wd wp Пошук:

Нача (Воранаўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Нача.

На́ча[1] (трансліт.: Nača) — вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Начка. Уваходзіць у склад Доцішскага сельсавета.

Насельніцтва 445 чал. (1998). Знаходзіцца за 41 км на захад ад Воранава, за 35 км ад чыгуначнай станцыі Бастуны, аўтамабільная дарога на Радунь.

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Начу як уладанне Касцевічаў датуецца 1517. У 1529 Януш Касцевіч заснаваў у мястэчку касцёл і перанёс сюды цэнтр парафіі з Дубічаў. Пазней мясцінай валодалі Кішкі, Радзівілы.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Нача ўвайшла ў склад Лідскага павета Віленскага ваяводства. Паводле рэвізіі (1631) тут існавала татарскае пасяленне (цяпер жывуць толькі ў суседняй вёсцы Некрашунцы).

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Нача апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Каняеўскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. Станам на 1886 у мястэчку было 16 двароў, касцёл, 3 карчмы, крама, таржок.

Паблізу вёскі знаходзяцца могільнікі бронзавага і жалезнага вякоў і каменныя магілы XII—XIV стагоддзяў. Пры іх абследаванні ў 1903 годзе Вандалінам Шукевічам, знойдзеныя жалезныя нажы, каменныя сякеры, бронзавыя бранзалеты, шыйныя грыўні.

З 1631 года ў вёсцы размяшчалася сядзіба архітэктара Людвіга Долгірда.

У лютым 1863 года ў вёсцы фарміраваўся паўстанцкі атрад Людвіка Нарбута[2].

На мяжы XIX—XX стагоддзяў у вёсцы знаходзілася сядзіба Вандаліна Шукевіча[3].

Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Нача трапіла ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Лідскім павеце Навагрудскага ваяводства.

У 1939 годзе Нача ўвайшла ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам сельсавета Радунскага раёна (з 25 снежня 1962 — у Воранаўскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1998 год у вёсцы 173 двары.

Да 5 кастрычніка 2007 года вёска ўваходзіла ў склад Нацкага сельсавета[4].

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1886 — 272 чал.
  • XX стагоддзе: 1998 — 445 чал.[5].

Інфраструктура

У Начы працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, фельчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Славутасці

Страчаная спадчына

Стары касцёл, фота пач. XX ст.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Швед В. В. Ваенны начальнік Лідскага павета // Памяць: Ліда. Лідскі раён: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мн.: 2004.
  3. Maria Magdalena Blombergowa. WANDALIN SZUKIEWICZ. Syn Ziemi Lidzkiej ― Badacz i Społecznik (1852 - 1919). — Warszawa-Lida, 2010.
  4. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 5 октября 2007 г. № 48 «О решении вопросов административно-территориального устройства Вороновского района»(недаступная спасылка) (руск.)
  5. Нача // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 311.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Воранаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be