Ліпінічы
Лі́пінічы[1] (трансліт.: Lipiničy, руск.: Липиничи) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Цэнтр Ліпініцкага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
За 14 км у напрамку на поўнач ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 62 км ад Гомеля.
Гідраграфія
Рака Гліна (прыток ракі Ліпа).
Транспартная сетка
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Чачэрск — Буда-Кашалёва. Планіроўка складаецца з доўгай прамалінейнай вуліцы з двума завулкамі, арыентаванай амаль мерыдыянальна і забудаванай з двух бакоў пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XV стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. Згадваецца ў 1503, 1526—1527 гадах у матэрыялах пра канфлікты паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. У 1560 годзе згадваецца ў Актах Галоўнага Літоўскага трыбунала. У 1566 годзе зямлі Сарыбаўшчына, прыпісаныя да вёскі Ліпінічы, перададзены Б. Даніловічу. Па вопісе 1567 года маёнтак Ліпінічы павінен быў выдзяляць сваіх апалчэнцаў для фарміравання ўзброеных атрадаў ВКЛ. У 40-х гадах XVII стагоддзя згадана ў інвентары Гомельскага староства.
Пасля першага падзела Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расійскай імперыі. З 1880 года дзейнічаў хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: царкоўна-прыхадская школа, хлебазапасны магазін, карчма. У 1909 годзе — 497 дзесяцін зямлі, у Кашалёўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні.
Напачатку 1920-х гадоў для школы быў вылучана нацыяналізаваны будынак. Некаторы час пасля канчатка настаўніцкай семінарыі ў вясковай школе працаваў будучы народны пісьменнік і акадэмік Акадэміі навук БССР М. Ц. Лынькоў. Ён жа падчас акупацыі вёскі германскімі войскамі ў 1918 годзе быў адным з арганізатараў партызанскага атрада.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Ліпініцкага сельсавета Буда-Кашалёўскага раёна Бабруйскага, з 27 кастрычніка 1927 года Гомельскай акруг.
У 1929 годзе арганізаваны калгас «Перамога», працавала гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі 8 двароў, 77 жыхароў вёскі загінулі на фронце. Вызвалена 28 лістапада 1943 года. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 303 жыхара вёскі і бліжэйшых населеных пунктаў. У памяць пра загінуўшых у цэнтры вёскі ўсталявана скульптура жанчыны з лаўровым вянком. У 1959 годзе цэнтр калгаса «Світанак». Размяшчаліся камбінат бытавога абслугоўвання, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, магазін.
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 68 гаспадарак, 179 жыхароў.
Дынаміка
- 1897 год — 67 двароў, 459 жыхароў (паводле перапісу).
- 1909 год — 70 двароў 517 жыхароў.
- 1925 год — 122 двары.
- 1940 год — 328 жыхароў.
- 1959 год — 412 жыхароў (паводле перапісу).
- 1999 год — 73 двары, 198 жыхароў[2].
- 2004 год — 68 гаспадарак, 179 жыхароў.
Памятныя мясціны
- Помнік землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну[2].
Вядомыя выхадцы
- В. В. Крэпастноў — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 276.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. — 632с.: іл. — Тыраж 4000 экз. — ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8. — С. 276.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Гомельская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — С. 19. — 68 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-107-5. (руск.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ліпінічы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.