wd wp Пошук:

Крукі (Брагінскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Крукі. Крукі́[1] (трансліт.: Kruki, руск.: Крюки) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Камарынскага пасялковага савета.

Знаходзіцца на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (170 сем’яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[2].

Геаграфія

Размяшчэнне

У 42 км на поўдзень ад Брагіна, 18 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Палтава), 172 км ад Гомеля.

Водная сістэма

Рака Несвіч (прыток ракі Брагінка).

Транспартная сістэма

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.

Планоўка складаецца з амаль прасталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой з усходу і захаду далучаюцца крывалінейныя вуліцы. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Вядомая з XIX стагоддзя як сяло ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні У 1850 годзе валоданне пані Ванчэўскай. У 1885 годзе цэнтр Крукаўскай воласці, у якую ўваходзілі 19 населеных пунктаў з 477 дварамі. У 1897 годзе знаходзіліся школа граматы, хлебазапасны магазін, 2 вятракі, карчма, царква, яўрэйская малітоўная хата; побач знаходзіўся смаляны завод. У 1908 годзе ў Савіцкай воласці.

З 8 снежня 1926 года па 8 студзеня 1987 года[3] цэнтр Крукоўскага сельсавета Камарынскага, з 25 снежня 1962 года Брагінскага раёнаў Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (з 27 чэрвеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1929 годзе 2 школы, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Парыжская камуна», працавалі вятрак і воўначасальня.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў красавіку 1943 года партызаны разграмілі ў вёсцы нямецкі гарнізон. У маі 1943 года фашысцкія карнікі цалкам спалілі вёску і забілі 25 жыхароў. У баях за вёску і яе наваколле ў лістападзе 1943 года загінулі 5 салдат і 2 партызаны (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 101 мясцовы жыхар, у памяць пра якіх у 1967 годзе ў цэнтры вёскі збудаваны абеліск. У 1962 годзе да вёскі далучана вёска Нарагі.

Была цэнтрам калгаса імя В. І. Леніна. Дзейнічалі камбінат побытавага абслугоўвання, ляснікоўства, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.

З 8 студзеня 1987 года па 13 снежня 1991 года вёска ўваходзіла ў склад Гдзенскага сельсавета, пасля — у адміністрацыйным падпарадкаванні Камарынскага пассавета.

Насельніцтва

Колькасць

  • 2010 год — жыхароў няма.

Дынаміка

  • 1850 год — 22 двары, 165 жыхароў.
  • 1885 год — 42 двары, 214 жыхароў.
  • 1897 год — 98 двароў, 525 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 год — 129 двароў, 711 жыхароў.
  • 1929 год — 1254 жыхара.
  • 1940 год — 280 двароў.
  • 1959 год — 650 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1986 год — жыхары (170 сем’яў) пераселены.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
  3. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Брагінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be