Касута
Касута́[1] (трансліт.: Kasuta, руск.: Косута) — вёска ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Крывасельскага сельсавета. Знаходзіцца каля Вілейскага вадасховішча, размешчана ў 103 км на паўночны захад ад Мінска. Назва вёскі паходзіць ад назвы ракі Касуткі, якая ўпадае ў раку Вілія.
Гісторыя
Першая пісьмовая згадка пра вёску Касута датавана 1499 годам. Дакументы сведчаць, што ў канцы ХV стагоддзя гэта паселішча было маёнткам-замкам ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага, спачатку — княгіні Ядвігі Гальшанскай, а з 1518 года ім валодаў віленскі кашталян Станіслаў Кезгайла і яго сыны. Ужо тады тут налічвалася 206 сялянскіх двароў. У 1638 годзе новы ўладальнік панскага маёнтка Савасцян Свяцкі пабудаваў тут праваслаўную царкву Уваскрэсення Хрыстова, неўзабаве вакол яе ўтварыўся і праваслаўны манастыр. Амаль адначасова ў Касуце ўзнікае ўніяцкі кляштар, ва ўлонне якога неўзабаве пераходзіць і мясцовае праваслаўнае брацтва разам са сваімі храмамі. Падчас казацка-сялянскай вайны 1648—1651 гадоў замак быў разбураны, але пасля адноўлены. Яго гаспадарамі на працягу ХVIII — XIX стагоддзяў былі шляхецкія роды Любанскіх, П’яншэнскіх, Крываблоцкіх, Пузіных, Ромераў, Сулістроўскіх, Тукалаў, Вітгенштэйнаў.
Яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя ў Касуце ўзвышаўся старадаўні драўляны храм Унебаўзяцця Прасвятой Багародзіцы, дзе, відавочна, хрысцілі Піліпа Орліка. Сёння на яго месцы стаіць мураваная Свята-Петрапаўлаўская царква, пабудаваная нашмат пазней — ужо ў 1868 годзе. На ўскраіне вёскі захаваліся рэшткі разбуранага старадаўняга маёнтка.
Каля вёскі Касута ў лесе стаяць два крыжы, праваслаўны і каталіцкі. Тут 26 чэрвеня 1941 года саветамі было расстраляна каля паўтары сотні вязняў з Вілейскай турмы, якіх у час Другой сусветнай вайны гналі на ўсход.
У 1973 годзе пры напаўненні вадой Вілейскага вадасховішча затапіла большую частку Касуты. Цяпер тут жыве каля дзясятка сялян. У апошнія гады ў вёсцы з’явілася некалькі дзясяткаў дач.
Славутасці
- Свята-Петрапаўлаўская царква (1868 год).
Вядомыя асобы
- Піліп Орлік (1672—1742) — украінскі палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч
- Расціслаў Лапіцкі (1928—1950) — арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне, ахвяра сталінскіх рэпрэсій
- Алег Лапіцкі (1922—1979) — удзельнік антысавецкага супраціву
- Пётр Пятровіч Міклашэвіч (1954) — беларускі дзяржаўны дзеяч
- Вольга Лапіцкая (Алёна Шарэпа‑Лапіцкая; 1918 (1917?) — 2011) — беларуская паэтка
- Павел Канстанцінавіч Валынцэвіч (1875—1962) — адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай фатаграфіі, святар.[2].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Павел Валынцэвіч Архівавана 13 лістапада 2013. // Рэгіянальная газета
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касута
- Касута — Падарожжа дылетанта — відэа
- Орлік Піліп Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- Ушанавалі памяць Орліка Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- Білоруське коріння гетьмана Пилипа Орлика (укр.)
- Кравченко П. А., Діптан І. І. Пилип Орлик і його «Конституція» Архівавана 6 снежня 2004. (укр.)
- Орлик Пилип (1672—1742) // «Гетьмани та козацькі ватажки» на сайті «Електронна бібліотека України» Архівавана 20 мая 2014. (укр.)
- Возле деревни Касута Вилейского района состоялось поминовение жертв сталинизма Архівавана 27 чэрвеня 2010. (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Вілейскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.