праточных ручаёў, 115 азёр, 16 вадасховішчаў і меліярацыйных каналаў, даўжыня якіх складае 1489 км. Асноўныя крыніцы жыўлення вадаёмаў — атмасферныя ападкі, для некаторых — падземныя воды (крыніцы). Найбольшымі рэкамі Пастаўскага раёна лічацца Галбіца, Дзісна, Лучайка, Мядзелка; на паўднёвым захадзе выток ракі Страча.
Раён мае добрыя ўмовы для развіцця гідралагічнай сеткі, якая складаецца з 86 рэк і праточных ручаёў, 115 азёр, 16 вадасховішчаў і меліярацыйных каналаў, даўжыня якіх складае 1489 км. Асноўныя крыніцы жыўлення вадаёмаў — атмасферныя ападкі, для некаторых — падземныя воды (крыніцы).
Найбольшымі рэкамі Пастаўскага раёна лічацца Галбіца, Дзісна, Камайка, Лучайка, Мядзелка; на паўднёвым захадзе выток р. Страча. Усе рэкі нясуць воды ў паўночным накірунку, распрацаваўшы рэчышчы ў старажытнай ледавіковай лагчыне. Яшчэ ў XVIII ст. яны былі суднаходныя, па іх сплаўлялася драўніна, але зараз вадатокі моцна абмялелі і па іх цяжка нават праплыць на лодках.
Утварэнне большасці азёр звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых вод. Іх сучасныя катлавіны канчаткова сфарміраваліся прыкладна 9-10 тыс. год таму.
У ваколіцах Паставаў налічваецца каля трыццаці азёр. Самым вялікім возерам у ваколіцах Паставаў па плошчы паверхні з’яўляецца Доўжа. Найбольшую глыбіню мае возера Світа — 31 м.
Расліннасць
Пад лесам знаходзіцца 38 % тэрыторыі раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, трапляюцца чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, дубовыя. Пад балотам знаходзіцца 5 % тэрыторыі.
Ахова прыроды
На тэрыторыі раёна знаходзіцца частка Нацыянальнага парку «Нарачанскі», а таксама заказнікі рэспубліканскага значэння, заказнікі мясцовага значэння, ахоўваемыя тарфянікі[4].
- гідралагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння «Швакшты», «Споры»;
- рэспубліканскі водна-балотны заказнік «Янка»;
- водна-балотны заказнік мясцовага значэння «Вілейты»;
- батанічныя заказнікі мясцовага значэння «Лынтупскі», «Чырвоны ручэй» (цалкам уваходзіць у склад рэспубліканскага заказніка «Швакшты»;
- ландшафтныя заказнікі мясцовага значэння: Карагач, Палескія Узгоркі, Саранчанскія грады, Спорыцкая ледавіковая лагчына, Сяргеевіцкія Узгоркі;
- тарфяныя заказнікі: Гінёнкі, Каліты, Равы.
Гаспадарка
Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мясамалочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу.
Перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі ажыццяўляюць 6 прадпрыемстваў. Самае буйное па аб’ёме таварнай прадукцыі — ААТ «Пастаўскі малаказавод». КУП «Пастаўскі мясакамбінат» праводзіць першасную перапрацоўку сыравіны. РУП «Лынтупскі спіртзавод» выпускае спірт-сырэц і спірт-рэктыфікат. Перапрацоўку садавіны і гародніны ажыццяўляе УДП «Пастаўскі кансервавы завод». На мясцовыя і ўласныя рэсурсы зарыентавана работа ААТ «Пастаўскі ільнозавод», які выпускае ільновалакно. Лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасць прадстаўлена ДЛГУ «Пастаўскі лясгас», ААТ «Варапаеўскі ДАК», ААТ «Паставы — мэбля», УП «Пастаўскі мэблевы цэнтр», якія выпрацоўваюць мэблю, дзвярныя і аконныя блокі, піламатэрыялы. Радыёэлектронная прамысловасць у раёне прадстаўлена УП «Завод Беліт», якое ўваходзіць у мінскае аб’яднанне «Гарызонт». У г.п. Варапаева працуе завод жалезабетонных вырабаў, які забяспечвае будаўнічыя арганізацыі жалезабетоннымі канструкцыямі.
Транспарт
Праз раён праходзіць аўтатраса Полацк — Вільнюс, чыгункі Полацк — Вільнюс, Варапаева — Друя.
Сацыяльная сфера
Адукацыя
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Пастаўскім раёне У сістэме адукацыі раёна 57 устаноў: 12 сярэдніх, 19 базавых, 8 пачатковых школ, раённая гімназія, 16 дзіцячых дашкольных устаноў, Варапаеўская дапаможная школа-інтэрнат, дзіцячы дзяржаўны сацыяльны прытулак. Дзейнічаюць аб’яднанне пазашкольных устаноў і Цэнтр карэкцыйнага развіваючага навучання і рэабілітацыі.
