Касцянева
Касцяне́ва[1] (трансліт.: Kascianieva, руск.: Костенево) — вёска ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Васілішкаўскага сельсавета.
Гісторыя
Савецкі археолаг В. В. Сядоў атаясамліваў летапісны Вевярэск з гарадзішчам ля вёскі Касцянева і лічыў, што назва старажытнага горада паходзіць ад гідроніма — ракі Вавёркі (левы прыток ракі Лебяды). Даследчык меркаваў, што горад загінуў у выніку нашэсця ў ХІІІ ст., а частка ўратаваных жыхароў заснавала сучаснаю Ваверку за 18 км адгэтуль. Аднак наступныя археалагічныя пошукі на месцы гарадзішча выявілі знаходкі больш позняга часу — ХV—XVII стст. Таму археолагі перасталі звязваць з ім летапісны горад.
Першым уладальнікам маёнтка Касцянёва быў Януш Касцевіч (каля 1460 — 1527), ваявода падляшскі, радуньскі намеснік, уладальнік Начы, дзяржаўца ожскі і пераломскі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ад першага ўладальніка атрымала назву і яго маёмасць — Касцянёва, тэрыторыя якой на момант надання, імаверна, была толькі лесам і неапрацаваным полем.
У 1690 г. Касцянёвам валодаў Стафан Францкевіч-Радзімінскі, маёнтак налічваў 102 дымы. З падымнага рэестра 1729 г. вынікае, што Касцянёва належала Францкевічам, затым перайшло да Александровічаў герба «Косы», а пазней да Кастравіцкіх.
З 1795 года вёска ў Расійскай імперыі. Пасля 1815 г. у Касцянёве пасяліўся адстаўны капітан Тадэвуш Касцюшка — пляменнік знакамітага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Вядома, што «Люцыян Кастравіцкі жыў у часовым доме, а руіны старога дома чакалі, покуль яго сын Самуэль закончыць курс архітэктуры ў Дэрпцкім універсітэце і пачне працаваць па прафесіі. Самуэль адбудаваў стары дом і пакрыў яго мансардавым, ламаным дахам».
У 1914 г. маёнтак Касцянёва складаўся з 4-х фальваркаў агульнай плошчай у 1600 га раллі і 1340 га лесу. Пачалася Першая сусветная вайна, і ў маёнткавым доме стаяў штаб рускага корпуса, Кастравіцкіх выселілі ў адзін з малых пакояў, а ў канцы лета 1915 г. сілком пагналі ў бежанства. У хуткім часе мясцовасць акупавана Германіяй.
Калі Ян Кастравіцкі ў 1918 годзе вярнуўся з Расіі, яго дом у Касцянёве стаяў увесь разгромлены. З 1921 года ў складзе міжваеннай Польшчы.
З 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. У 1940—1973 гадах цэнтр Касцянеўскага сельсавета[2]. Да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Галавічпольскага сельсавета[3].
У 1930—2002 гг. у доме Кастравіцкіх знаходзілася Касцянёўская школа. Да верасня 1939 г. тут была польская школа, пазней — савецкая. У гады вайны школа была закрыта, аднавіла сваю працу ў 1945 г.
Славутасці
- Касцянеўскі валун, помнік прыроды мясцовага значэння.
- Уязная брама, захавалася ад двара Александровічаў, некалі стаяла ў канцы доўгай алеі, складалася з двух моцных атынкаваных квадратных калон, на якіх былі выявы герба Байбіза.
- Сядзібны дом (кан. XIX ст.), сцены выкананы з вялікіх камянёў таўшчыню ў 1,5 метра, па сярэдзіне калідор і паабапал яго было 22 пакоі, вышыня столяў у пакоях — 3 — 3,5 м.
- Рэшткі парку, сажалкі напаўняюцца вадой з крыніц, побач працякае рэчка Касцянёўка.
Страчаная спадчына
Згодна з сямейным паданнем Кастравіцкіх, Александровічы мелі ў Касцянёве вялікі палац на два паверхі з лістоўніцы, які быў знішчаны ў часы Паўночнай вайны. З уцалелага бярвення была пабудавана афіцына, якая стаяла да Другой сусветнай вайны. Таксама з часоў Александровічаў захаваўся мураваны будынак, які датаваўся XVII ст., згарэў, але быў адноўлены ў канцы XIX ст. Згодна з паданнем, яго будавалі масоны і ён павінен быў стаць месцам збору ложы. Па іншым паданні, Александровічы пабудавалі яго як жылы дом, пасля чаго стары палац стаў афіцынай.
Мураваны будынак стаяў паблізу былога палаца і перпендыкулярна яму. Ён ўяўляў сабой прастакутнік даўжынёй 24 м. З тыльнага боку месціўся ўезд у шырокі калідор піўніцы, а з другога, супрацьлеглага, быў уваход у калідор жылога паверха. Пляцоўка за домам з боку парку ляжала на 1 метр ніжэй, чым пляцоўка перад домам. Сцены дома былі выкананы з вялікіх, абчэсаных з аднаго бока камянёў, абліцаваных знутры цэглай.
Засталіся 5 злучаных паміж сабой каналамі сажалак, у якіх гаспадары маёнтка вырошчвалі экзатычныя віды рыб, у тым ліку і стронгі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 12 сакавіка 1973 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1973, № 12 (1386).
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 28.08.2013 N 250 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Щучинского района Гродненской области Архівавана 17 ліпеня 2019.
Спасылкі
- Лаўрэш Леанід. Маёнткі Касцянёва і Паперня // Наша Слова. № 39 (1554), 30 верасня 2021.; № 40 (1555), 7 кастрычніка 2021.; № 41 (1556), 14 кастрычніка 2021.; № 42 (1557), 21 кастрычніка 2021. // на pawet.net
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шчучынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.