Неганічы
Не́ганічы[1] (трансліт.: Niehaničy, руск.: Негоничи) — вёска ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Паплаўскага сельсавета. 58 гаспадарак, 114 жыхароў (2008).
Геаграфія
Знаходзіцца за 8 км на паўднёвы захад ад Беразіно, 93 км ад Мінска, на р. Паплаўка (прыток р. Бярэзіна). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Паплавы і далей па шашы Мінск — Магілёў.
Планіровачна складаецца з 2 вуліц, гал. з якіх крывалінейная, працяглая, арыентавана з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, перакрыжавана ракой і паўночна-заходняя частка яе праходзіць уздоўж ракі. Другая вуліца адыходзіць на захад ад галоўнай і трасіравана паралельна да другога боку ракі. Забудавана двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
За 1,5 км на поўдзень ад вёскі знаходзіцца курганны могільнік (З насыпы), які сведчыць аб засяленні гэтых мясцін у далёкай старажытнасці.
Сучасная вёска вядома з XIV стагоддзя. Першае ўпамінанне адносіцца да перыяду ВКЛ падчас праўлення князя Вітаўта (1392—1431). Тады пан Нарушэвіч «выслужыў» 2 сялы Свіслацкай воласці — Божына і Неганічы.
У пачатку XV стагоддзя асабістае ўладанне роду Валовічаў, у складзе сядзібы Божына. З 1670 года сядзіба ва ўладанні сына Марціна Валовіча Дамініка[d], абельскага старосты. У сядзібу ўваходзілі сёлы Божына, Неганічы, Паложына і слабада Марціянаўка.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 годзе сяло ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, уласнасць памешчыка М. Агінскага. У 1800 годзе сяло (33 двары), фальварак, карчма, млын, уласнасць памешчыка М. Валовіча. Акрамя земляробства мясцовыя сяляне займаліся вырабам драўлянага посуду на продаж, наймаліся да купцоў сплаўляць лес па Бярэзіне. У 1858 годзе ў складзе маёнтка Брадзец, уласнасць памешчыка Лукашэвіча. У 1870 годзе ў Юравіцкай (з пачатку 1910-х гадоў Хутарской) воласці. Паводле перапісу 1897 года сяло Неганічы (яно ж Ляхаўка), 94 двары, хлебазапасны магазін, піцейны дом, царква на могілках пры паштовай дарозе з Беразіно ў Ігумен. Побач аднайменны маёнтак, у якім 4 двары. У 1908 годзе ў сяле 102 двары, у маёнтку 1 двор. У 1912 годзе адкрыта аднакласнае народнае вучылішча. У 1893 годзе на сродкі жыхароў пабудавана драўляная Раства-Багародзіцкая царква (у 1930-я гады пераабсталявана пад клуб).
У 1917 годзе ў сяле 114 двароў. У будынку карчмы, пабудаваным у 1914 годзе, пасля рэвалюцыі адкрыта школа. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Неганіцкага сельсавета Бярэзінскага раёна Барысаўскай, з 9 чэрвеня 1927 года да 26 ліпеня 1930 года Менскай акруг БССР. З 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1920-я гады арганізаваны камсамольскі калгас-камуна (у 1933 годзе пераўтвораны ў калгас імя XVII партз’езда). У 1926 годзе ў вёсцы 125 двароў, у маёнтку 32 жыхары.
У Вялікую Айчынную вайну на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 36 вяскоўцаў (па іншых звестках 23 жыхары загінулі на франтах і прапалі без вестак, 36 у тыле). У час адступлення ў 1944 годзе акупанты спалілі большую частку вёскі.
З 20 верасня 1944 года ў Мінскай вобласці, з 16 ліпеня 1954 г. вёска ў Паплаўскім сельсавеце. У 1950-я гады калгас перайменаваны ў «Паплавы» і цэнтр гаспадаркі перанесены ў аднайменную вёску. З 25 снежня 1962 года ў Чэрвеньскім, з 6 студзеня 1965 года ў Бярэзінскім раёнах. У 2003 годзе 70 гаспадарак. Дзейнічаюць школа, магазін (пабудаваны ў 1967 годзе).
Насельніцтва
- 1800 — 238 жыхароў
- 1858 — 300 жыхароў
- 1897 — у сяле 563 жыхары, у маёнтку 53 жыхары
- 1908 — у 759 жыхароў, у маёнтку 13 жыхароў
- 1917 — у сяле 730 жыхароў, у маёнтку 45 жыхароў
- 1926 — у вёсцы 617 жыхароў, у маёнтку 32 жыхары
- 1960 — 411 жыхароў
- 2003 — 133 жыхары
- 2008 — 114 жыхароў
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0302-3.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Бярэзінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.