У агульнаадукацыйных школах арганізавана дыферэнцыраванае навучанне (6 ліцэйскіх, 25 профільных класаў і 13 груп, 44 класы і групы з паглыбленым вывучэннем прадметаў, 24 класы і групы з вывучэннем розных прадметаў на павышаным узроўні). Праводзіцца аздараўленне дзяцей. У час летніх канікул у раёне працуе 26 аздараўленчых лагераў дзённага знаходжання, у якіх адпачывае каля 1100 дзяцей, тры лагеры кругласутачнага знаходжання на 75 месцаў, а таксама валанцёрскі і спартыўны лагеры.
Установа адукацыі «Пастаўскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці» рыхтуе спецыялістаў сярэдняга звяна і кадры масавых рабочых прафесій[5].
Ахова здароўя
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Пастаўская раённая цэнтральная бальніца»[6].
Рэлігія
На Пастаўшчыне жывуць прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій, стараверы, засталіся рэшткі ісламу. На тэрыторыі Пастаўскага раёна размешчаны 6 праваслаўных цэркваў. У г. Паставы Свята-Мікалаеўская царква (1894), у г. п. Варапаева Свята-Васкрасенская царква, у в. Манькавічы Свята-Успенская царква (пачатак ХХ ст.), у в. Груздава Свята-Прадцечанская царква 1875 г., у в. Асінагарадок Свята-Пакроўская царква (пачатак ХХ ст.), у в. Ласіцы Свята-Пакроўская царква (пачатак ХХ ст.); 6 касцёлаў: у г. Паставы касцёл Антонія Падуанскага (1898—1904), у в. Камаі касцёл Яна Хрысціцеля (1603—1606), у в. Дунілавічы Троіцкі касцёл (1769—1773), у в. Лучай касцёл Тадэўша (1766—1778), у г. п. Лынтупы касцёл Святога Андрэя Баболі (1908—1914), адна стараверская царква ў в. Апідамы.
Вядомыя асобы
- Ніна Асіненка (1928 (?)) — дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву, сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), адна з заснавальнікаў пастаўскай групы СБП.
- Ангеліна Бароўка (1931 (?) — 1999) — дзеячка беларускага нацыянальнага супраціву, сябра і скарбнік пастаўскай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП).
- Уладзімір Дубоўка — беларускі паэт, празаік, мовазнавец, перакладчык, літаратурны крытык.
- Аўген Жыхар — дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Сябра СБМ, БНП і «Чорнага ката». Камандаваў партызанскім атрадам на Пастаўшчыне.
- Станіслаў Вінцэнтавіч Казура (нар. 1881, фальварак Тэклінаполь) — кампазітар, харавы дырыжор, педагог.
- Генадзь Антонавіч Каралёнак (нар. 1951, Лапухоўка) — вучоны-эканаміст, доктар эканамічных навук, прафесар.
- Ігар Пракаповіч (нар. 1960) — пісьменнік, географ, краязнаўца, педагог (нарадзіўся ў Паставах).
- Іосіф Фаміч Сушко. Заслужаны артыст БССР. Працаваў у Варапаеве[7].
- Міхаіл Міхайлавіч Хвастоў (нар. 1949) — дыпламат, міністр замежных спраў Беларусі з 2000 па 2003 г. (нарадзіўся ў в. Казлоўшчына).
- Ванда Фердзінантаўна Януковіч (нар. 1948) — беларускі палітык.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ http://postavy.vitebsk-region.gov.by/ru/Rayispolkom/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Запаведнікі, заказнікі, паркі.
- ↑ Асвета. Пастаўскі раён
- ↑ Медыцына
- ↑ Іосіф Сушко — заслужаны артыст з Маладзечна, які прайшоў праз ГУЛАГ Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
Літаратура
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8.
- Памяць. Пастаўскi раён: гісторыка-дакумент. хронікі гарадоў і раенаў Беларусі / уклад. : К. І. Козак, А. І. Кузняцоў. — Мiнск : БелТА, 2001. — 687 с.
- Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна: геаграфічнае даследаванне / І. М. Пракаповіч. — Мінск: Кнігазбор, 2007.
- Чароўны край — Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мінск: Ковчег, 2014.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пастаўскі раён
- Спіс населенных пунктаў Пастаўскага раёна па сельсаветах
- Адметныя мясціны Пастаўскага раёна ў фотаздымках на Radzima.org
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»
- Навіны Пастаўскага раёна на сайце Westki.info Архівавана 2 мая 2009.
- Азёры Пастаўскага раёна на сайце poseidon.by Архівавана 21 ліпеня 2010. (руск.)
- Дарья Данилевич, Алиса Януш, Игорь Прокопович. Наследие рода Друцких-Любецких в Поставском районе
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пастаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Пастаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Гадуцішскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Глыбоцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Дунілавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Пастаўскага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1988 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2004 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Пастаўскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.