Нясвіж
Нясві́ж[2] (трансліт.: Niasviž) — горад на паўднёвым захадзе Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Нясвіжскага раёна, каля вытокаў р. Ушы, на балтыйска-чарнаморскім водападзеле. За 112 км на паўднёвы захад ад Мінска, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы, аўтамабільнымі дарогамі звязаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам і аўтадарогай Мінск — Слуцк. Насельніцтва 15 557 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Ёсць думка, што першая ўскосная згадка Нясвіжа звязана з удзелам нясвіжскага князя Юрыя Яраполчыча ў бітве на Калцы (1223) і менавіта яго нашчадкамі былі нясвіжскія князі Грыгорый і Іван, згаданыя ў 1388 годзе. Аднак, датычнасць князёў Юрыя Яраполчыча, Грыгорыя і Івана менавіта Нясвіжа, як і радавод апошніх, пэўна пакуль не вызначана. Імаверна з канца XIII ст. Нясвіж у складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1430-я гады згадваецца князь Федзька Нясвіжскі, але і яго датычнасць менавіта Нясвіжа пэўна не вызначана.
Першы пэўна вядомы ўладальнік Нясвіжа — Клаўка, ён атрымаў паселішча ад вялікага князя ў 1430-я гады. Першая пісьмовая згадка Нясвіжа датавана 1445 годам і тычыцца яго перадачы пасля Клаўкі пану Мікалаю Няміравічу[4]. Потым належаў Мантыгердавічам, у 1492 годзе перайшоў да роду Кішак, у 1513 годзе Ганна Кішчанка ўзяла шлюб з Янам Радзівілам Барадатым, Нясвіж як пасаг перайшоў да роду Радзівілаў. Пад 1499 годам згадваецца Нясвіжскі фальварак[5]. У 1533 годзе на месцы гарадзішча быў пабудаваны драўляны Нясвіжскі замак. З 1547 года — цэнтр Нясвіжскага княства.
У XVI ст. Нясвіж становіцца адным з галоўных цэнтраў Рэфармацыі (кальвінізму) у ВКЛ. Імёны дзеячаў гэтага часу, што жылі ў Нясвіжы, набылі шырокую вядомасць: Сымон Будны, Лаўрэнцій Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Саламон Рысінскі, Даніэл Набароўскі і інш. пісьменнікі, паэты, філосафы. Каля 1560 года ў Нясвіжы Мікалаем Радзівілам Чорным была заснаваная друкарня, дзе выдаваліся творы Сымона Буднага і іншых філосафаў, друкарамі былі Д. Лянчыцкі, В. Цяпінскі (М. Радзівіл Чорны таксама валодаў Брэсцкай друкарняй). Сын і пераемнік М. Радзівіла Чорнага — М. К. Радзівіл Сіротка адмовіўся ад кальвінізму і перайшоў у каталіцтва, паводле яго загаду «вучоных-ерэтыкоў» выгналі з горада, на плошчы былі спаленыя кнігі С. Буднага і інш. асветнікаў. Пасля падарожжа ў Сірыю, Палесціну і Егіпет М. Радзівіл Сіротка ў 1586 годзе стварыў ардынацыі Радзівілаў з цэнтрам у Нясвіжы, тады ж гораду было нададзена магдэбургскае права і герб. З імем М. Радзівіла Сіроткі, які запрасіў у Нясвіж італьянскіх архітэктараў і з іх удзелам нанова збудаваў каменны замак і іншыя каменныя збудаванні ў горадзе, што зберагліся да нашіх дзён — Нясвіж пераўтвораны ў горад-крэпасць і ў канцы XVI ст. стаў даволі буйным горадам, у XVI—XVIII ст. дзейнічаў езуіцкі калегіум. Тады за Слуцкай брамай, на супрацьлеглым беразе Ушы, быў пабудаваны Новы горад (Новае места). У 1625 годзе ўзнікла яшчэ адно прадмесце — «Казімеж», у паўночна-заходнім баку ад Старога горада.
У XVIII ст. Нясвіж быў значным культурным цэнтрам, тут дзейнічалі: кадэцкі корпус для прыватнага войска Радзівілаў і школа флоцкіх афіцэраў (у Альбе), балетная і музычная школы, капэла і тэатр Радзівілаў. Спусташэнні прынеслі Нясвіжу шматлікія войны. У Паўночнай вайне (1700—1721) Радзівілы выступалі саюзнікамі Расіі, у сакавіку 1706 года шведскія войскі пасля аблогі занялі замак і горад, ўзарвалі ўмацаванні і бастыёны, знішчылі большую частку ваеннай амуніцыі, утапілі гарматы, раскапалі валы, разрабавалі гарадскія кляштары і касцёлы, перакапалі склеп Радзівілаў. У 1720-я Нясвіж адбудаваны М. К. Радзівілам Рыбанькай. У 1724 годзе ў Нясвіжскім замку была створана капэла, але толькі пасля 1726 года Нясвіжскі замак быў адноўлены і перабудаваны — вакол сцен узвялі новыя валы. У 1726—1736 гадах дзейнічаў чыгуналіцейны завод (спачатку як плавільня альбо ліцейня), які выпускаў гарматы для арміі Радзівіла. За ўвесь час на заводзе працавала каля 50 чал. У 1740—1791 гадах дзейнічаў прыгонны тэатр. У 1750—1791 у горадзе працавала друкарня, дзе выдаваліся падручнікі і мастацкія творы на польскай і лацінскай мовах. У 1755 годзе ў парку «Альба» пабудавалі летні палац пад назвай «Кансаляцыя».
