wd wp Пошук:

Лашанцы

Лаша́нцы[1] (трансліт.: Lašancy, руск.: Лошанцы) — вёска ў Крупскім раёне Мінскай вобласці, каля ракі Блудыня[2]. Уваходзіць у склад Ігрушкаўскага сельсавета.

Гісторыя

Вялікае княства Літоўскае

Маглі з’явіцца пасля аграрных рэформ 1550-1580-х гадоў. З 1625 года адзначаецца час, калі ўзнікла шмат паселішчаў сучаснага Крупскага раёна. Аднак, падчас вайны 1654—1667 гадоў тэрыторыя сучаснай Усходняй Беларусі была вынішчана, колькасць насельніцтва скарацілася ў больш за 2 разы. Паводле польскага даследчыка Е. Можы, Аршанскі павет страціў 2/3 дымоў, а шчыльнасць насельніцтва ў ім скарацілася з 20,2 да 6,2 чалавек на 1 км². Пасля вайны магнаты пачалі засяляць гэтыя землі сялянамі з заходніх і паўднёвых рэгіёнаў Рэчы Паспалітай.

Новаствораны засценак Лашанцы вядомы з сярэдзіны XVIII ст. у Чарэйскім маёнтку Аршанскага павета Вялікага Княства Літоўскага[3], ён размяшчаўся каля ракі Блудыня на мяжы фальварка Шчаўры і двара Грушка (маёнтак Гапонавічы) Худаўскай воласці.

Прыкладна гэтым часам шляхціч Ян Крукоўскі-Ждановіч герба «Ждан» прыбывае ў Лашанцы, якія належалі вялікаму канцлеру літоўскаму Сапезе. Ян Крукоўскі-Ждановіч пакінуў у засценку сыноў — Лявона (меў сыноў Рыгора і Яна з сынам Юрыем), Аляксандра (меў сыноў Марціна, Лявона, Тодара, Рыгора і Данііла, у апошняга былі сыны Лявон і Яўцімі), Караля (меў сыноў Самуэля і Васіля) і Андрэя (меў сыноў Аляксандра, з сынамі Янам, Сільвестрам, Аляксандрам, і Яна, з сынамі Адам і Антон). Андрэй стаў прэсвітарам уніяцкай царквы ў Лашанцах[4].

У 2-й палове XVIII ст. Лашанцы заставаліся ў складзе маёнтка Чарэя Аршанскага павета Віцебскага ваяводства, які належаў Аляксандру Сапезе герба «Ліс», але ўжо пэўны час быў закладзены, спачатку пану Бекельману, потым віцебскаму ваяводзе Юзафу Салагубу.

У 1772 годзе ў засценку Лашанцы было 5 двароў, 30 жыхароў мужчынскага полу. У 1778 годзе ўладальнікам Лашанцаў стаў Ануфрый Рашкоўскі. З 1790 года ўжо вёска Лашанцы ў складзе новаўтворанага маёнтка Шчаўры шляхціча Рашкоўскага.

Расійская імперыя

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска ў складзе Магілёўскага намесніцтва Расійскай імперыі. З 12 снежня 1796 года да 27 лютага 1802 года ў складзе Магілёўскага (Копыскага) павета Беларускай губерні. З 27 лютага 1802 года да 1861 года ў Шчаўроўскай воласці Копыскага павета Магілёўскай губерні.

У лістападзе 1812 года, падчас руска-французскай вайны і адступлення французаў, Лашанцы і Лужа разрабаваны[5].

У 1857 годзе праходзіў перапіс мястэчак Магілёўскай губерні. Вёска Лашанцы пазначана (3-я ў спісе) ў Копыскім павеце ў сяле Шчаўры каля ручая Блудынка (сёння назва «Блудыня»). У крыніцы таксама напісана, што ў той час у Лашанцах пражываў 81 селянін, беларускага паходжання, за памешчыкам

У XIX ст. маёнткам Шчаўры, у склад якога да 1865 года ўваходзілі Лашанцы і Лужа, валодае маршалак шляхты і аматар беларушчыны Юлій Серафімаў Рашкоўскі герба «Агеньчык». У 1842 годзе беларускі пісьменнік-драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў аканомам у маёнтку Шчаўры ў паноў Рашкоўскіх.

З 1861 года вёскі Лашанцы, Лужа, засценак Актавія і фальварак Двор-Пярэсіка, якія адносіліся да царквы і праваслаўнага прыхода Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў сяле Шчаўры, былі ўжо ў складзе Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1864—1865 гг. сяляне з мясцовых вёсак Крупшчыны пачалі набываць у Юлія Рашкоўскага землі. Напрыклад, селянін вёскі Гута Халімон (Філімон) Цімохін Галенка разам са сваім сынам Сільвестрам і малодшымі братамі Данілам, Мацвеем, Рыгорам, і іншымі сялянамі як упаўнаважаныя мясцовага сельскага таварыства падпісалі Устаўную грамату пана Рашкоўскага аб набыцці яго зямель у вёсцы Лашанцы. Выкупная пазыка на 49 гадоў складала 5013 рублёў 33 капейкі. Выплочвалі штогод па 6 % ад сумы: 300 рублёў 80 капеек.

1864-1865 гг.. Выкуп зямель пана Рашкоўскага ў вёсцы Лашанцы сялянамі вёскі Гута Галенка Халімонам з сынам Сільвестрам і яго малодшымі братамі, і іншымі сялянамі.

У гэты ж перыяд геадэзічнае апісанне Лашанцаў праводзіў прыватны землямер і таксатар Павел Аляксееў Насовіч. Даследаванне ён праводзіў з пэўных адмежаваных ліній. Напраклад, пачатак першай лініі ішоў «от дачи Могилёвской губернии Сенненского уезда сельца Староселье владения Стаховского с поставленного временного межевого знака деревянного столба (на левой стороне живого урочища) в трёх с половиной сажень от речки Блудинка. В левой стороне описываемой межи находится земля фальварка Острово владения помещика Рошковского».

З вынікаў працы Насовіча вядома, што ў Лашанцах была сядзібная зямля з 14 дзесяцінамі і 1200 сажняў, ворыўная — 143 дзесяціны і 1800 сажняў, пад сенакос — 47 дзесяцін і 600 сажняў, дрывянога лесу — 6 дзесяцін. Вынік: зручнай зямлі 211 дзесяцін і 1200 сажняў. За балотам і могілкамі, вуліцай і прасёлкавымі дарогамі — 10 дзесяцін. Вынік: непрыдатнай зямлі 10 дзесяцін. А агулам прыдатных і непрыдатных земляў — 221 дзесяціна і 1200 сажняў. Унутры сялянскага валодання знаходзіцца ўладальніцкая зямля ў пяці ўчастках — 6 дзесяцін і 1200 сажняў. Вынік: усёй зямлі 228 дзесяцін.

Акрамя пана Юлія Рашкоўскага, да гэтага геадэзічнага апісання руку прыклалі ўпаўнаважаныя ад сялян Шчаўроўскай воласці: Тэадор Янаў Цюхлоў, Пётр Сямёнаў Дрозд, Лука Яўменаў Прыгажонак, Тэадор Осіпаў Прыгажонак, Адам Конанаў Бундзель, Аўрам Пракопаў (у рэвізіі за 1858 год запісаны за сям’ёй Лапін). З-за неадукаванасці (па іх жа просьбе) подпіс за іх ставіў унтэр-афіцэр Яўхім Бязносаў. Старастам Лашанцаў у той час быў Базыль (Васіль) Цімохін.

У 1897 годзе па выніках першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі ў Лашанцах было 36 двароў, 222 жыхары. У 1909 годзе ўжо 44 двары, 271 жыхар.

Найноўшая гісторыя

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць Лашанцаў часта мянялася. У студзені 1918 года амаль каля саміх Лашанцаў праходзіла савецка-польская лінія фронту, затым у лютым была нямецкая акупацыя, а з 25 сакавіка 1918 года вёска ўжо на тэрыторыі абвешчанай часткай новай нацыянальнай дзяржавы БНР і да 21 лістапада 1918 года ўсё яшчэ працягвала знаходзіцца пад нямецкай акупацыяй. З 1 студзеня 1919 года Лашанцы ўжо ў складзе новай савецкай дзяржавы ССРБ, а ўжо ў лютым праз сучасны Крупскі раён праходзіла мяжа новай дзяржавы ЛітБел і РСФСР. Лашанцы на два гады апынуліся паміж двума буйнымі рэгіёнамі савецкай дзяржавы і за якім лічыліся пакуль пэўна не вядома. Магчыма, гэтая тэрыторыя Магілёўскай губерні ў гэты час жыла па законах (!) трэцяй дзяржавы ССРБ. Бо былы Сенненскі павет Магілёўскай губерні ў гэты перыяд быў скасаваны: спачатку з 26 красавіка 1919 года яго паўночная частка (Астровенская воласць) далучылася да Віцебскай губерні РСФСР і толькі з 10 красавіка 1921 года паўднёва-заходняя частка (Бобрская воласць, да якой адносіліся Лашанцы са сваім адміністрацыйным цэнтрам у Шчаўрах) далучылася да Барысаўскага павета Мінскай губерні. Трэба дадаць, што на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі пры ЦВК ССРБ Сенненскі выканкам выступаў супраць пераводу Бобрскай воласці ў іншы павет па прычыне, што «гэтая воласць з’яўляецца самым буйным фабрычна-завадскім цэнтрам Сенненскага павета». Але сябра Масэн пастанавіў, што «пры неабходнасці некаторыя фабрычна-завадскія прадпрыемствы Бобрскай воласці застануцца за Віцебскай губерняй шляхам пераносу іх на іншую тэрыторыю Віцебскай губерні» (НАРБ, Фонд 34, вопіс 1, справа 285).

З 20 жніўня 1924 года вёска Лашанцы ў складзе Малажаберыцкага сельсавета Крупскага раёна Барысаўскай акругі БССР і па Усесаюзным перапісе 1926 года налічвала 62 двары і 324 жыхары. Фактычна ўмоўным новым адміністрацыйным цэнтрам для Лашанцаў стала мястэчка Малыя Жаберычы.

Баявы шлях 5-й гвардзейскай танкавай арміі па маршруце Обальцы-Абчуга-Ігрушка-Кастрыца-Стары Барысаў

З 18 ліпеня 1927 года Лашанцы ў складзе Аршанскай акругі. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Крупскім раёне БССР. У 1932 годзе вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас з зусім нетыповай назвай тых часоў «імя Сценькі Разіна», які налічваў 40 гаспадарак. З 20 лютага 1938 года ў складзе Менскай вобласці.

У 1941 годзе 58 двароў, 158 жыхароў. Акупіраваны немцамі Лашанцы былі з 1 ліпеня 1941 года. Ад фашысцкай акупацыі (нямецкі разведатрад 5-й танкавай дывізіі генерала танкавых войск Карла Дэкера знаходзіўся ў Ігрушцы, другі нямецкі гарнізон знаходзіўся ў суседняй вёсцы Старая Пярэсіка) вёскі Лашанцы і Лужа былі вызвалены 28 чэрвеня 1944 года падчас аперацыі «Баграціён» 29-м танкавым корпусам Чырвонай арміі пад камандаваннем генерал-маёра Яўгенія Фаміных (быў у складзе 5-й гвардзейскай танкавай арміі генерал-лейтэнанта Паўла Ротмістрава). 29-ы корпус складаўся з перадавых сілаў: танкавая брыгада, полк самаходнай артылерыі, зянітны артполк, батарэя 122-мм гаўбіц, батарэя ИСУ-152 і сапёрны батальён. Баі праходзілі на полі каля ракі Блудыня. Пасля вызвалення жыхары Лашанцаў забіралі рэчы загінулых немцаў: ад ботаў да гадзінніка на руку.

