wd wp Пошук:

Мглін

Мглін (руск.: Мглин) — горад (з 1781 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Мглінскага раёна Бранскай вобласці. Насельніцтва 8,2 тыс. чалавек (2005). Заснаваны ў 1389 годзе.

Размешчаны на рацэ Судынка, за 130 км ад Бранска. Масласыраробчы завод, крухмальны завод, асфальтавы завод, лясгас.

Гісторыя

Згодна з археалагічнымі даследаваннямі, на месцы сучаснага Мгліна ў канцы I тысячагоддзя існавала славянскае паселішча. Па ўсёй бачнасці, не пазней за XI стагоддзе ўзнік горад. Гарадзішча размешчана ў цэнтры сучаснага горада на абрывістым мысе правага берага р. Судынка, пляцоўка яго складаецца з дзвюх частак. Гэтыя часткі ў старажытнасці былі падзелены ровам. Сляды рова захаваліся таксама з поўначы і поўдня, вал не захаваўся. Магчыма, горад пацярпеў падчас мангола-татарскага нашэсця.

У канцы 1380-х — 1503 гады Мглін уваходзіў у склад уладанняў князёў Мсціслаўскіх у Вялікім Княстве Літоўскім. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1500—1503) заняты рускімі войскамі і па Маскоўскім перамір’і (1503) увайшоў у склад Рускай дзяржавы. У XVI — сярэдзіне XVII стагоддзяў з’яўляўся памежным горадам, тут адноўлены земляныя ўмацаванні. У Смутны час захоплены польска-літоўскімі войскамі падчас інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай пачатку XVII стагоддзя і па Дэулінскім перамір’і 1618 года адышоў да Рэчы Паспалітай, дзе быў падараваны ва ўладанне буйному магнату М. Абрамовічу. У 1626 годзе атрымаў магдэбургскае права. У 1652 годзе заняты прыхільнікамі гетмана Б. Хмяльніцкага, у 1654 годзе стаў соценным горадам Старадубскага палка. У 1661 годзе спустошаны крымскімі татарамі, але неўзабаве адноўлены. Паводле Андрусаўскага перамір’я (1667) застаўся ў складзе Рускай дзяржавы. У 1708 годзе, падчас Паўночнай вайны (1700—1721), пацярпеў ад нападу шведскіх войскаў.

У 1708—1764 гадах у складзе Кіеўскай губерні, у 1764—1781 гадах — Маларасійскай губерні. У 1760 годзе падараваны ва ўладанне графу К. Разумоўскаму. Павятовы горад Ноўгарад-Северскага намесніцтва (1781—1796), Маларасійскай (1796—1802) і Чарнігаўскай (1802—1919) губерняў. У 1785 годзе гарнізон Мгліна пераведзены ў Чарнігаў, і горад страціў значэнне крэпасці. З 1884 года ў Мгліне праводзіліся 4 штогадовыя кірмашы. Эканамічнае развіццё горада рэзка замарудзілася пасля таго, як у 1887 годзе быў адкрыты рух па чыгуначнай лініі Бранск — Гомель, якая прайшла ў баку ад Мгліна.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай беларуская частка Чарнігаўскай губерні абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, на выдадзенай затым «Карце БНР» Мглін паказаны ў яе складзе. 1 студзеня 1919 года пастановай I з’езда КП(б) Беларусі горад уключаўся ў склад Беларускай ССР, дзе меў стаць цэнтрам павета («падраёна»)[2], але I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, не ўхваліў гэта рашэнне.

Павятовы горад Гомельскай губерні РСФСР (1919—1922). Затым знаходзіўся ў складзе Клінцаўскага павета Гомельскай губерні (1922—1926), Бранскай губерні (1926—1929). Раённы цэнтр Заходняй (1929—1937), Арлоўскай (1937—1944) і Бранскай (1944—1963, з 1966) абласцей. 16 чэрвеня 1941 года акупаваны германскімі войскамі, вызвалены 22 верасня 1943 года падчас Бранскай наступальнай аперацыі.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. http://web.archive.org/web/20090828062338/http://www.gks.ru/wps/PA_1_0_S5/Documents/jsp/Detail_default.jsp?category=1112178611292&elementId=1140096199984 - Колькасць насельніцтва Расійскай Федэрацыі па гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і раёнах на 1 студзеня 2010 года (руск.)
  2. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Бранскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be