wd wp Пошук:

Мыкулынці

Мікулінцы ці Мыкулынці[1] (укр.: Микулинці) — пасёлак гарадскога тыпу ў Церабаўлянскім раёне Цярнопальскай вобласці Украіны на рацэ Сэрэт. Адно з самых старажытных паселішчаў у Заходняй Украіне.

Гісторыя

Першае пісьмовае згадванне — 1096 г. як Мыкулын, паводле «Павучання» Уладзіміра Манамаха. Па адной з версій, назва мястэчка паходзіць ад імя яго заснавальніка — ваяводы князя Васілька Мікулы. Паводле іншай — ад старажытнай царквы Святога Мікалая, якую пабудавалі тут манахі. У Лаўрэнцьеўскім летапісе «горад Мікулынь» згадваецца тры разы ў сувязі з княжымі міжусобіцамі. У 1202 г. паблізу мястэчка адбылася бітва кіеўскага князя Рурыка Расціславіча з галіцкімі і ўладзімірскімі баярамі. У другой палове XI ст. паселішча належала да Церабаўлянскага, ад 1140 г. — да Галіцкага, ад 1199 г. -да Галіцка-Валынскага княстваў. На той час гэта быў значны населены пункт, праз які праходзіў гандлёвы шлях з Галіча ў Кіеў, у той жа час гэта быў фарпост ад нападаў знешніх ворагаў.

У 1387 г. мястэчка ў складзе Галіцкай зямлі папаў пад уладу Польшчы і пасля пачаў называцца Мікулінцы (польск.: Mikulińce). У канцы XV -першай палове XVІ ст. на мястэчка пачасцілі нападу татарскіх ордаў. Для абароны ад ворагаў ўладальніца мястэчка графіня Ганна з Сяняўскіх — дачка гетмана каронага, рускага ваяводы Мікалая Сяняўскага — спрыяла будаўніцтву ў 1550 г. каменнага замка, што ў спалучэнні з выгадным геаграфічным становішчам прывяло да росту паселішча, павелічэння колькасці насельніцтва. У 1595 г. Мікулінцы атрымалі статус горада з правам трох штогадовых кірмашоў і кожны аўторак — таргоў. Жыхары горада вызваляліся ад падаткаў на 6 гадоў. Прыезджым купцам дазвалялася весці бяспошлінны гандаль.

У 1772 г. Мікулінцы адышлі да Аўстрыі па першым падзеле Рэчы Паспалітай. У 1810—1815 гг. Мікулінцы ў складзе Цярнопальскага краю знаходзіліся пад уладай Расійскай імперыі, ад 1815 г. — зноў перайшлі да Аўстрыі. Падчас Першай сусветнай вайны ў Мікулінцах стаялі часткі 8-й рускай арміі, што ўступілі сюды ў пачатку жніўня 1914 г. Да сярэдзіны 1917 г. Мікулінцы заставаліся франтавым горадам, пасля чаго іх захапіла аўстрыйскае войска. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі Мікулінцы на працягу некаторага часу ў лістападзе 1918 г. знаходзіліся ў складзе Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі. У сярэдзіне ліпеня 1919 г. горад акупавалі польскія войскі. 31 ліпеня 1920 г. часці 60-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі акупавалі мястэчка.

З 19 верасня 1920 г. Мікулінцы зноў пад польскай уладай. Мікулінцы ўвайшлі ў Цярнопальскі павет, іх аднеслі да катэгорыі мястэчак. У 1921 г. тут пражывала 3277 чал. Цэнтральная вуліца мела брук, была забудаваная невялікімі адна- і двухпавярховымі дамамі. У складзе міжваеннай Польшчы мястэчка знаходзілася да 1939 г. У верасні 1939 г. у Мікулінцы зноў ўвайшла Чырвоная Армія. У студзені 1940 г. быў створаны Мікулінецкі раён (існаваў да 1962 г., калі населены пункт перайшоў да Церабаўлянскага раёна), Мікулінцы атрымалі статус пасёлка гарадскога тыпу.

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Літынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Тэрэбоўлянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Цярнопальскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be