У вёсцы была свая пачатковая школа пісьменства, якая знаходзілася каля паварота на могілкі. Настаўніцай у ёй была мясцовая жыхарка Таццяна Васільеўна Мікуліч (17.05.1921-01.10.2010).

Чатырохгадовая школа дзейнічала таксама ў суседняй вёсцы Стараселле. У Нацыяльным архіве Рэспублікі Беларусі (Фонд 42, вопіс 2, справа 2606) захавалася справаздача Старасельскай школы за 1924—1925 гг. Так, вядома, што тутэйшая школа была адкрыта яшчэ ў 1903 годзе і праца ў ёй вялася выключна на беларускай мове. Навучаліся ў ёй дзеці з вёсак Стараселле, Лашанцы, Каменка. З Лашанцаў усяго толькі 2 вучні пры тым, што колькасць насельнікаў вёскі складала 348 жыхароў, 54 з якіх падлягалі абслугоўванню ўстановай. Родная мова насельнікаў Лашанцаў пазначана беларуская. Бліжэйшыя школы былі Радзіцкая (2 вярсты), Жаберыцкая (4 вярсты) і Ігрушкаўская (4 вярсты). Школа знаходзілася ў нанятым будынку. Дом драўляны, пакрыты саломай, аднапавярховы. Памер: даўжыня 16 арш., шырыня 8 арш., вышыня 4 арш. Дом наняты на адзін навучальны год, далей навучанне ў ім не можа быць. Настаўнікам з 20 кастрычніка 1924 года быў беспартыйны Цімох Янаў Сіўцоў 1870 г.н. з вёскі Труханаўка Круглянскага раёна Аршанскай акругі. У 1897—1899 гг. праслухаў педагагічныя курсы пры Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1919 годзе слухаў курсы ў горадзе Сянне. Пазначана таксама, што Сіўцоў працаваў з сялянамі вёсак Лашанцы, Стараселле, Каменка і інш. без перапынку ў свабодны час ад школьных заняткаў. Прадмет заняткаў: родная мова, матэматыка, грамадазнаўства, прыродазнаўства, геаграфія, маляванне, фізічнае выхаванне, палітграмадства, спевы і 8 экскурсій у лес і на мясцовую раку. Вучні платай за навучанне ў 1924/1925 гг. не абкладаліся. Школа грашовых і матэрыяльных сродкаў апошнім часам не атрымлівала.

Настаўнік Старасельскай школы Сіўцоў Цімох Янаў адмовіўся маляваць план будынка школы, бо лічыў, што на наступны навучальны год патрэбны іншы будынак. Зараз жа ўстанова была ў нанятай хаце за 25 рублёў (без тэхнічнага працаўніка) за навучальны год і на гэтай прычыне ў настаўніка былі рэгулярныя спрэчкі з домаўладальнікам.

«Данные изложены в сжатой форме. Школа расположена в пределах бывшего знаменитого бандита Монича, который из секретных рассказов жителей посещал со своей шайкой игрища и даже его адъютант, происходящий из гражданской деревни Радица, прошедшим 1924 год убил в деревне Староселье мирного жителя. Нравы детей с такими наклонностями, которых я ещё в продолжении своей 33-х летней учительской деятельности не встречал; Но все же ко мне со стороны жителей данной местности было самое дружественное отношение и всегдашняя просьба держать их детей, как говорится, в ежовых рукавицах. К сожалению, при школе земельного участка не имеется и отвести его без репрессивных мер совершенно не представляется возможным, на что следует обратить сугубое внимание. Несмотря на многолюдность деревни Лошанцы (63 двора) откуда посещают школу только 6 учеников, таким образом здесь ликвидируется вместо безграмотности грамотность и на это явление следует надлежащим образом обратить внимание. Раньше школа называлась земельной, которая была великолепно оборудована. По слухам и некоторым данным ещё до моего предшественника товарища Морозова совершенна расхищена, что значительно затрудняло учителя и даже отражалось на успехах школьного дела: все начальные пособия, как то географические карты, карты по истории, учебники, таблицы; натурально-исторические, по географии, по математике и др. наглядно-научные пособия как то торговые счёты и школьный инвентарь все были уничтожено вследствие нерадения жителей деревни Староселье, а равно и бывших школьных работников и работниц…», — падвёў вынікі навучальнага года 25 мая 1925 года ў спецыяльным лісце настаўнік Цімох Сіўцоў.

Ужо пасля Другой сусветнай вайны ў 1950-я лашанскія дзеці пачалі хадзіць выключна ў васьмігадовую школу ў вёску Стараселле. Каб працягваць навучанне (па ўласным жаданні) у 9-м і 10-м класах, трэба было ездзіць ў школу ў сяло Ігрушка. Тутэйшых дзяцей і падлеткаў у гэты час жыхары суседніх вёсак называлі «лашанская хамса», бо іх шмат было.

8-гадовая школа ў Стараселлі, куды з 1950-х гадоў хадзілі вучыцца лашанскія дзеці.

У 1950-я гг. Лашанцы былі ў складзе калгаса «Усход». У 1959 годзе вёска налічвала 285 жыхароў. У гэты ж час насупраць аўтобуснага прыпынку, у самым пачатку вёскі, быў пабудаваны драўляны клуб, у якім акрамя бібліятэкі, пляцоўкі для свят і танцаў, сялянам паказвалі фільмы. Напрыклад, «Вий». Білет на кінасеанс каштаваў 15 капеек.

З 1960 года Лашанцы ў калгасе «Гігант», а з 1961 года ў саўгасе «Грушаўскі».

У архіве Мінскай вобласці захавалася некалькі спраў з пратаколамі партыйных сходаў саўгаса, у якіх узгадваюцца Лашанцы і яе жыхары (Фонд 10678-П, вопіс 1). Першае, што трэба адзначыць — азначэнне вёска ў гэты перыяд адсутнічае, як і жыхар вёскі. Ёсць брыгада і ўдзельнік брыгады. Брыгада складаецца з 3 умоўных частак: паляводства, жывёлагадоўля і аўтамеханічная. Так, у лістападзе 1962 года на адкрытым сходзе першаснай партыйнай арганізацыі саўгаса «Грушаўскі» галоўны інжынер, грамадзянін Варабей заўважыў, што ў Лашанцах трэба ўцяпліць воданапорную вежу. «Бо мы ўжа маем горкі вопыт з мінулага года», — у канцы дадаў ён. А ў верасні 1964 года галоўны заатэхнік саўгаса Якубовіч заўважаў, што ў брыгадзе Лашанцы кароўнік не падрыхтаваны да зімоўкі, таму трэба хутка дакрыць дах, зашыць франтоны сіламі будаўнічай брыгады і зрабіць кармушкі да 10 кастрычніка 1964 года. «У гэтай жа брыгадзе ў цагляным кароўніку трэба зрабіць капітальную сцяну, каб можна было адвесці пакой для ленкутка малочнага і г.д.», — акцэнтаваў на справах увагу Якубоўскі. На гэткім жа пасяджэнні выступіў і брыгадзір лашанскай вёскі (брыгады) Іван Макараў Філіповіч, які казаў, што брыгада выкапала 20 га бульбы. «Але ёсць такія працаўнікі, якія не ходзяць на працу. Напрыклад, Прыгажонак і яго жонка ні разу не выйшлі на працу. Пчолка Мікалая жонка не выходзіць на працу, а маюць прысядзібнай зямлі да 0,50 га. Такіх працаўнікоў у брыгадзе шмат, — скардзіўся Філіповіч. — Трактарыст Прыгажонак узяў самастойна трактар, прычапіў цялегу і перавозіў бульбу з сядзібы і зламаў цялегу. Такіх працаўнікаў трэба звальняць з саўгаса». Праз паўгода, у маі 1965 года Філіповіч зноў заўважыў, што ў брыгады № 3 вёскі Лашанцы з пасевам справа дрэнная, бо дрэнна працуюць трактары і ўвогуле брыгадзе не хапае трактароў, а тыя што ёсць часта прастойваюць з-за тэхнічных паломак.

У гэтым жа годзе камуніст Іван Макараў Філіповіч ужо толькі на закрытым сходзе перад выбарамі ў мясцовыя і абласныя саветы зноў скардзіўся, але ўжо, што ў вёсцы (брыгадзе) Лашанцы ніхто і ніколі не праводзіў аніякай размовы з жыхарамі. «Настаўніца Мікуліч не размаўляе з жыхарамі і настаўніца Шчэрба таксама не ўдзельнічае ў агітацыйнай рабоце і не размаўляе з насельніцтвам», — рэзюмаваў Філіповіч.

Пастаянныя прыніжэнні Філіповіча надакучылі і самім жыхарам Лашанцаў. Так, 30 жніўня 1965 года на адкрытым пасяджэнні саўгаса выступілі Аляксандра Кірылава Фёдарава, Ягор Іванаў Галавач, Мікалай Ягораў Пчолка, Аркадзь Бядрыцкі, Дзямід Андрэеў Галавач, якія паведамілі кіраўніку схода Аляхновічу, што Філіповіч груба адносіцца да іх, абражае іх нецэнзурнымі словамі. Пры праверцы гэта факт пацвердзіўся. Як вынік, Філіповіча строга папярэдзілі: «калі падобныя выпадкі будуць паўтарацца, будуць прынятыя стражэйшыя меры партыйнага ўздзеяння». «Я прызнаю, што блага адношуся да людзей, але я не магу мірыцца з недысцыплінаванымі. Яны напісалі на мяне скаргу бо як вывядуць з цярпення, даводзіцца і выразіцца. Я і сам не задаволены», — апраўдваўся на сходзе камуніст. Аднак праз тры месяцы ў снежні 1965 года на чарговым пасяджэнні сябры партбюро саўгаса «Грушаўскі» прагаласавалі за «вымову Філіповічу І. М. без занясення ва ўліковую картку па прычыне п’янства ў працоўны час, за грубасць да працоўных, за дапушчаную безгаспадарлівасць». Трэба дадаць, што яшчэ ў канцы кастрычніка камуністу Філіповічу праз безгаспадарлівасць далі памочніка Міхася Цітова Усошына для арганізацыі працы падчас збору ўраджаю.

«Людзі па 2-3 дні ў брыгадзе Лашанцы сядзяць і чакаюць камбайны для абмалота серадзелы, а брыгадзір Філіповіч хвалюецца, не ведае, што плаціць людзям, акрамя гэтага ў брыгадзе не палагаецца бульбы», — падкрэсліваў у кастрычніку 1965 года дрэнную працу тэхнікі ў саўгасе «Грушаўскі» тутэйшы сябра КПСС Міхась Цітаў Усошын.

«Чаму так размяркоўваюць зямлю? У Шаплова Л. П. няма тарфянікаў, ён сёння выглядае добра. Яго хваляць. А ў маёй брыгадзе Лашанцы шмат тарфянікаў, людзей мала, насеялі насеннай серадзелы для ўсяго саўгаса, а збіраць няма каму. Таму і ў нашай брыгадзе ёсць яшчэ 9 га, аўса яшчэ не скошана 9 га не ўбрана. Дрэнна, што ў гэтым годзе няма агранамічнай службы. Недахопы ў працы ў галоўнага заатэхніка грамадзяніна Дзейкуна І. Н. Калі такія благія справы, атрымліваецца, што блага працавала дырэкцыя саўгаса, партбюро, першасная партыйная арганізацыя і ўсе камуністы», — не прымаў крытыку ў свой адрас Філіповіч.

У гэты ж перыяд Пётр Рыгоравіч Прыгажонак як жыхар (удзельнік брыгады) Лашанцаў быў абраны ад тутэйшай партыйнай арганізацыі кіраўніком пастоў уздзеяння партдзяржкантролю ў сваёй вёсцы (брыгадзе).

З 1968 года Лашанцы ў саўгасе «Старасельскі». У гэты ж перыяд вёска налічвала ўжо 76 двароў і каля 500 жыхароў.

