Круглае
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Круглае (значэнні). Кру́глае[2] (трансліт.: Kruhlaje) — горад (з 2017[3]) у Магілёўскай вобласці Беларусі, цэнтр Круглянскага раёна, на рацэ Друць. За 78 км на паўночны захад ад Магілёва, 19 км ад чыгуначнай станцыі Талачын на лініі Орша—Мінск. Вузел аўтадарог на Магілёў, Оршу, Шклоў, Талачын, Бялынічы. Насельніцтва 7 617 чал. (2017)[4].
Гісторыя
Вядомы з XVI ст. як сяло ў складзе Друцкага княства, пазней Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.
Першы пісьмовы ўспамін пра Круглае як вёску Аршанскага павету Віцебскага ваяводства датуецца 1524 годам. У гэты час маёнтак знаходзіўся ва ўладанні Палубінскіх. У 2-й палове XVI ст. Круглае перайшло да Нарушэвічаў, пазней Дэмбінскіх, Расцінскіх, Ломскіх. У 1621 году Юры Ломскі прадаў яго канцлеру Льву Сапегу. У 1667 годзе маёнтак перайшоў да князя Аляксандра Палубінскага.
Паводле інвентароў, складзеных у 1669 і 1673 гадах, Круглае мела статус мястэчка і налічвала 72 двары. Па смерці А. Палубінскага ў 1679 годзе маёнтак перайшоў да Яны Тэадоры Нарушэвіч, якая ўзяла другі шлюб з Янам Агінскім. У XVIII ст. мястэчка належала іхным нашчадкам. На 1743 год — 60 двароў.
У 2-й палове XVIII ст. мястэчка, 328 жыхароў, належыла вялікаму гетману літоўскаму М. К. Агінскаму. З 1772 г. вёска ў Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі, 462 жыхары (41 двор), працаваў бровар, палатняная фабрыка, належала княгіні К. Дашкавай, якая пабудавала тут праваслаўную царкву. З 1785 г. — мястэчка. У вайну 1812 у Круглым знаходзілася галоўная кватэра рускіх войскаў на чале з М. І. Кутузавым.
У 1880 годзе ў Круглым 119 двароў, праваслаўная царква, народнае вучылішча, яўрэйская школа, 3 млыны, праводзіліся 3 кірмашы. На пачатку XX ст. 1,6 тыс. жыхароў, крухмальны завод, 2 вучылішчы, 22 крамы.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Круглым створаны зямельная ўправа (орган Часовага ўрада), пераважную большасць членаў якой складалі меншавікі, і валасны зямельны камітэт, выбраны працоўнымі (старшыня — В. І. Ракушаў). Камітэт вёў бальшавіцкую агітацыю, вырашаў пытанні перадзелу зямлі. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. Пры актыўным удзеле валаснога зямельнага камітэта былі абяззброены і выдалены з воласці члены памешчыцкіх сем’яў, а іх землі канфіскаваны і перададзены сялянам. У канцы студзеня 1918 г. створаны валасны Савет. Першы сакратар валвыканкома — Антон Лукашэвіч. У лютым — кастрычніку 1918 г. Круглае акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. У 1917-18 гг. у складзе Магілёўскай губерні, з верасня 1918 г. — у Заходняй камуне. У студзені — лютым 1919 г. у складзе БССР, з лютага 1919 г. у складзе РСФСР, належала да Гомельскай губерні. З красавіка 1919 г. дзейнічаў валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт.
Пасля адступлення немцаў у 1918 г. створана працоўная школа 1-й ступені, якая размясцілася ў былым памешчыцкім будынку. У гэтай школе было ў 1923 г. 266 вучняў. У 1919 г. адкрыта школа 2-й ступені, у якой у 1923 г. навучаліся 146 дзяцей. У студзені 1919 г. створана камсамольская ячэйка. Тут знаходзіцца магіла савецкіх актывістаў, у якой пахаваны В. І. Ракушаў і яго сыны Фёдар і Рыгор.
З 1925 года вёска, 1344 жыхары (250 двароў). У 1931—1935 гг. у Талачынскім раёне. З 1935 г. цэнтр Круглянскага раёна. З 1938 г. у Магілёўскай вобласці. У час Вялікай Айчыннай вайны моцна разбурана, у наваколлях загінулі больш 3 тыс. мірных жыхароў. У 1959—1966 гг. у Бялыніцкім раёне. З 1967 года — гарадскі пасёлак.
У пасляваенныя гады забудоўвалася пераважна драўляныя дамамі сядзібнага тыпу. З 1975 года развіваецца паводле генеральнага плана і праекта дэталёвай планіроўкі, у аснову якіх закладзены прынцып раскрыцця забудовы ў бок Друці. Жылы масіў сканцэнтраваны галоўным чынам у цэнтры і ў паўднёвай частцы пасёлка, будуюцца 4-х і 5-павярховыя дамы. Прамысловая зона фарміруецца ў паўночнай частцы.
З 18 студзеня 2017 мае статус горада раённага падпарадкавання[3].
Насельніцтва
- 1923 — 1622 чал.
- 1995 — 8,2 тыс. чал.[5]
- 2006 — 7,3 тыс. чал.
- 2016 — 7620 чал.[6]
- 2017 — 7617 чал.[4]
Эканоміка
У горадзе працуе ГУК ДСП «Круглянская ПМК№ 266», аддзяленне Магілёўскага малочнага камбіната. Гасцініца.
Культура
Дзейнічаюць сярэднія школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 бібліятэкі, моладзевы цэнтр, Дом рамёстваў. Выдаецца газета «Сельскае жыццё». Дзейнічае Круглянскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Славутасці
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан;
- Магіла ахвяр фашызму;
- Помнік падпольшчыкам Вялікай Айчыннай вайны;
- Алея герояў.
- Свята-Троіцкая царква
Вядомыя асобы
- Дзяніс Аляксандравіч Дудкоў
- Анатоль Віктаравіч Красінскі (нар. 1930) — беларускі кіназнавец.
- Людміла Расціслаўна Выхрысценка (нар. 1961) — беларускі ўрач, спецыяліст па ўнутраных хваробах. Доктар медыцынскіх навук (2014), прафесар (2016).
Галерэя
- Будынак гарадской адміністрацыі
- Аўтастанцыя
- Магазін
- Мемарыяльны камень
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан
- Мемарыял вызваліцелям
- Мемарыял удзельнікам вайны ў Афганістане
- Помнік падпольшчыкам Вялікай Айчыннай вайны
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- 1 2 Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 2016 г. № 925 «Об отнесении поселков городского типа Белыничи и Круглое Могилевской области к городам районного подчинения» і рашэнне Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў ад 19 снежня 2016 г. № 24-4 «Об отнесении поселков городского типа Белыничи и Круглое Могилевской области к городам районного подчинения» (увайшло ў сілу 18 студзеня 2017 г.) на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь (руск.)
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Беларусь, 1995
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
- Круглае // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 402. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- З гісторыі населеных пунктаў Кругляншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага раёна. — Мінск, 1996. — С. 22—25.
- Круглое // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Круглае
- Геаграфічныя звесткі па тэме Круглае на OpenStreetMap
- Надвор’е ў горадзе Круглае
Катэгорыя·Населеныя пункты Іўеўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Барысаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Бярозаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Клімавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Круглянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Пружанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Пінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Слуцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.