wd wp Пошук:

Круглянскі раён

Кругля́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Магілёўскай вобласці. Мяжуе з Бялыніцкім і Шклоўскім раёнамі Магілёўскай вобласці, Талачынскім раёнам Віцебскай вобласці і Крупскім раёнам Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Круглае.

Гісторыя

У эпоху неаліту (3-5 тыс. да н.э.) на тэрыторыі раёна пражывалі плямёны Верхнядзвінскай культуры.

Мястэчка Круглае, якое атрымала назву ў сувязі з размяшчэннем ў коле рэк Друць, Сітня і Гнілка, упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах ў 1524 годзе. У 1967 годзе яму прысвоены статус гарадскога пасёлка. У 9-13 стагоддзях гісторыя Кругляншчыны звязана з Полацкім і Друцкім княствамі. У пачатку 17 ст. Круглае, Цяцерын і іншыя маёнткі становяцца ўласнасцю Льва Сапегі.

У 1654 годзе ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай адбылася бітва пад Шапялевічамі, у якой літоўскае войска на чале з гетманам Янушам Радзівілам пацярпела паражэнне. У ліпені 1655 года ў Круглым размяшчалася стаўка цара Аляксея Міхайлавіча.

У 1750 годзе Міхал Казімір Агінскі ўступіў у валоданне сваімі вотчынамі, сярод якіх былі і шматлікія маёнткі на Кругляншчыне.

У 1782 годзе Кацярына ІІ пажалавала Круглае з яго ўгоддзямі княгіні Кацярыне Раманаўне Дашкавай, якая валодала ім да 1810 г.

Па ініцыятыве княгіні ў 1785 годзе сяло Круглае было пераведзена ў разрад мястэчка. У 1802 годзе К. Дашкава асвяціла праваслаўную царкву, пабудаваную на яе сродкі ў Круглым, у імя святых Кіра і Іаана. У 1793 годзе пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай уся тэрыторыя Кругляншчыны ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1812 г. чатыры месяцы працягвалася акупацыя Кругляншчыны французамі. У лістападзе 1812 г. у маёнтку графа Варанцова знаходзілася галоўная кватэра М. І. Кутузава. У 1833 г. м. Круглае на аўкцыёне ў Санкт-Пецярбургу набыў князь Сцяпан Аляксеевіч Крапоткін.

У другой палове 19 ст. — пачатку 20 ст. на тэрыторыі раёна знаходзіліся буйныя памешчыцкія валоданні, гаспадарка якіх перабудоўвалася на капіталістычны лад, адкрываліся вытворчасці па перапрацоўцы і выпуску прадукцыі з мясцовай сыравіны. Былі шырока распаўсюджаны сялянскія промыслы (сталярны, швейны, сапожны, бандарны, ганчарны, кавальскі, вытворчасць сукна і льняных тканін).

З 1884 г. па 1898 г. на тэрыторыі раёна ў в. Тубышкі пражываў рускі генерал, нацыянальны герой Сербіі, першы губернатар Туркестанскага краю Міхаіл Рыгоравіч Чарняеў (нарад. 1828 г., памёр 1898 г.).

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Аршанскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Круглае. 20 жніўня 1924 года падзелены на 10 сельсаветаў: Загаранкаўскі, Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Новапалескі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі, Стайскі (Стаінскі), Цяцерынскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года раён скасаваны: Стайскі (Стаінскі), Цяцерынскі сельсаветы перададзены Бялыніцкаму раёну; Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Новапалескі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі сельсаветы — Талачынскаму раён; Загаранкаўскі, Комсеніцкі сельсаветы — Шклоўскаму раёну.

12 лютага 1935 года Круглянскі раён утвораны зноў, у яго склад ўключаны 13 сельсаветаў: Загаранкаўскі, Комсеніцкі сельсаветы Шклоўскага раёна; Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Мархлеўскі нацыянальны польскі, Новапалескі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі сельсаветы Талачынскага раёна; Сіманавіцкі, Стайскі (Стаінскі), Цяцерынскі, Шапялевіцкі сельсаветы Бялыніцкага раёна. 15 ліпеня 1935 года Круглае атрымала статус мястэчка. 3 верасня 1937 года скасаваны Мархлеўскі нацыянальны польскі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. 27 верасня 1938 года статус Круглага панізілі да вёскі.

Перад Вялікай Айчыннай вайной 1941—1945 гг. у раёне пражывала каля 40 тыс. чалавек, у т.л. у Круглым — 1,2 тыс. чалавек. Самым буйным прадпрыемствам быў ільнозавод, дзе колькасць працоўных даходзіла да 130 чалавек.

З 8 ліпеня 1941 па 28 чэрвеня 1944 года тэрыторыя раёна была акупіравана нямецкімі захопнікамі. Былі спалены вёскі Гоенка і Бярозка. 1144 мірных жыхары былі расстраляныя, 1527 чалавек гвалтоўна вывезлі ў Германію. На тэрыторыі раёна дзейнічала 8-я партызанская брыгада пад камандаваннем Сяргея Георгіевіча Жуніна — Героя Савецкага Саюза, атрад «Чэкіст» пад камандаваннем Герасіма Аляксеевіча Кірпіча.

16 ліпеня 1954 года скасаваны Новапалескі, Сіманавіцкі і Стайскі сельсаветы. 16 верасня 1959 года раён скасаваны, Загаранкаўскі, Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі сельсаветы перададзены ў склад Бялыніцкага раёна.