У архіве Мінскай вобласці захаваліся пратаколы партыйных сходаў гэтага саўгаса, у якіх перыядычна ўзгадваюцца Лашанцы і яе жыхары (Фонд 376-П, вопіс 1). Напрыклад, з крыніц вядома, што ў кастрычніку 1974 года член КПСС, ён жа кіраўнік лашанскай фермы Васіль Васільеў Галавач скардзіўся на старых кароў і дрэнныя ўмовы для працы.

«У сувязі з рэканструкцыяй кароўніка каровы стаяць пад адкрытым небам, не хапала кармушак і не хапала магчымасці ў поўнай меры раздаць каровам якасны корм і канцэнтраты. Яшчэ на ферме ёсць старыя каровы. У выніку план па малаку за 9 месяцаў не выкананы. Ёсць надзея — хутка ўвойдзе дойнае стада фермы ў механізіраваны кароўнік, тады я мяркую справа і палепшыцца па вырабу малака на ферме. Партбюро больш звяртаць увагі ўмовам працы жывёлаводаў на ферме Лашанцы. Лічу працу парбюро лічыць здавальняючай», — выступаў на партыйным сходзе Галавач.

Але праз два гады ў красавіку 1976 года ў дакладзе тутэйшага сакратара патрбюро Ільі Ціханава Андрэйкі будзе адзначана, што ферма Лашанцы ўсё ж такі не выканала план мінулай пяцігодкі.

«Я лічу, што нам трэба зараз жа вырашыць пытанні з паляпшэннем паш і кармавой базай, а па-другое і абмен ці абнаўленне стада кароў», — быў незадаволены крытыкаў у свой адрас кіраўнік фермы Васіль Галавач.

У гэтым жа годзе (верасень) за палітычную (камуністычную) адукацыю і грамадскае распаўсюджванне тутэйшых часопісаў, газет і выдання «Знание» у вёсцы Лашанцы адказнымі былі прызначаны: настаўніца старасельскай школы Таццяна Васільеўна Мікуліч і сябра КПСС, тэхнік-асемінатар Пётр Рыгоравіч Прыгажонак.

Галоўным святам вёскі Лашанцы лічыўся Спас — 19 жніўня, на які прыязджалі родныя жыхароў Лашанцаў з усіх ваколіц.

На могілках у Лашанцах была драўляная ўніяцкая (пазней праваслаўная) капліца, закрытая і разрабаваная ў канцы 1960-х гадоў жыхаром вёскі Васілём Прыгажонкам. Таксама на пачатку 1950-х гадоў закрыты праваслаўны прыход і разбурана царква ў Шчаўрах.

«Калі я была маленькая, капліца яшчэ стаяла, але з дзіравым дахам. Памятаю, што будынак быў без купала, але з невялікім крыжам, а па архітэктуры падобны на звычайную хату. Само ж памяшканне ўнутры было без падлогі, проста голая зямля. Злева пры ўваходзе стаяла царкоўная харугва, далей праз некалькі метраў знізу ляжала бервяно, за якім стаяў стол з рознымі фігуркамі. А з іншага боку віселі іконы рознага памеру на ўсю сцяну, ручнікі. Заезд на могілкі раней быў з захаду (зараз з поўдня могілак), на захад і глядзела капліца. Даглядала каплічку тутэйшая жыхарка Антоля Рыгор’еўна Галавач (1899—1987), была вельмі набожная і лячыла людзей», — расказвае былая жыхарка Лашанцаў Валянціна Паўлава Андрыянава (Галенка) (1959 г.н.).

Месца былой драўлянай капліцы на могілках у Лашанцах

З 31 сакавіка 1977 года Лашанцы пераведзены з Жаберыцкага сельсавета ў склад Ігрушкаўскага сельсавета Крупскага раёна[6], а некалькі гадоў раней у жніўні 1974 года пачалася сапраўдная паспартызацыя сялян. У гарады Барысаў, Жодзіна і Мінск пачало масава пераязджаць маладое пакаленне «лашанскай хамсы».

У 1998 годзе 32 гаспадаркі, 57 жыхароў, у саўгасе «Стараселле». З 2004 года вёска ў складзе СВК «Старасельскае», а лашанская ферма канчаткова перастала дзейнічаць.

У вёсцы дзве вуліцы — Кароткая і Пушкіна.

Дэмаграфія

  • 1772 год — у засценку 5 двароў, 30 жыхароў мужчынскага полу;
  • 1858 год — 14 двароў, 118 душ (рэвізія);
  • 1897 год — 36 двароў, 222 жыхары (перапіс);
  • 1909 год — 44 двары, 271 жыхар;
  • 1926 год — 62 двары, 324 жыхары (перапіс);
  • 1939 год — 58 двароў, 158 жыхароў;
  • 1959 год — 285 жыхароў;
  • 1970 год — 76 двароў, каля 500 жыхароў;
  • 1998 год — 32 гаспадаркі, 57 жыхароў;
  • 2009 год — 17 гаспадарак, 34 жыхары;
  • 2019 год — 5 гаспадарак, 10 жыхароў.

Маёнтак Шчаўры

З 1790 года вёска Лашанцы ў складзе новаўтворанага маёнтка Шчаўры.

Шчаўры ўпершыню згадваюцца рэестрам чыншу Чарэйскага маёнтка вялікага канцлера літоўскага Льва Сапегі каля 1624 года як сяло Худаўскай воласці з 26 валокамі, з якіх ішло 70 коп і 12 грошаў чыншу.

Да таго часу пераход сялян паміж землеўладальнікамі быў амаль немагчымы, але для буйных латыфундый, якія ахоплівалі большасць цяперашняга Крупскага раёна, гэта не было значным, бо заставаліся вялікія магчымасці пошуку лепшых умоў у межах аднаго маёнтка — можна было перасяліцца, напрыклад, са Шчаўраў у Калыбанава, у межах аднаго ўладання. Урэшце, было даволі і вольных людзей, і тых хто самавольна пакінуў іншыя маёнткі, каб засяляць новыя мястэчкі.

Вялізныя багацці Льва Сапегі і яго сыноў пасля смерці ў 1656 апошняга з іх, Казіміра Льва, былі падзелены паміж аддаленымі родзічамі і сваякамі. Сяло Шчаўры Чарэйскага маёнтка, напрыклад, атрымаў траюрадны брат Казіміра Льва — Павел Ян Сапега. Пасля смерці Паўла да самага пачатку XVIII стагоддзя Шчаўрамі валодаў яго сын ад другога шлюбу — Бенедыкт Павел Сапега. Пасля смерці Бенедыкта ў 1707 годзе Шчаўры, напэўна, у далейшым дасталіся яго старэйшаму брату Казіміру Яну Сапезе.

У 1729 годзе ў складзе Чарэйскага маёнтка згадваецца 12 войтаўстваў, сярод якіх і Шчаўраўскае. У 1730 годзе князь Міхал Антоній Сапега (унук князя Казіміра Яна Сапегі), праз сталую нястачу грошай, аддаў Шчаўраўскае войтаўства ў заклад пану Бекельману.

У тарыфе падымнага Аршанскага павета ў 1743 годзе згадваецца плябанія Шчаўраўскай царквы, якой належаў 1 дым (звычайна, складаўся з некалькіх двароў).

Вядома, што ў 1744 годзе прыход касцёла Імя Прасвятой Багародзіцы і святога Юзафа, які быў у маёнтку Бобр, належыў да Шчаўроў.

У 1770-я гады на тэрыторыі Крупшчыны знаходзілася 45 паселішчаў Чарэйскага графства, прычым 28, сярод якіх былі і Шчаўры, знаходзіліся ў закладзе ў віцебскага ваяводы Юзафа Салагуба. Сяло Шчаўры ў гэты перыяд налічвала 8 двароў.

У 1778 годзе Аляксандр Сапега герба «Ліс» (пляменнік князя Міхала Антонія Сапегі) прадаў шляхцічу Ануфрыю Рашкоўскаму — фальварак Шчаўры, які быў ацэнены ў 4633 злотых. Пры гэтым Шчаўры былі ў закладзе ў Юзафа Салагуба, Рашкоўскаму ж было прададзена толькі права на іх выкуп. Аднак Салагуб добраахвотна адмовіўся браць у Рашкоўскага грошы і перадаў яму маёнтак без выкупу. Напэўна, у склад фальварка Шчаўры тады ўваходзілі таксама вёскі Лашанцы, Лужа і Гута, у справе пакупкі яны не згадваюцца, але паводле пазнейшых дакументаў, яны належаць да маёнтка Шчаўры[7].

Кафля з гербам «Агоньчык» віцебскага абознага Базыля Ануфрыя Лося-Рашкоўскага (знойдзена ў лесе каля Дакучына ў ліпені 2014 года крупскімі школьнікамі пад кіраўніцтвам краязнаўца Анатоля Малашкевіча).

Апошні падымны тарыф Аршанскага павета, створаны ў 1790 годзе, фіксуе вынікі гэтага распродажу. Як самастойныя маёнткі ўжо выступаюць Шчаўры і фальварак Востры (за 5 км на поўдзень ад Шчаўраў) Рашкоўскага з 163 дымамі.

У жніўні 1795 года шляхцічы Крукоўскія-Ждановічы герба «Ждан» вывадзіліся ў дваранства. Супраць іх шляхецкага паходжання выступіў ад імя Рашкоўскай, мечнай аршанскай, Нікадэм Жэброўскі, паручнік войскаў польскіх. У адказ Ждановічы спасылаліся на права на Шчаўры ад упаўнаважанага канцлера Аляксандра Сапегі — Косці, палкоўніка. Былі прызнаны ў дваранства Менскай губерні ў 1799 годзе[8].

У кнізе польскага гісторыка з Любліна Паўла Сыгоўскага згадваецца, што ў 1789—1790 гадах свой грэка-каталіцкі (ўніяцкі) храм у Шчаўраў (філія ў вёсцы Пярэсіка) і даецца яго апісанне. Так, хоры былі з балюстрадай з «перавернутых» балясін, амбон з двума канфесіяналамі сталярскай работы, маляваны, фератрон як «змрочны алтар з малінавым верхам і калонамі, якія былі ўпрыгожаны рознымі матэрыяламі», а чаша для свянцонай вады зроблена з латуні. Храм тады належаў Чарэйскаму дэканату[9]. Вядома, што святаром храма ў той перыяд быў Мацей Шалепін (1775-01.03.1782 гг.), які, паводле архіўных крыніц, «28.01.1778 быў у сталым узросце, адчувае слабасць у сілах», а вікарыям Павел Вяроўкін (01.06.1778-02.03.1781), які яшчэ ў 1775 годзе ажаніўся з дачкой Мацея Шалепіна Аленай[10].

Іншы польскі гісторык Марыян Радван згадвае гэтакі ж грэка-каталіцкі храм у маёнтку Шчаўры ў 1803 годзе і падкрэслівае, што яго ўладальнікам быў Серафім Рашкоўскі, а протаіерэй храма з 1782 года Ян Мажанскі, які таксама займаў урад чарэйскага інстыгатара (пракурора)[11].

Але ўжо пасля паўстання 1830—1831 гадоў грэка-каталіцкі храм у Шчаўрах закрыты, а ў 1839 годзе пераведзены ў прыходскую праваслаўную цэркву. У кнізе «Святар» Дзяніс Лісейчыкаў згадвае, што апошнім святаром уніяцкай царквы ў Шчаўрах і дэканам Бобрскім быў Стэфан-Дамінік Мажанскі, які ў 1839 годзе быў не згодзен з палітыкай далучэння ўніяцкай царквы да праваслаўнай. Вядома, што хросным бацькам Стэфана-Дамініка быў Серафін(м) Рашкоўскі (сын Ануфрыя Рашкоўскага, быў таксама ўладальнікам маёнтка Старожышча), а дзячком царквы ў 1834 годзе быў Мацей Лісоўскі, сын Стэфана[12].

