wd wp Пошук:

Лозаў

Ло́заў[1] (трансліт.: Lozaŭ, руск.: Лозов) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Рагінскага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчэнне

У 21 км на поўнач ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 57 км ад Гомеля.

Гідраграфія

На паўночнай ускраіне рака Чачора (прыток ракі Сож).

Транспартная сетка

Транспартныя сувязі па прасёлкавай дарозе, затым па шашы Доўск — Гомель. Планоўка складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. На поўдні паралельна да яе праходзіць кароткая вуліца, да якой з паўднёвага захаду далучаецца другая кароткая вуліца. Забудова двухбаковая, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Па пісьмовых крыніцах вядомая з канца XVIII стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1765 годзе — маёнтак, прыналежала Завадскім.

Пасля першага падзела Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1845 годзе знаходзіліся вадзяны млын, карчма (каля прасёлкавай дарогі), хлебазапасны магазін, лазня. Побач быў фальварак. У «Географа-статыстычным слоўніку Расійскай імперыі» (1863 год) пазначана як сяло. Школа граматы, млын, сукнавальня, у Мяркулавіцкай воласці Рагачоўскага павета. У 1885 годзе ў наваколлях вёскі працавала Заходняя меліярацыйная экспедыцыя генерала Жылінскага. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: царкоўна-прыхадская школа, хлебазапасны магазін, карчма.

У 1925 годзе ў Прыбарскім сельсавеце Гарадзецкага раёна Бабруйскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Камунар», працавала гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны загінулі 110 жыхароў вёскі. У 1959 годзе ў складзе калгаса «Рагінь» (цэнтр — вёска Рагінь).

На паўночны захад ад вёскі, ва ўрочышчы Беліца, вядуцца торфараспрацоўкі.

Насельніцтва

Колькасць

  • 2004 год — 84 гаспадаркі, 136 жыхароў.

Дынаміка

  • 1765 год — 16 двароў, 104 жыхара мужчынскага полу.
  • 1845 год — 37 двароў.
  • 1897 год — 92 двары, 578 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1909 год — 103 двары, 644 жыхара.
  • 1925 год — 130 двароў.
  • 1959 год — 614 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 84 гаспадаркі, 136 жыхароў.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be