30 ліпеня 1966 года Круглянскі раён утвораны зноў, уключаў вёску Круглае, Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Паўлавіцкі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі сельсаветы. 11 сакавіка 1967 года Круглае атрымала статус гарадскога пасёлка. 22 сакавіка 1967 года скасаваны Круглянскі сельсавет. 27 снежня 1977 года Паўлавіцкі сельсавет перайменаваны ў Рубежскі. 26 сакавіка 1987 года адноўлены Круглянскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Круглае і Круглянскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 21 снежня 2011 года скасаваны Кручанскі і Шапялевіцкі сельсаветы, Рубежскі сельсавет перайменаваны ў Філатаўскі[6]. 20 снежня 2014 года Ляснянскі сельсавет перайменаваны ў Запрудскі[7]. 19 снежня 2016 года гарадскі пасёлак Круглае набыў статус горада раённага падпарадкавання[8].

Найбольшае сацыяльна-эканамічнае развіццё раён атрымаў пасля аднаўлення ў 1966 годзе. Будаваліся аб’екты сацкультбыту, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў. Вялікая праца была праведзена па будаўніцтве сеткі дарог з цвёрдым пакрыццём.

Геаграфія

Рака Друць

Плошча 900 км². Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня хваліста-раўнінная, пераважаюць вышыні 180—200 м над узроўнем мора, самы высокі пункт (223 м) размяшчаецца каля вёскі Баканава.

Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіравы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі.

Сярэдняя тэмпература студзеня — −7,6 °C, ліпеня — 17,8 °C. Ападкаў 626 мм у год. Вегетацыйны перыяд 186 сутак.

Асноўныя рэкі — з поўначы на поўдзень цэнтральную частку раёна перасякае рака Друць з прытокамі Бярозаўка, Асліўка з Рутай, Каменка, Гнілка, Вабіч; на захадзе рака Можа з Бярозкай. Іншыя рэкі: Сітня і Чыгірынка.

У Круглянскім раёне размешчаны азёры Яложынскае, безыменныя. На рацэ Друць створана Цяцёрынскае вадасховішча.

Глебы дзярнова-падзолістыя (60,1 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,6 %). Лесам занята 26 % тэрыторыі раёна, з іх 19,8 % штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Асноўныя лясныя масівы на захадзе, пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Плошча балотаў 3,8 %, найбуйнейшае балота Шчыток.

Помнікі прыроды раёна — возера Хатамка каля вёскі Шапялевічы, крыніцы каля вёсак Прыгані 1, Цяцерын.

Прамысловасць і сельская гаспадарка

Цяцерынская ГЭС

Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная рагатая жывёла, свінагадоўля), льнаводства. Сельгаспрадпрыемствы вырошчваюць збожжа, кукурузу, лён, бульба, буракі, рапс.

Прамысловасць прадстаўлена вытворцамі электраэнергіі, прадуктаў харчавання, будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствамі па першаснай апрацоўцы лёну.

Адукацыя і сацыяльная сфера

У раёне дзейнічаюць 6 сярэдніх школ, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы, тэрытарыяльна-школьны комплекс у вёсцы Філатава (сярэдняя школа, дзіцячы сад, філіял дзіцячай школы мастацтваў, аддзяленне раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы), 3 комплексу сярэдняй школы з дзіцячым садам, цэнтр пазакласнай дзейнасці вучняў, 11 дзіцячых садкоў, 8 дамоў культуры, 22 клубы, 23 бібліятэкі, 4 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

Дэмаграфія

Насельніцтва раёна складае 19,4 тыс. чалавек, у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць каля 9 тыс. Усяго налічваецца 152 сельскіх населеных пункта, 7 сельсаветаў: Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Рубежскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі.

Транспарт

Праз раён праходзяць аўтадарогі на Магілёў, Талачын, Шклоў і Бялынічы.

Культура

Ёсць музей вырабаў з саломкі і падручных матэрыялаў.

Адпачынак і забавы

Аб’екты вольнага часу Круглянскага раёна

  • Раённы Дом культуры, г. Круглае, вул. Савецкая, 60
  • Дом рамёстваў, г. Круглае, вул. Савецкая, 53а
  • Моладзевы цэнтр вольнага часу і забаў, г. Круглае, вул. Паркавая, 28

Аб’екты размяшчэння Круглянскага раёна

  • Гасцініца «Друць», г. Круглае, вул. Савецкая, 36

Аб’екты адпачынку і аздараўлення Круглянскага раёна

  • Паляўнічая база «Падар», Круглянскі раён, в. Падар

Славутыя мясціны

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Круглянскага раёна

  • царква Траецкая. Дата будаўніцтва: пасля 1990 года
  • Возера Хатомле знаходзіцца 1,5 км паўднёва-заходней в. Гоенка. Плошча воднага люстэрка 1,2 га. Возера — помнік прыроды мясцовага значэння.
  • Цяцёрынскае вадасховішча. Знаходзіцца ў в. Цяцерын. Плошча воднага люстэрка 458 га.
  • Пабудовы XIX стагоддзя. Знаходзяцца ў вёсцы Тубушкі. Капліца і сядзібны дом.
  • Царква Пакроўская. Знаходзіцца ў вёсцы Дудаковічы. Дата пабудовы — 2-я палова XIX ст.
  • Стары Млын

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Зноскі

  1. http://krugloe.gov.by/ru/obl-news-ru/view/si-polonnikov-predsedatel-krugljanskogo-rajispolkoma-10032/
  2. http://president.gov.by/by/news_by/view/prynjatstse-kadravyx-rashennjau-21650/
  3. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  4. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  5. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  6. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 21 декабря 2011 г. № 13-9 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области Архівавана 14 красавіка 2019.
  7. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 декабря 2014 г. № 7-4 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Круглянского района Могилевской области
  8. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 19 декабря 2016 г. № 24-4 Об отнесении поселков городского типа Белыничи и Круглое Могилевской области к городам районного подчинения

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Круглянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Круглянскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Бялыніцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Круглянскага раёна Катэгорыя·Раёны Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1931 годзе Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1935 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be