Серафім Рашкоўскі, як і яго бацька, быў прыкметнай асобай. З 1817 года быў маршалкам Полацкага павета Віцебскай губерні, а ў 1820 годзе быў сябрам ложы Паўночнага шэсця пад Паўночнай зоркай, якая працавала пад кіраўніцтвам Вялікага Усходу Польшчы і правінцыяльнай ложы «Дасканалай еднасці» ў Вільні, масон 3-й ступені.

Падчас вайны 1812 года ў Шчаўрах пасля разгрому французскага 126 палка падпалкоўніка дэ-ля-Плянс-Сент-Гілера (каля суседніх вёсак Узнацк і Ваўкавыск) войскамі расійскага генерала Уластава на ноч з 11 на 12 лістапада размяшчалася частка французскага корпуса маршала Віктора.

У XIX ст. маёнтак Шчаўры, у склад якога да 1865 года ўваходзілі Лашанцы, Лужа і Гута належыць маршалку шляхты і аматару беларушчыны Юлію Серафімаву Рашкоўскаму (каля 1823 г.н.) герба «Агоньчык». Быў жанаты з дачкой Канстанціна Глас(з)ко, маршалка Дрысенскага павета Віцебскай губерні, Аўгасцінай Глас(з)ко. У шлюбе нарадзілася тры дачкі: Тэрэза Рашкоўская, Марыя (у замужжы Судамір) і С. (у замужжы Загорская)[13].

У 1842 годзе беларускі пісьменнік-драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў аканомам у маёнтку Шчаўры паноў Рашкоўскіх. А ў 1858 годзе Дунін-Марцінкевіч ажаніўся другі раз — з удавой Марыяй Паўлінай Грушэўскай з Кацюхова (ці Хацюхова, што паблізу фальварка Шчаўры).

"

...
«Вам я ўдзячны, беларусы, за падтрымку ў горы,
Што да сэрца прытулілі дудара і творы;
За гасціннасць, за павагу, за прыём сардэчны
Захаваю ў сваім сэрцы пачуццё навечна!
Захаваюць яго нават мае дзеці, унукі,
Вашы дзеянні і справы будуць ім навукай!
А за тое, што пазнаў я радасць і раскошу,
Я «Шчароўскія дажынкі» вам як дар прыношу.»

— урывак з «Літаратарскія клопаты» (10.12.1856) В. Дунін-Марцінкевіч, пераклад з польскай Пятра Бітэля
"
" «На выбары, якія тут у Мінску былі вельмі шумнымі [...] прыбылі таксама два беларусы, паны Юлі і Артур Рашкоўскія, жыхары Магілёўскай і Віцебскай губерняў, якія, з гонарам мушу прызнацца, ведаючы мяне з друку толькі на іх роднай мове, асабіста стараліся пазнаёміцца са мною. Адсюль узнікла паміж намі шчырая дружба, адсюль я абяцаў ім быць 19 кастрычніка 1856 года ў Шчарове, маёнтку паважанага Юлія, каб апісаць дажынкі, якія добры гаспадар запазніў да майго прыезду».
— са зварота «Да Уладзіслава Сыракомлі» з «Dudarz Białoruski, czyli Wszystkiego potrosze» (1857) В. Дунін-Марцінкевіч
"
Шчаўроўская элегія

Добра помню: дзе і калі
(Бегаў сам – быў хлапец не сідзень)
Светлым гулам званы гулі –
Так гуліць мог толькі Вялікдзень.

Гэта ў нас – над пагоркам тым –
Сонца таньчыла і гуляла,
З нецярпеннем нашым святым
З намі яек чырвоных чакала…

Забалотная вёска Шчаўры
З той царквой, што мяне хрысціла,
Гэтым днём не Хрыстовы дары
Несла нам, а ратунку прасіла.

Падгалоскаў здушылі гул,
Ды апошні – галоўны – клікаў
Супыніць бязбожжа разгул:
Не Вялікдзень – ды дзень быў Вялікі.

Нібы ўсю ратаваць Беларусь –
Цераз ляды, балотным разлогам,
Нацянькі шыбаваў мой татусь –
Бацька хросны, гарант перад Богам.

Дзядзька Змітра, а з ім мужыкі –
Пры жаночай нязломнай сіле –
Адстаялі ад злой рукі
І на злом царкву не пусцілі…

Колькі год яшчэ ў святы яна
Люд гукала нясмелым гулам,
Покуль звон у цішы не сканаў
І навечна застаўся ў мінулым…

Збераглі бацькі, а сыны –
У мазгах з камунізмам хрушчоўскім, –
Як балоты, як стэп цаліны, –
Веру кінулі на раскарчоўку.

Расхлябталі ідэю да дна,
Безнадзейнасць душу прышчаміла.
Засталася вера адна –
З самагонкаю ды “чарнілам”…

Рэдкі госць тут, на ўзмежку стаю,
Варушу сваёй памяці прысак,
З-за балота маўчанне лаўлю
І не бачу знаёмых абрысаў.

А без іх – як зніжэў далягляд!..
Як Шчаўры аселі бяскрыла… –
Дзе гадоў паўтараста назад
Марцінкевіча муза натхніла.

На шчаўроўскіх дажынках паэт –
Той, з прыдомкам радзінным – Дунін,
Акрыляў нашу песню ў свет…
Тут цяпер я адчай свой гадую…

Праз былое Мачыла, Вірок
Пацягнула канава скразная, –
Як пытанні -- за крокам крок:
Можа хто ў Шчаўрах ды пазнае?..

Бо навошта ж тады звон у сне
Зваў сюды, дзе, звяснёныя чаркай,
Над купеллю трымалі мяне
Дзядзька Змітра з матусяю Варкай?..

Што ж пабачыў? І хто сустрэў? –
Не пытайцеся лепш. Не трэба…
Пні даўно адшумелых дрэў…
І без крыжа пустое неба…

Знаць не знаюць мяне Шчаўры.
Разбягаюцца з цвінтара куры…
Храм разнеслі сыны-чмуры,
А ў бур’яне – для ўнукаў: падмурак…

—В. Зуёнак

У сваёй працы за 1911—1939 гады, прысвечанай праблемам гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мастацтва і журналістыкі, Старшыня Рады Народных міністраў і міністр замежных спраў БНР Антон Луцкевіч разважае, што «відаць, глухі быў той кут, у якім доля прымусіла нашага паэту служыць за аканома, і крэпка яму дадзеў сваей цемнатой, калі ён з такой едкай іроніяй называе Халопенічы як крыніцу „адукаванасьці“ пісара ў сваей паэмцы „Шчароўскія дажынкі“».

Таксама Антон Луцкевіч звяртае ўвагу, што «… роля аканома — асабліва ў прыгонныя часы — не магла быць лішне прыемнай для нашага паэты. І ў адным зь ягоных твораў у польскай мове „Kłopoty lіterackіe“ (зборн. „Dudarz Białoruski“, Minsk 1857) знаходзім прызнаньне, што ў свае маладыя гады Дунін-Марцінкевіч не любіў вёскі. Тлумачучы гэта, паэта дае апісаньне дворнае гаспадаркі з усімі яе клапотамі і цяжарамі — у вельмі цёмных калёрах […]. І даўнейшая непрыхільнасьць да колішняга жыцьця на прыгоньніцкай дворнай гаспадарцы тым лягчэй можа быць вытлумачана тым становішчам, якое ў моладасьці займаў Дунін-Марцінкевіч у Шчаўрах як аканом»[14].

Дваравыя людзі маёнтка Шчаўры, 1858 год.

Паўстанне 1863 года не абмінула і гэты куток Беларусі. Са Шчаўроўскага маёнтка 22 красавіка 1863 года пайшоў у паўстанцкі атрад Жултка валасны пісар Іосіф Пранеўскі. 7 мая непадалёк ад Шчаўроў былі разбіты паўстанцы некалькіх атрадаў. Расследаваўшы становішча ў 4­-м стане Сенненскага павета Магілёўскай губерні, дзе знаходзіліся Шчаўры, Аршанская следчая камісія выказала меркаванне, «што ў гэтай мясцовасці была агульная змова да ўдзелу ў паўстанні». Вядома, што ўдзельнікам паўстання таксама быў Андрэй Янаў Гордзін, яўрэй, які да паўстання прыняў хрысціянства і служыў фельчарам Шчаўроўскай воласці Сенненскага павета. За ўдзел у паўстанні знаходзіўся пад судом у Магілёўскай ваенна-судовай камісіі. Прысуджаны (каля 08.1864) да пазбаўлення правоў стану, канфіскацыі маёмасці і ссылкі на катаргу ў крэпасцях на 10 гадоў [15]. Да суда Магілёўская ваенна-судовая камісія прыцягнула і ўладальніка Шчаўроў Юлія Рашкоўскага (двор наследнікаў — Лось-Рашкоўскага), але яго віна не была даведзена. Канфірмацыяй Міхаіла Мураўёва яго маёнткі былі абкладзены ўзмоцненым дзесяціпрацэнтным зборам, а ў 1864 годзе Мураўёў быў звольнены з пасады (ДГА Літвы, Фонд 1248, вопіс 2, справа 978)[16].

А вось неадукаваны Сямён Адамаў Пыжык (38 гадоў), сельскі старшына Шчаўроўскай воласці Магілёўскай губерні і часоваабавязаны селянін пана Рашкоўскага атрымаў узнагароду ад губернатара ў 1864 годзе за «ўзбуджэнне сялян супраць мяцежнікаў, арэст мяцежнікаў пасля разбіцця Сенненскай шайкі і апавяшчэнне прыстава Саковіча аб намеры мяцежнікаў захапіць яго, як вынік Саковіч збег з мястэчка Бобр за 1/4 гадзіны да прыбыцця ў кватэру мяцежнікаў». Усяго ж па архіўных крыніцах вядомы 4 воласці Сенненскага павета, сярод якой Шчаўроўская, якія ў 1865 годзе агулам узнагараділі 100 сялян цёмна-бронзавым медалём за «усмирение польского мятежа 1863—1864 гг.».

У гэты ж перыяд была закрыта і каталіцкая капліца на могілках у Шчаўрах, на будаўніцтва якой яшчэ ў лютым 1860 года браў дазвол памешчык Юлій Серафімаў Рашкоўскі. «Маёнтак яго Шчаўры, што знаходзіцца ў Копыскім павеце, ляжыць у 30 вёрстах ад Баброўскага парафіяльнага касцёла. Таму ён і яго родныя састарэлага веку не заўсёды могуць хадзіць на Мшу ў парафіяльны касцёл. Асабліва ўвосень і ўвесну падчас паводкі, бо праезд цераз пралеглыя там ручаі і раку Баброўку амаль спыняе ўсялякія зносіны і няма аніякай магчымасці выканаць самыя неабходныя духоўныя практыкі. Апроч усяго гэтага, у маёнтку Шчаўрах пахаваны родны брат яго, просьбіта, гвардыі палкоўнік Актавій Рашкоўскі і сястра Сафія Рашкоўская, за супакой якіх ён лічыць святым абавязкам стала замаўляць жалобнае набажэнства, таму просіць распараджэння п[ана] начальніка губерні аб дазволе яму ўзвесці ў маёнтку яго Шчаўрах на тамтэйшых каталіцкіх могілках рыма-каталіцкую капліцу з правам адпраўлення ў ёй жалобных набажэнстваў»[17]. Але капліца была адкрыта зноў у 1905 годзе і служыла духовым патрэбам вернікаў да сярэдзіны 1920-х гадоў[18].

