Маляцічы (Крычаўскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Маляцічы.
Маля́цічы[1] (трансліт.: Maliacičy, руск.: Малятичи) — аграгарадок у Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Маляціцкага сельсавета. Насельніцтва 443 чал. (1997). Знаходзяцца за 25 км на паўночны захад ад Крычава, за 1 км ад чыгуначнага раз’езду Маляцічы (лінія Орша — Крычаў); на шашы Ермакоўка — Крычаў.
У кан. XVIII ст. архібіскуп С. Богуш-Сестранцэвіч збудаваў тут касцёл Святога Станіслава — паменшаную ў 32 разы копію базілікі Св. Пятра ў Рыме[2].
Назва
На думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім «Маляцічы» ўтварыўся ад прозвішча Маляціч з асновай «моль»[3]. Паводле падання, назва паселішча пайшла ад слова «немаўля»: першыя пасяленцы былі невялікага росту.
Таксама сустракаецца форма назвы Малятычы.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Маляцічы (Малецічы) як сяло ў складзе Мсціслаўскага ваяводства датуецца 1639. У гэты час тут было 13 двароў, дзейнічаў касцёл. У 1684 Маляцічы сталі цэнтрам маёнтку і воласці, у 1706 атрымалі статус мястэчка.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) каля Маляцічаў на рацэ Чорная Натапа расійскае войска пад камандаю М. Галіцына разбіла авангард шведскай арміі. За гэты бой М. Галіцына ўзнагародзілі ордэнам Андрэя Першазванага, а ў гонар перамогі выбілі медаль (захоўваецца ў Крычаўскім краязнаўчым музеі). Згадваецца ў 1758 годзе як мястэчка ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ[4].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Маляцічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Мясціна знаходзілася ва ўладанні архібіскупа, потым мітрапаліта С. Богушу-Сестранцэвіча, які збудаваў тут новы касцёл — паменшаную ў 32 разы копію базілікі Св. Пятра ў Рыме. Станам на 1780 у мястэчку было 40 двароў.
Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1835 расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі Маляціцкі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. На 1880 у мястэчку было 62 двары, існавалі вадзяны млын, сукнавальня, лячэбніца, народнае вучылішча, царква, малітоўная школа, 10 крамаў. У кан. XIX — пач. XX стст. працавалі земскае вучылішча, бальніца, пры школе існаваў інтэрнат, які абслугоўвалі кухарка і вадавоз. На 1910 — было 110 двароў.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Маляцічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У жніўні 1919 г. у Маляціцкай воласці выбухнула антысавецкае паўстанне, у якім удзельнічалі каля 300 чал.[5] У 1924 г. Маляцічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета. У 1934 г. бальшавікі злачынна зруйнавалі помнік архітэктуры — касцёл Св. Станіслава.
Станам на 1940 г. у вёсцы жыло 502 чалавекі ў 97 дварах[6].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 г. нямецкімі акупацыйнымі ўладамі было спалена 97 двароў, забіта 210 чалавек[6].
Станам на 1972 г. у вёсцы 94 двары.
Насельніцтва
- XVII стагоддзе: 1639 — 28 муж.
- XVIII стагоддзе: 1780 — 255 чал.
- XIX стагоддзе: 1859 — 213 чал.[7]; 1880 — 327 чал.
- XX стагоддзе: 1910 — 428 чал.; 1940 — 502 чал.; 1972 — 308 чал.; 1997 — 443 чал.[8]
Інфраструктура
У Маляцічах працуюць сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, пошта.
Эканоміка
Рамонтныя майстэрні, піларама.
Вядомыя асобы
- Міхаіл Ціханавіч Казлоўскі (1903—1972) — вучоны-хімік, акадэмік Акадэміі навук Казахскай ССР[9]
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Могілкі: яўрэйскія, старыя праваслаўныя
Страчаная спадчына
- Касцёл Св. Станіслава і кляштар дамініканцаў[10] (XVIII ст.)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 435—436.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 341.
- ↑ НГАБ, ф. 1731, воп. 1, спр. 35, с. 342.
- ↑ Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці. — Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 20. — Л. 130.
- 1 2 Молятичи (руск.)
- ↑ Malatycze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 942.
- ↑ Уладзімір Бянько. Маляцічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 63.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8. — С. 433.
- ↑ Тамара Габрусь. Святыні ордэна прапаведнікаў // «Наша Вера» № 1 (27), 2004.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Раентава, В. П. З гісторыі вёскі Маляцічы Крычаўскага раёна // «Магілёўская даўніна» № 1, 1994. С. 92—93.
- Malatycze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 942.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Маляцічы (Крычаўскі раён)
- мяст. Маляцічы на Radzima.org
- Віталь Сямашка. Маляцічы: «Працуюць. Малайцы! І бяз грошай можна рабіць» // «Радыё Свабода», 6 лістапада 2007.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Крычаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.