У 1950-я гады была разбурана драўляная царква ў Старых Шчаўрах, пра што ў сваім вершы «Шчаўроўская элегія» шкадуе беларускі паэт Васіль Зуёнак. Ва ўспамінах Зуёнак таксама заўважае, што «дарога да Шчаўроў спрадвек называлася ў нас Пагулянкай: па ёй ішлі і ехалі святочныя людзі на кірмаш…»[19]. Пра гэтыя святочныя падзеі паэт піша і ў сваім вершы «Кірмашовая згадка».

Жыхаркі вёскі Старыя Шчаўры Ганна Мікалаеўна Савіцкая (Пыжык) 1937 г.н. і яе малодшая сястра Валянціна Мікалаеўна Быкава (Пыжык) 1955 г.н. паведамляюць, што месца, дзе знаходзілася царква, завецца ў тутэйшых «на царкоўі».

«Царква стаяла каля ўзгорка (Валова гара, адносная вышыня 14,6 м, над узроўненм мора 192,3 м)[20], на якім і сёння знаходзяцца старыя могілкі з надмагільнымі камянямі, пахаваннямі святароў XIX стагоддзя. Ёсць нават у форме каменнага крыжа помнікі. Мая большая сястра кажа, што ў ейнай дзіцячай памяці царква засталася сіняга колеру, вядома яна была драўлянай. А разбурана яна была адразу пасля вайны, мясцовымі жыхарамі. У нас у сяле расказваюць, што тыя аднасяльчане, якія зрабілі гэта, доўга не жылі, памерлі неяк адразу. Падчас вайны немцы выкарыстоўвалі царкву яе стайню, ставілі коней. Святара яшчэ саветы адправілі некуды на поўнач, а яго жонка і яе сляпая сястра яшчэ пэўны час жылі ў Старых Шчаўрах (другі дом злева, калі заязджаць са стараны вёскі Гута). Калі сляпая сястра памерла, матушка выехала да свайго мужа. Калі царкву зруйнавалі, то мы, дзеці, каталіся там з горкі. У свой час і я там лыжы ламала. А на пасхальную службу з сям’ёй і іншымі падлеткамі потым хадзілі разам у вёску Ігрушка», — расказвае жыхарка Валянціна Быкава.

На старых могілках у Шчаўрах засталіся пахаванні святароў Стратановічаў. Напрыклад, Ян (Іаан) Стратановіч быў святаром царквы з мая 1850 года да 1868 года. І падчас яго служэння Шчаўроўскай царкве з ім здараліся розныя спрэчныя гісторыі. Першая пачалася ў 1853 годзе, калі Стратановіч праз магілёўскага архіепіскапа Анатолія звяртаўся да магілёўскага губернатара з прапанавой правесці абмежаванне царкоўнай зямлі ў Шчаўрах.

«Милостивый государь Копысского уезда Щавровской Покровской церкви причт жалуется мне, что церковная земля по-мелкому чрезполосию крайне неудобна к обработке и удобрению. (…) с покорнейшею просьбой неблагоугодным будет в отвращении дальнейшего отеснения причта Щавровской церкви по неудобству угодий, командировать особого землемера для отмеживания причта помещиком чиновник земли в количестве означенном по плану генерального межевания…», — звяртаўся з праблемай у лісце да губернатара архіепіскап Анатолій.

Пытанне з цераспалосіцай царкоўных земель і земель маёнтка Шчаўры паміж Рашкоўскім і Стратановічам існавала каля 15 гадоў. Нават пасля завітання ў 1865 годзе прыстава 4-га стана Сенненскага павятовага паліцэйскага ўпраўлення, які ў прысутнасці гэтых дзвюх асоб вызначыў, што царкоўная зямля знаходзіцца ў цераспалосіцы паміж зямлёю памешчыка Рашкоўскага і царкоўнымі надзеламі сяла Шчаўры 11 кускоў, 9 кускоў паміж сялянскай зямлёю і 2 паміж уладаннямі Рашкоўскага. Але Юлій Рашкоўскі не спяшаўся сустракаць на сваёй зямлі пасярэднікаў спецыяльнага межавання па Сенненскім павеце дзеля палюбоўнага размежавання праз пасярэднікавую камісію, і, як зафіксавана ў архіўных справах, двойчы жонка Рашкоўскага дасылала пасярэдніку прапанову адкласці свой візіт у Шчаўры па прычыне адсутнасці гаспадара на месцы. Не здаваўся і Ян Стратановіч, які, напрыклад, 27 красавіка 1867 года зноў напамінае пасярэдніку павета, што «причт Щавровской церкви очень нуждается в уничтожении чрезполосия церковной земли, находящейся в разных кусках…».

У лістападзе 1866 года жонка ўладальніка Шчаўроў памешчыца Аўгусціна Рашкоўская прапануе пасярэдніку спецыяльнага межавання не ехаць у маёнтак, бо на месцы адсутнічае гаспадар: «дабы мой муж мог лично находиться при заключении каких-либо условий».

Праблему цераспалосіцы ў 1869 годзе Рашкоўскім вырашыў ужо з новым святаром Шчаўроўскай царквы Афанасіем Гаўрылавічам Стратановічам, які, дарэчы, як і яго папярэднік меў медаль «за ўціхамірванне польскага мяцяжу 1863—1864 гг.»[21] і служыў у царкве да 1881 года.

Другая гісторыя з Янам Стратановічам адбылася ў 1857 годзе, калі святар сумежнай са Шчаўрамі Свята-Ільінскай царквы сяла Радзіцы Барысаўскага павета Антоній Высоцкі праз рапарт звяртаўся да архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Міхаіла са скаргай на Стратановіча.

«В бытность мою в Радицком приходе из деревни Козубец я ещё ни одного ребёнка не окрестил и не погребал умерших тел. В деревне меньших Жаберич малое число исполнил христианских треб крестьян. Причина сему та, что священник Щавровской церкви Иоанн Стратанович постоянно исполняет все христианские требы крестьян означенных деревень, а именно крестил младенцев и принимает к исповеди, а дьячок той же церкви на месте в деревне Козубец отпевает погребение умерших тел. (…) Просил также лично священника Стратановича, чтобы не вторгался в Радицкий приход для исполнения христианских треб. Наконец просил запискою от 9 мая за #13 Бобрского Благочинного священника Самуила Богдановского об означенном предмете, который со своей стороны давал внушения священнику Стратановичу, чтобы он не вторгался в другой приход…», — пісаў у сваім лісце Высоцкі 3 чэрвеня 1857 года.

Праз паўгода 14 студзеня 1858 года архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Анатолій, разабраўшыся ў сітуацыі, давёў да ўладыкі-архіпастыра наступнае:

«…обстоятельства вмешательства Стратановича в Радицкий приход заключаются: а) в окрещении двух слабых младенцев, из коих последнего после претензии Радицкой церкви священника Высоцкого, когда Стратанович отказался было окрестить восприемники носили к приходскому своему священнику Высоцкому, но не застав его в доме, вновь полузамершего младенца принесли к Стратановичу, и он обогревши того младенца, окрестил оного и б) в принятии на исповедь двух дряхлых стариков деревни Козубца Мины и Лаврена, кои живя от Щавров в одной версте, а от Радицы в десяти верстах, по случаю весенней беспутицы и слабости их сил упросили Стратановича исповедать их. Других же случаев вторжения в приход Радицкий со стороны его Стратановича не было никаких. А что многие из младенцев окрещены, а взрослые исповедованы не приходским священником Высоцким, а разными сторонними священниками, и что прихожане с Высоцким не в согласии тому причиною: частые разъезды Высоцкого, его необходительность с прихожанами, вымогательства у них платы за требоисправления и совершенное иногда не удовлетворение их в духовных крайних нуждах. (…) И дьячок Осмоловский, что он даже и в своём приходе никогда без священника не погребал умерших, а тем более не решался и не решится это сделать в чужом приходе и если угодно священнику Радицкой церкви доказывать на него Осмоловского, то он надеется, что последствия оправдают его Осмоловского».

Пасля смерці Стратановічаў святарамі царквы да ўсталявання савецкай улады былі Адам Горбік (1881—1883), Аляксандр Бачкоўскі (1884—1885), Ануфрый Багданоўскі (з 1886), Пётр Рацэвіч (1905—1908), Мікалай Мікіцін (1908—1911), Сімяон Марчанка (1911—1918). Прычт знаходзіўся ў Халопенічах, а 4-я благачынная акруга (да якога адносіліся Шчаўры) — у Талачыне. Выданне «Могилевскія Епархіальныя Вѣдомости» за 1 чэрвеня 1905 года паведамляе, што з 17 мая вакантнае месца святара мае Шчаўраўская царква з акладам жалавання (заробкам) 500 рублёў. Царкоўнай зямлі 63 дз., памяшканне ёсць, прыхаджан 1205 д. муж. і 1168 д. ж., а ўжо ў «Минских Епархіальных Вѣдомостях» за 15 сакавіка 1907 года ў публікацыі аб пахаванні святара Барысаўскага павета Іосіфа Вержбаловіча ўзгадваецца, што 9 лютага ў Халопенічах на адпяванні калегі прысутнічаў і прамаўляў слова святар з Шчаўраў, але імя яго не ўказваюць.

Інфармацыя аб прыхажанах Пакроўскай царквы ў Шчаўрах

Таксама з архіўных крыніц вядома, што ў 1859 годзе Юлій Рашкоўскі фінансаваў рамонт драўлянага прыхода Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Шчаўрах. Так, у ведамасці царквы згадваецца, што яна была пабудавана яшчэ ў 1787 годзе на сродкі памешчыцы Ганны Рашкоўскай, а зямлі пры гэтай царкве, дадзенай яшчэ князем Бенедыктам Сапегам, было 63 дзесяціны і 660 сажняў, з якіх сядзібнай 5 дзесяцін і 133 сажні, ворнай 27 дзесяцін, сенакоснай 2 дзесяціны і 1328 сажняў, нязручнай 6 дзесяцін і 125 сажняў, нявызначанай 4 дзесяціны і 36 сажняў, пад зараснікамі 18 дзесяцін і 1438 сажняў. Усёй гэтай зямлёй валодалі святары і царкоўныя служкі ў Шчаўрах. У вялікія святочныя дні ў храме магло знаходзіцца да 800 чалавек. Таксама невялікі прыход Шчаўроўскай царквы толькі ўжо ва імя святой Троіцы быў на могілках у вёсцы Пярэсіка.

Калі ў самым пачатку XX стагоддзя ў Расійскай імперыі зацвердзілі палажэнне пра ўзаемнае страхаванне будынкаў духоўных ведамстваў ад пажараў, Шчаўроўская царква была ў ліку першых, чые будынкі застрахавалі ў Магілёўскай губерні. Адбылося гэта ў лістападзе 1910 года. Пры гэтым афіцыйна набыў моц толькі 1 студзеня 1911 года. Па выніках страхавой ацэнкі, якую рабілі святары з мястэчак Крупкі, Ігрушка, Шыйка і Шчаўры гадавы ўнёсак да 1918 года (5 лютага 1918 года бальшавікі адлучылі царкву ад дзяржавы і школы ад царквы), складаў 10 рублёў 94 капейкі.

У архіўных крыніцах захавалася апісанне будынкаў царквы ў той страхавой ацэнцы, якое дазваляе болей даведацца пра галоўную святыню тутэйшых мясцін Крупшчыны.

Шчаўроўская Пакроўская царква, драўляная, на каменным фундаменце, знадворку абшыта цёсам, пакрыта гонтам. Даўжыня царквы 8 сажняў 1 аршын, найбольшая шырыня 8 сажняў 1/2 аршына, вышыня да верху карніза купала 6 сажняў 2 1/2 аршыны, вышыня да верху карніза царквы без купала 3 сажні 2 1/2 аршыны; на царкве ёсць адна галава; вялікіх вокнаў 16 штук; дзвярэй вонкавых двухстворкавых 1; унутраных дзвярэй аднастворкавых 2; іканастас даўжынёй 2 сажні 2 1/2 аршыны; вышыня 1 сажань 1 аршын. (ацэнены іканастас на 50 рублёў). Бліжэйшая да царквы чужая забудова не жылая — абозня, якая належала мясцоваму землеўладальніку пану Сурыну-Масальскаму і знаходзілася з заходняга боку царквы на адлегласці 52 сажні.

Царква пабудавана ў 1787 годзе. Будынак захаваўся блага. Ацэнены разам з іканастасам на 2500 рублёў.

Званіца ў 2 паверхі, драўляная, крытая гонтам, абшытая цёсам, без фундамента, даўжыня 2 сажні, шырыня 2 сажні, агульная вышыня да верхняга карнізу 3 сажні 1 3/4 аршына. Бліжэйшая да званіцы чужая забудова не жылая — абозня, якая належыла мясцоваму землеўладальніку пану Сурыну-Масальскаму і знаходзілася з заходняга боку званіцы на адлегласці 47 сажняў. Будынак захаваўся сярэдне. Ацэнена на 150 рублёў.

Царкоўная старожка, драўляная, бярвенчатая, крытая цёсам, без фундамента, даўжыня 1 сажань 2 3/4 аршыны; шырыня 1 сажань 2 3/5 аршыны; вышыня 1 сажань 1 аршын; 2 вакны, 1 печ руская з комінам, дзверы 1. Будынак захаваўся блага. Ацэнены на 10 рублёў.

Таксама ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захавалася справаздача (Фонд 3057, вопіс 1, справа 1) за 1917 год пра стан 4-й благачыннай акругі Сенненскага павета Магілёўскай губерні, да якой адносілася Шчаўроўская царква.

З яго вядома, што старавераў у маёнтку Шчаўры было 199, найбольшая колькасць на ўсёй тэрыторыі сучаснай Крупшчыны. У 1917 годзе за царквой было прыхаджан: 1476 мужчын, 1431 жанчына, нарадзілася 94, новых шлюбаў 60, памерлых 57. Царкоўнай зямлі 63 дзесяціны 160 сажняў. У 1917 годзе за Шчаўроўскай царквой было 3 школы: 1 царкоўна-прыхадская і 2 ад міністэрства народнай асветы (у сёлах Шчаўры, Пярэсіка і Стараселле), без хора, законавучыцелем быў тутэйшы святар Сымон Марчанка (1866 г.н.), які ў свой час скончыў двукласную Нова-Быхаўскую царкоўна-прыхадскую школу. Псаломшчык Шчаўроўскай царквы ў той час быў жыхар з мястэчка Ігрушка Данііл Ільін Шкленскі (1882 г.н.), які ў свой час скончыў народнае аднакласнае вучылішча і з 1912 года служыў у Шчаўроўскай царкве. Калі казаць асобна пра Данііла Шкленскага, то вядома таксама, што за савецкім часам 2 верасня 1937 года ён арыштаваны ў Бабруйску за «актыйную к/р дзейнасць, тэрарыстычнага намеру» і 8 кастрычніка 1937 года растраляны. Заштатнай супрацоўніцай Шчаўроўскай царквы ў 1917 годзе была ўдава псаломшчыка Таццяна Шымкевіч, 78 год, якая атрымлівала па 4 рублі дапамогі ад сумы святога сінода.

У Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве захоўваецца поўны план маёнтка Шчаўры ўладальніка Юлія Рашкоўскага за 29 верасня 1884 год. План быў складзены старшым землямерам інжынерам калежскім саветнікам Цяльшэўскім (Фонд 1354, вопіс 242, частка 2, справа Щ-2). З яго стала вядома, што маёнтак Шчаўры ў той час складаўся з сяла Шчаўры, вёсак Лужа, Гута, фермы Актавія і фальварка Ваўкавыскі, у якіх на той момант было 78 двароў і 179 душ рэвізскіх. На паўднёва-ўсходнім напрамку маёнтак межаваў з маёнткам «Стараселле» палкоўніка Антося Леановіча Брадоўскага, на поўдні з вёскай Лашанцы сялян-уласнікаў і дачай «Острова», уладанне сяброўства «Лесопромышленник». Што цікава, рака Блудыня (Блудинка) на плане пазначана як Безымянка. На паўднёва-заходнім напрамку Шчаўры мяжавалі з Ратуціцкай казённай дачай, на захадзе — з вёскамі Казубец і Запруддзе сялян-уласнікаў. На паўночна-заходнім кірунку з вёскай Мачулішчы сялян-уласнікаў, на поўначы — з маёнткам Хацюхова (Кацюхова) палкоўніка Антона Леанавіча Брадоўскага. На паўночна-ўсходняй мяжы з маёнткам Пярэсіка памешчыка Шмялеўскага і сялян-уласнікаў.

Таксама з плана становіцца зразумелым, што менавіта на месцы сённяшняй вёскі Новыя Шчаўры стаяла сядзіба роду Рашкоўскіх.

Землямер Цяльшэўскі пазначыў такія землі маёнтка:

  • Ворыўная — 1472 дзесяціны 1170 сажняў;
  • Сенакос — 332 дз., 100 с.;
  • Лён і дрывяны лес — 1144 дз., 1500 с.;
  • Паселішча — 124 дз., 100 с.;
  • Сенакос на балоце — 105 дз., 200 с.;
  • Сад — 5 дз., 2100 с.;
  • Вуліцы і прасёлкавыя дарогі — 18 дз., 1200 с.;
  • Царква і могілкі — 1 дз., 330 с.;
  • Пяскі — 1 дз., 1400 с.;
  • Паўрэчкамі — 2100 с.;
  • Балоты — 132 дзесяціны.

Агулам прыдатных і непрыдатных земляў — 3338 дзесяцін і 600 сажняў. Вынік: зручнай зямлі 3184 дзесяціны і 370 сажняў.

План часткі маёнтка Шчаўры за 1884 год.

У 1897 годзе па выніках першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі ў сядзібе Рашкоўскіх (Новыя Шчаўры) быў 1 двор, 21 жыхар. У сяле Шчаўры — 61 двор, 418 жыхароў.

У 1909 годзе за маёнткам было ўжо 4 двары, за аднайменным сялом — 58. Дзейнічала карчма, а з 1900 года — царкоўна-прыходская школа.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захавалася справаздача Шчаўроўскай школы за 1924—1925 навучальныя гады (Фонд 43, вопіс 2, справа 2719), у якой паведамляецца, што праца ў навучальнай установе вядзецца на беларускай і рускай мовах. Школа абслугоўвае вёскі Шчаўры (з 700 жыхароў 61 падлягае абслугоўванню), Новыя Шчаўры (з 180 — 11), Лужа (з 500 — 14), Актавія (з 60 — 3), Казубец (з 300 — 10), хутар Цагельня (з 25 — 3). Родная мова жыхароў — беларуская. Школа знаходзіцца ва ўласным будынку, які быў пастаўлены на сродкі мясцовых жыхароў. Будынак школы драўляны пакрыты гонтам. Даўжыня школы 23 арш, шырыня 12. Вышыня ад падлогі да паталка 4,5. Школе трэба рамонт печак і ў паўночнай частцы трэба даць два вянкі «падруба». Таксама патрэбна пабяліць будынак. Пры школе ёсць агарод — 1,5 дзесяцін і сад — 0,25 дзесяцін, якія атрыманы з былога царкоўнага агарода. Навакол сада агародка. Плошча ўсёй зямельнай дзялянкі 384 кв. сажняў, з якіх пад садам 0,25 дзесяцін, лугам 0,25 дзесяцін. Пад агародом 1,5 дзесяціны. Школьныя землі абрабляюць школьныя работнікі, частка даходу ідзе на карысць школы, а частка на карысць настаўнікаў. Кіраўнік і настаўнік школы ў той час быў Мікалай Паўлаў Шчэрбаў 1905 г.н. з вёскі Зубрэвічы Аршанскай акругі, які ў 1923 годзе скончыў Аршанскі педтэхнікум, працаваў у школе з 15 верасня 1923 года. Прадмет заняткаў — па ўсіх прадметах у другі і трэці гады навучання. Другі настаўнік Павел Паўлаў Сямёнаў, 1900 г.н. з Гродзенскай губерні, працаваў у школе з 1922 года. Прадмет заняткаў — па ўсіх прадметах у першы і чацвёрты гады навучання. Наглядчыкам у школе быў мясцовы жыхар Кулікоўскі Пуд Станіслаў, 1903 г.н.

На плане будынка Шчаўроўскай школы за 1925 год відаць, з якіх памяшканняў ён складаўся: пакой класа і пакой настаўніка, калідор, кухня, спальня, раздзявалка, ганак і сені.

Поўны курс навучання ў 1925 годзе скончылі Пётр Янаў Наўроцкі (14 гадоў) з вёскі Шчаўры, паступіў у 1920 годзе (вучыўся 5 гадоў), да грамадствазнаўства як галіны ведаў меў нахіл і Ілья Тэадораў Пыжык (12 гадоў) з вёскі Лужа, паступіў у 1924 годзе (вучыўся 1 год), да матэматыкі меў нахіл.

У жніўні 2016 года ў Осла, у архіве прафесара славянскіх моў Олафа Брока знойдзены рукапіс у чатырох частках пад агульнай назвай «Гісторыя з геаграфіяй», аўтарства Яўгеніі Аляксандраўны Масальскай-Сурынай, жонкі аднаго з апошніх уладальнікаў маёнтка Шчаўры (1862—1940 г.ж.).

План часткі маёнтка Шчаўры за 1894—1895 гг.

Набылі Масальскія-Сурыны маёнтак Шчаўры ў жніўні 1909 года ў Судаміраў, якія выставілі за яго суму ў сто шэсцьдзясят тысяч за дзве з паловай тысячы зямлі. Вось як апісвае свой першы прыезд у Шчаўры Яўгенія Масальская-Сурына:

«У крыльца на станции Крупки нас ожидал экипаж, запряженный парой крестьянских лошадей, потому что экономические лошади уже были проданы. Высланный нас встретить кучер Павел подал мне записку от госпожи Судомир: она умоляла нас не проговориться при прислуге, что мы покупатели, а не гости. Я с удивлением передала Вите эту записку.

Чыгуначная станцыя Крупкі, пачатак XX стагоддзя

Отъехав три версты от станции Крупок, мы уже переехали в Могилевскую губернию, затем вновь подъезжали к границе Минской, к лесам великого князя [Николая Николаевича и Петра Николаевича] Старо-Борисовской экономии. Затем миновали две-три деревни с толпой ребятишек у околиц; все поля были, видимо, еще недавно под лесом, везде торчали пни или случайно не срубленные елочки. Но вот показались среди полей высокая ограда густых елей и частокол аршин в шесть высоты. Въехав в затейливые ворота, мы подъехали к довольно невзрачному, хотя и обширному деревенскому дому, обвитому густой зеленью. Вокруг сквера перед домом тянулись подстриженные живые изгороди, а за домом стоял такой парк, такие дивные вековые липы, что я невольно вспомнила Берновича, когда в Веречатах он говорил, что Щавровский парк лучший во всем уезде. Нас встретили толстые супруги Судомиры с двумя худенькими, бледными детьми и не менее толстой сестрой Марии Юльевны Терезой Юльевной Лось-Рожсковской. Я немедленно спросила их, что значит такая записка, на что Мария Юльевна с сестрой в два голоса стали нас убеждать, что их положение из-за кредиторов невыносимо, что мать их, жена маршалка Лось-Рожковского, передала им это имение уже совершенно запутанным, потому что она выдавала векселя и обязательства разным мошенникам, которые их разорили: брали с них сто и двести процентов. Кровопийцы будто взыскивали несуществующие долги по фальшивым документам и могут тормозить утверждение в купчей, так как предъявят сверх двадцать одну тысячу запрещений, уже лежащих на имении у старшего нотариуса, еще столько же документов, которые придется оспаривать, что возьмет много времени. После этих разговоров, когда даже присылка Зябкинской брички грозила им гибелью (!), мы сочли за лучшее ограничиться одной прогулкой по парку в качестве гостей. Я не решилась, вопреки своему любопытству, даже взглянуть на комнаты в доме. Зато от парка я была в восхищении: дивные темные аллеи, трехсотлетние липы, роскошные каштановые деревья, красивые старые ели, а близ дома много роз, лилий и других многолетних цветов, много уксусных деревьев, кустов жасмина гигантской величины, словом, прелесть! И весь парк с фруктовым садом, занимавший не более восьми десятин, был заключен в непроницаемую ограду. Как жидок был в сравнении с ним Веречатский парк! Из этой ограды за ворота прошли мы только шагов пятьдесят, к небольшой церкви, бывшей униатской, с колоколом с латинской надписью и годом 1610. В деревянной ограде церкви стояли старые, поломанные бурей сосны с гнездом аиста, на старинных могилах лежали камни, полувросшие в землю. Церковь, также и усадьба, отделялись от села небольшой речкой, запруженной плотиной, по крайней мере, мы приняли это за речку, хотя сопровождавший нас кучер Павел заявил, что это лужа, в которой топят деревенских щенят, что вызвало какое-то замешательство, воркотню и еле сдержанное негодование владельцев. Переночевали мы скверно. Масса мух, слепней и блох. На другое утро мы решили уехать в Могилев, и нас, видимо, с большим облегчением отправили на станцию…»[22].

З успамінаў Масальскай-Сурынай таксама становіцца вядома, што на пачатку XX стагоддзя Шчаўры — спустошаны маёнтак, без інвентара, без каня і каровы, дом без мэблі, а палац Юлія Рашкоўскага ўвогуле згарэў:

“Вы говорили, что в Щаврах дом сгорел? — обратилась я опять к нему (комиссионеру-агроному Леону Юрьевичу Берновичу — Авт.). — A существующий неважный? Но какой же? Вроде этой рыбачьей хижины?

Бернович рассмеялся: - О, нет! Не дворец, как сгоревший дом маршалка Лось-Рожковского, но все же настоящий деревенский дом, вместительный, зимой теплый; кроме того, два флигеля. («Pour les épaves», — подумала я.) Разные дворовые службы, а парк Щавровский — единственный в уезде.

Маёнтак «Шчаўры» ў выкананні мастака Віктара Сташчанюка для кнігі «Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч: Жыццё і творчасць», 1997 год.

- Получше здешнего? (в имении Веречаты — Авт.)

- Аллеи трехсотлетних лип! Мне вдруг захотелось непременно в Щавры!

- Знаете что, — продолжала я, — если Щавровский дом и вроде этой рыбачьей хижины (а Вы говорите, что лучше), все-таки подумаем о Щаврах! Три часа от Минска, пятнадцать верст от магистрали, а здесь с тоски умрешь, никуда не доскачешь!«.

(…) Дом сиял чистотой, но мебели было немного, да и та довольно потрепанная, хотя ореховая и красного дерева. Благодаря темным коридорам, низким потолкам и небольшим окнам, уютно устроить этот дом было мудрено. Зато парк в осеннем уборе был еще прекраснее. Пользуясь чудной погодой, Тетя целыми часами гуляла по расчищенным Павлом дорожкам и аллеям, любуясь красотой и уютностью усадьбы (…) Ничто так не могло понравиться Тете, как эта непроницаемая зеленая ограда, окружавшая усадьбу. Это придавало ей особенный характер порядка и уюта. Во дворе за сквером, но в ограде, были и все хозяйственные постройки, причники, коровники и пр., все пока пустое, ибо, кроме сивой водовозки, Скудомиры оставили из живности одну лишь собачку и двух кошек».

Згадвае Масальская-Сурына і сваё першае знаёмства з мясцовым святаром у кастрычніку 1909 года:

«…на Казанскую мы пригласили щавровского священника. Он (Николай Никитин — Авт.) отслужил нам молебен с водосвятием. Молодой и картавый, он даже не очень занял Тетю. С бывшими владельцами, хотя и католиками, он был в хороших отношениях, а народ в Щаврах он считал диким и вороватым. Обедню мы стояли в своей бедной церкви с униатским колоколом. Теперь мы рассмотрели речку, отделявшую церковь и усадьбу от села. Действительно, гнилая лужа. Недаром кучер Павел, как оказалось, чуть не лишился места, когда в первый наш приезд сунулся нам пояснять, что это не река. Реки в Щаврах не было. Были колодцы и болотные лужи, а подальше — озера. Церковь от усадьбы отстояла в пятидесяти шагах, а дома причта были за версту в селе, за рекой, т. е. за лужей.»

Але ўжо ў снежні 1912 года Масальскія-Сурыны прадалі маёнтак камісіянеру з Мазыра Антону Восіпаву Куліцкаму, а ў чэрвені 1915 года ў спісе буйных землеўладальнікаў Сенненскага павета Магілёўскай губерні часоў Першай сусветнай вайны гаспадаром Шчаўроў названы Міхей Сцяпанавіч Рогаў з валоданнем 183,18 дзесяцін зямлі[23]. Пра Міхея Сцяпанавіча вядома, што ён 1862 года нараджэння і з вёскі Узнацк, жыў у вёсцы Батуры (сучасны Крупскі раён). Працаваў на асабістай гаспадарцы. Быў арыштаваны 15.02.1930 і асуджаны 05.03.1930 паводле артыкула 72 КК БССР за антысавецкую агітацыю на высылку на поўнач Расіі. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 13.06.1989. Асабістая праца захоўваецца ў КДБ Беларусі (#28632-С)[24].

У Цэнтральным дзяржаўным архіве горада Масквы захоўваюцца справы Маскоўскага зямельнага банка за 1872—1918 гады пра выдачу зямельных пазык:

• дворянкам Загорской С.-Э.-Е.-К. Ю., Судумир /Судомир/ М.-А.-Т. Ю., Лось-Рошковской Т.-М.-Л. Ю. под имение «Щавры» с фольварками Октавия, Гута и др. застенком Стапки и усадьбами, Сенненского уезда Могилёвской губернии и продаже его крестьянам Шатернику Г. В., Ващило Н. Н., Битусу Ф. К. и др. за 9 декабря 1904 — 5 февраля 1913 гг. (Фонд 277, опись 1, том 1, дело 1583);

• дворянке Мосальской-Суриной Е. А. под имение Щавры и продаже крестьянам Шатернику Г. В., Вашило Н. Н., Битусу Ф. К. и др. участка из имения за 10 августа 1912 — 29 марта 1917 гг. (Фонд 277, опись 2, том 1, дело 2047);

• землевладельцам Лось-Рошковской Т. Ю., Судомир М. Ю., Загорской С. Ю. под имение «Щавры», перешедшее во владение Мосальской-Суриной Е. А. и продаже разным лицам участков имения за 3 сентября 1904 — 10 сентября 1913 гг. (Фонд 277, опись 2, том 1, дело 2048);

• крестьянам Сацуке Н. В., Локису И. К., Ильюшенко А. и др. под фольварк «Истойки» из имения «Щавры», купленный у дворянки Мосальской-Суриной Е. А. за 5 сентября 1911 — 5 июня 1917 гг. (Фонд 277, опись 2, том 1, дело 2048а);

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захаваліся справы аб рамонце драўлянай царквы ў маёнтку Шчаўры (Фонд 2001, вопіс 1, справа 781), аб адмежаванні царкоўнай зямлі для прычту Шчаўроўскай царквы (Фонд 2216, вопіс 1, справа 6), аб страхаванні Шчаўроўскай царквы за 1910 год (Фонд 2301, вопіс 1, справа 453), аб будаўніцтве капліцы на каталіцкіх могілках у Шчаўрах (Фонд 1781, вопіс 2, справа 4991) і яе закрыцці (Фонд 1781, вопіс 2, справа 6026). Таксама ў архіве ёсць справа за 1857 год па рапарце святара Ільінскай царквы з суседняй вёскі Радзіца Барысаўскай губерні Анатолія Высоцкага аб здзяйсненні трэб святаром Шчаўроўскай царквы Янам Стратановічам (Фонд 136, вопіс 1, справа 27506).

  • Каталіцкія могілкі ў вёсцы Шчаўры, месца былой капліцы, 2004 год, фота з альманаха Малое Палессе Друцка-Бярэзінскага краюКаталіцкія могілкі ў вёсцы Шчаўры, месца былой капліцы, 2004 год, фота з альманаха Малое Палессе Друцка-Бярэзінскага краю
  • Месца каля ўзгорка, дзе знаходзілася царква ў Старых Шчаўрах, кастрычнік 2021 годаМесца каля ўзгорка, дзе знаходзілася царква ў Старых Шчаўрах, кастрычнік 2021 года
  • На старых могілках у Старых Шчаўрах захаваліся пахаванні святароў Стратановічаў XIX стагоддзяНа старых могілках у Старых Шчаўрах захаваліся пахаванні святароў Стратановічаў XIX стагоддзя
  • Надмагільная пліта святара Афанасія Стратановіча каля месца, дзе стаяла Пакроўская царква ў ШчаўрахНадмагільная пліта святара Афанасія Стратановіча каля месца, дзе стаяла Пакроўская царква ў Шчаўрах
  • Сядзіба ў Шчаўрах у 1910 годзе, фотаздымак уклеены ў асобнік машынапіснай копіі рукапісу ўспамінаў Яўгеніі Масальскай-Сурына, які знаходзіцца ў нарвежскім архіве Олафа Брока.Сядзіба ў Шчаўрах у 1910 годзе, фотаздымак уклеены ў асобнік машынапіснай копіі рукапісу ўспамінаў Яўгеніі Масальскай-Сурына, які знаходзіцца ў нарвежскім архіве Олафа Брока.

Мясцовыя жыхары

Метрычныя кнігі нараджэнняў, шлюбаў і смерцяў прыхода Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Старых Шчаўрах за 1863, 1869, 1873—1875, 1877—1880, 1882—1885, 1887 гады захоўваюцца ў НГАБ (Фонд 2301, вопіс 2).

Сялянская сям’я вёскі Лашанцы, 1946 год. На фота гаспадар Галенка Павел Анісімаў (1914 г.н.) побач з малодшай сястрой Горбач (Галенка) Ганнай Анісімавай (1923 г.н.), яго маці Галенка (Круцько) Параскева Сямёнава (каля 1890 г.н.) і жонка Галенка Надзея Іванава (1919 г.н.) з дзецьмі Венерай (1941 г.н.) і Уладзімірам (1944 г.н.).

Таксама ў НГАБ захаваліся справы (Фонд 2014, вопіс 1, справа 390) пра выкуп зямель у памешчыка Юлія Рашкоўскага сялянамі вёсак Лашанцы, Лужа і сяла Шчаўры за 1865—1871 гг., Рэвізскія сказкі (перапіс сялян) па вёсцы Лашанцы захаваліся толькі за 1858 год (Фонд 2151, вопіс 1, справа 103).

У дзяржаўным архіве па Мінскай вобласці захаваліся спісы сялянскіх дэпутатаў па вёсцы Лашанцы Малажаберыцкага сельсавета і розныя пратаколы агульных сходаў (Фонд 73, вопіс 1).

Прозвішчы жыхароў вёскі Лашанцы ў XIX—XXI стагоддзях:

Арлоўскі, Аўласёнак, Бундзель, Бядрыцкі, Гайдук, Галавач, Галенка, Горбач, Давыдко, Дойлід, Драніца, Дрозд, Драздоў, Занімонец, Казлоў, Каптур, Капыток, Карпаў, Кірэеў, Клімковіч, Лякін, Макарэнка, Мікуліч, Моніч, Мурашка, Полін, Прадзед, Прыгажонак, Пчолка, Стаін, Старадубін, Шчэрба, Шынкевіч, Шушкевіч, Фёдараў, Цюхлоў.

У першым двары ў вёсцы каля аўтобуснага прыпынку па вуліцы Кароткая жылі Галавачы і ў апошнім (на хутары) таксама.

Перапіс жыхароў вёскі Лашанцы 1926 года

У часы ўсталявання савецкай улады Крупшчына адна з першых на тэрыторыі сучанай Беларусі сутыкнулася з «кулацкім тэрорам»[25]. Так, пры нявысветленых абставінах у 1924 годзе падчас працы на полі каля балота ў Шчаўрах быў забіты некімі бандытамі (так пра іх казалі ў вёсцы) жыхар Лашанцаў Іван Сыльвестараў Галенка і з дома «гэткімі ж бандытамі на конях» былі забраныя яго дакументы. Пахаваны ён на мясцовых могілках вёскі.

Каля 20 жыхароў вёскі Лашанцы загінула на франтах Другой сусветнай вайны, сярод іх:

  • Іван Іванавіч Галенка (1923—1944) — сын Івана Сыльвестарава Галенкі і Тэадоры (Феадоры) Васілеўны Галавач (Мазалеўскай). Мабілізаваны ў ліпені 1944 года, радавы 18-й гвардзейскай стралковай дывізіі, загінуў 17 жніўня 1944 года каля вёскі Вількаболле (Вилькоболье) Кальварыйскага павета Віленскай губерні (цяпер Літва). Пахаваны на брацкіх могілках у Кальварыі[26].
  • Павел Матвеевіч Бундзель (1910—1944);
  • Аляксандр Васільевіч Галавач;
  • Іван Іванавіч Галавач;
  • Аляксей Іванавіч Давыдко (1913—1944);
  • Іван Іванавіч Давыдко (1913—1944);
  • Мікалай Міхайлавіч Давыдко (1944);
  • Раман Іванавіч Давыдко;
  • Мікалай Міхайлавіч Капыток;
  • Пётр Міхайлавіч Капыток (1922—1944);
  • Васіль Дзімітравіч Казлоў (1921—1943);
  • Іван Аляксеевіч Прыгажонак (1915—1944);
  • Мікіта Піліпавіч Прыгажонак (1914—1945);
  • Васіль Ягоравіч Пчолка (1911—1942);
  • Іван Паўлавіч Пчолка (1944);
  • Васіль Самуілавіч Рупец (1906—1944), сувязны мясцовага партызанскага атрада;
  • Васіль Іванавіч Цюхлоў (1920—1944);
  • Максім Міхайлавіч Цюхлоў (1944);
  • Васіль Мікалаевіч Цюхлоў (1918—1944).
  • У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (Фонд 7021, вопіс 87, справа 7) захоўваюцца спісы сялян Малажаберыцкага сельсавета за кастрычнік 1944 года, сярод якіх і жыхары вёскі Лашанцы, якія былі сагнаны немцамі на прымусовыя працы ў Германію або расстраляны: Аўдзей Буднік 1864 г.н., Вольга Пятроўна Гайдук 1920 г.н., Марыя Данілаўна Горбач 1925 г.н., Кацярына Селівеева Горбач 1924 г.н., Ганна Пятроўна Занімонец 1914 г.н., Аляксей Андрэеў Занімонец 1919 г.н., Кастусь Каптур 1924 г.н., Піліп Капыток 1865 г.н., Віктар Афанасій Шчэрба 1921 г.н., Яўген Афанасій Шчэрба 1926 г.н..
  • Супрацоўнічаў з немцамі, растрэльваў партызан шэраговы міліцыянер Малажаберыцкага сельсавета Базыль (Васіль) Сяргееў Асіповец, арыштаваны ў 1944 годзе.
  • Жыхары Малажаберацкага сельсавета, якіх немцы бралі ў палон
  • Аляксандр Мікалаевіч Пчолка. Нарадзіўся 4.6.1963 г. у в. Лашанцы Крупскага раёна Мінскай вобласці. Беларус. Член КПСС. Бацькі, Мікалай Ягоравіч і Марыя Іванаўна, пенсіянеры, працавалі ў саўгасе «Стараселле». У 1978 г. Аляксандр скончыў Старасельскую васьмігадовую школу, у 1982 г.— Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум. З ліпеня 1982 г. працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады ў саўгасе «Стараселле». У кастрычніку 1982 г. прызваны ў Савецкую Армію. Сяржант Аляксандр Пчолка загінуў 28.4. 1984 г. Пахаваны ў в. Лашанцы. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Воіну інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа». У студзені 2019 года на будынку школы ў вёсцы Ігрушка ўсталявана мемарыяльная дошка воінам-афганцам, сярод якіх Аляксандр Пчолка[27].
  • Таксама ўдзельнікам вайны ў Афганістане быў жыхар Лашанцаў Юрась Кірэеў[28].
  • Іван Нікіфаравіч Галенка — 1913 г.н. (сын селяніна Нікіфара Сілівеева з вёскі Лашанцы) падчас Другой сусветнай вайны служыў у партызанскім атрадзе «Бальшавік» (Гомельская вобласць) з 6 ліпеня 1942 па 1943 год у якасці старшыны атрада. У маі 1943 года прысвоена званне малодшы лейтэнант, а ў жніўні — медаль «Партызан Айчыннай вайны» другой ступені.
  • У Нацыянальным архіве Беларусі захаваліся характарыстыкі на кулямётчыка Івана Нікіфаравіча Галенку. Вось адна з іх за снежань 1942 года.
  • У 1974 годзе кафедра беларускай літаратуры БДУ выпусціла зборнік «Песні народных свят і абрадаў». Сярод 1150 песень, запісаных студэнтамі ў 1961—1971 гадах, апублікавана песня сялянкі з Лашанцаў — Марфы Капыток (нар. 1903) «Цераз сенечкі, цераз новыя». Вядома, што Марфа жыла ў пачатку вёскі каля калодзежа[29].
  • У 2018 годзе этнаграфічны анлайн-праект #ЭТНАЎСЁ апублікаваў песню «Ідзець Вялічка, нету надзеці» ў выкананні сялянкі з Лашанцаў — Кацярыны Цюхлавай (нар. 1928)[30].

Род Рашкоўскіх

Нягледзячы на тое, што фальварак Шчаўры ў самым пачатку XVII стагоддзя заснаваў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, а засценак Лашанцы ў сярэдзіне XVIII стагоддзя яго родзіч Аляксандр Сапега, асноўны росквіт і развіццё гэтых мясцін Крупшчыны адбыліся ўсё ж за часам панавання роду Рашкоўскіх. А валодалі яны Лашанцамі, Шчаўрамі і іншымі вакольнымі мясцінамі больш за стагоддзе.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захавалася цэлая справа за XIX стагоддзе аб паходжанні роду Рашкоўскіх (Фонд 2512, вопіс 1, справа 120).

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Минская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2009. — С. 14—15. — 60 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-985-508-174-7. (руск.)
  3. Аляхновіч, А. Гісторыка-краязнаўчы альманах Малое Палесье Друцка-Бярэзінскага краю / А. Аляхновіч. — Крупкі, 2010. — 40 с.
  4. Яцкевіч, З. Малы гербоўнік халопеніцкай шляхты / З. Яцкевіч. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 35 с.
  5. Анікіевіч, К. Сенненскі павет Магілёўскай губерні / К. Анікіевіч — Магілёўская губерня: Губернская тыпаграфія, 1907. — С. 7, 77
  6. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 31 сакавіка 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 15 (1533).
  7. Памяць: Гістарычна-дакументальная хроніка Крупскага раёна. — Менск, 1999. с. 37 — 64, 70 — 73.
  8. Яцкевіч, З. Малы гербоўнік халопеніцкай шляхты /З. Яцкевіч. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 36 с.
  9. Sygowski, P. Unicka archidiecezja «Polskopołocka» w świetle wizytacji z lat 1789—1790 /P. Sygowski. — Lublin. — 385, 466 с.
  10. Лісейчыкаў, Дз. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596—1839 гг. /Дз. Лісейчыкаў. — Менск. — 2015
  11. Radwan, M. Kościół greckokatolicki w zaborze rosyjskim około 1803 roku. T. 11 /M. Radwan — Warszawa, Druk «WIEKU», 1890
  12. Radwan, M. Carat wobec koścіoła greckokatolіckіego w zaborze Rosyjskіm 1796—1839 / M. Radwan. — Wydanіe drugіe. — Lublіn: Іnstytut Europy Środkowo-Wschodnіej, 2004. — с. 394
  13. Borkowski, D., Sewer Teofil, J. Rocznik szlachty polskiej. / K. Łukaszewicz. — Tom 2. — Lwów, 1883.
  14. Антон Луцкевіч: Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва. — Мінск, «Кнігазбор», 2006. с. 308—310.
  15. Матвейчык, Д. Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў: біяграфічны слоўнік /Д. Матвейчык. — Менск: Беларусь, 2016. — 169 с.
  16. Кісялёў, Г. Сейбіты вечнага: артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў рэвалюцыйнага руху 1863 года; Скарынаўская сімволіка: вытокі, традыцыі, інтэрпрытацыі /Г. Кісялёў. — Менск: Медысонт, 2009. — 136 с.
  17. Наша вера № 1 (27). Пазбаўленыя набажэнстваў за продкаў / Я. Янушкевіч. — Мінска-Магілёўская архідыяцызія, 2004. — 1 с.
  18. Аляхновіч, А. Гісторыка-краязнаўчы літаратура-мастацкі альманах Малое Палесье Друцка-Бярэзінскага краю / А. Аляхновіч. — Крупкі, 2012. — 138 с.
  19. Зуёнак, В. Паміж небам і зямлёй : літаратурна-лінгвістычныя эсэ, эцюды, падарожныя нататкі / В. Зуёнак. — Мінск: Беларус. навука, 2009.
  20. Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі: цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Сакральныя ўзгоркі Беларусі /НАНБ: цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. — Менск: Беларуская навука, 2013. — 253 с.
  21. Памятная книжка Могилёвской губернии на 1869 год / Могилёвский Губернский Статистический Комитет. — Могилёв, 1868. — 159—160 с.
  22. Масальская-Сурина Е.: История с географией. — Москва, «Издательство Сабашниковых», 2019. с. 128—129.
  23. НГАБ. Ф.2084. Воп.1. Спр.514. Арк.22-29. Рукапісны
  24. Аляхновіч, А., Дубавец, С., Хроніка палітычнага тэрору 1918—2008 Крупскі рэгіён / Гісторыка-краязнаўчы літаратура-мастацкі альманах Малое Палесье Друцка-Бярэзінскага краю / А. Аляхновіч., С. Дубавец. — Крупкі, 2012. — 133 с.
  25. Бунт КАВАЛЕРИХИ, Дело банды ХРИПАЧА, «БЕЛАЯ СВИТКА» /или Беларуские антисоветские и криминальные страсти времен «Колхозного перелома» — Андрей ТИСЕЦКИЙ — «Беларуское историко-детективное агентство», в редакции 25 января 2019 года Архівавана 24 кастрычніка 2021.
  26. Фота мемарыяльнай дошкі на брацкай магіле ў Кальварыі
  27. Мемориальные доски в память воинов-афганцев Анатолия Кулеша и Александра Пчелко открыты в Игрушковской школе // газета «Крупскі веснік», 2019
  28. Юрий Киреев: «Мы просто делали свою работу — обеспечивали связь в войсках» // газета «Крупскі веснік», 2021
  29. Гілевіч, Н. Песні народных свят і абрадаў /Н. Гілевіч. — Мінск: Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1974. — 331 с.
  30. Ідзець Вялічка, нету надзеці // песня, аўдыё — в. Лашанцы, Крупскі раён

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Крупскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be