У 1793 годзе горад быў акупаваны Расійскай імперыяй і стаў цэнтрам Нясвіжскага павета (1793—1796). У 1793—1796 Нясвіж быў цэнтрам Мінскага, Ізяслаўскага (Валынскага) і Брацлаўскага генерал-губернатарства, бо генерал-губернатар Цімафей Туталмін выбраў горад сваёй рэзідэнцыяй, з якой было зручна кіраваць трыма губернямі. З 1796 года стаў пазаштатным горадам Слуцкага павета.
Падзеі 1812 года прынеслі гораду разбурэнні і заняпад, вынікі якіх адчуваліся доўгія дзесяцігоддзі.
Толькі ў 1875 годзе Радзівілы вярнуліся ў Нясвіж, быў адрамантаваны замак, закладзены, які зараз з’яўляецца помнікам ландшафтнай архітэктуры.
Таксама ў 1875 годзе была створаная Нясвіжская настаўніцкая семінарыя[6], якая праіснавала да 1919 года.
21 снежня 1906 года было зарэгістравана Польскае таварыства «Асвета» ў Нясвіжы, якое займалася падтрымкай польскамоўнай адукацыі; расійскія ўлады ліквідавалі яго ў 1909 або ў 1910 годзе[7]. Падчас выбараў да самакіравання 1909 года ў гарадскую раду была абраны 11 палякаў, 3 рускіх і 1 яўрэй[8].
У час Першай сусветнай вайны Нясвіж з 1915 года з’яўляецца прыфрантавым горадам. Тут размясціўся штаб расійскай 2-й арміі Заходняга фронту, знаходзіліся рэзервовыя часці. У 1917 годзе ў горадзе размяшчаліся паштова-тэлеграфная кантора, паліцэйскі прыстаў, гарадское грамадскае кіраванне, натарыус, сіроцкі суд, мужчынская і жаночая гімназіі, настаўніцкая семінарыя, мужчынскае пачатковае вучылішча, аддзяленне Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа, пажарнае таварыства, хрысціянскія таварыствы дапамогі бедным і ўзаемнай дапамогі рамеснікаў «Попечение», таварыства дапамогі бедным яўрэям.
У сакавіку 1917 года ў Нясвіжы створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пад канец красавіка адбыўся з’езд салдацкіх камітэтаў 2-й арміі. З 27 па 29 верасня (з 10 па 12 кастрычніка) у горадзе праходзіла 1-я канферэнцыя РСДРП(б) 2-й арміі. 29 кастрычніка (11 лістапада) адбыліся перавыбары Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, створаны Ваенна-Рэвалюцыйны камітэт (ВРК). Дзейнасць ВРК пачалася пасля таго, як з Нясвіжа была выведзена Уральская казацкая дывізія. У горад увайшлі салдаты 32-га Сібірскага стралковага палка, пры іх удзеле блізу горада былі разгромлены некаторыя маёнткі. ВРК прызначыў сваіх камісараў у паштова-тэлеграфную кантору і ваенны тэлеграф. 1-3 (14-16) лістапада ў замку Радзівілаў адбыўся 2-гі надзвычайны з’езд 2-й арміі, на якім быў створаны ВРК арміі. 10 лістапада ў горадзе ўстаноўлена ўлада Савета салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў, старшыня ВРК абраны кіраўніком выканкама Савета, а нясвіжская гарадская Дума прызнала савецкую ўладу.
7 (20) лютага 1918 года горад заняла германская пяхота, якая рушыла далей на Слуцк і Бабруйск. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні Нясвіж заняты Чырвонай Арміяй. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. 14 сакавіка 1919 года пачалося Нясвіжскае паўстанне, у часе якога польскія жыхары вызвалілі горад ад бальшавікоў; 5 дзён пазней яно было задушана, а арганізатары расстраляныя[9].
З 6 жніўня 1919 года да ліпеня 1920 года ў ходзе вайны Нясвіж заняты польскімі войскамі. Пасля аднаўлення савецкай улады Нясвіжскі павет з 31 ліпеня 1920 года ў складзе БССР. У кастрычніку ў горад ізноў увайшлі польскія войскі.
У 1921—1939 гадах горад у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. 25 кастрычніка 1926 года ў Нясвіжы ў палацы Радзівілаў адбыўся з’езд прадстаўнікоў «віленскіх кансерватараў» і сустрэча з маршалам Юзафам Пілсудскім (1867—1935).
У пачатку Другой сусветнай вайны 17 верасня 1939 года Нясвіж заняты Чырвонай Арміяй. З 2 лістапада 1939 года ў складзе БССР, з 15 студзеня 1940 года цэнтр раёна Баранавіцкай вобласці.
З 28 чэрвеня 1941 года па 4 ліпеня 1944 года акупіраваны войскамі гітлераўскай Германіі. Гітлераўцы загубілі ў Нясвіжы больш за 6000 чалавек.
27 сакавіка 1978 года ў склад горада ўключана вёска Альба Нясвіжскага сельсавета[10].
Насельніцтва
- XVII стагоддзе: 1673 — 2,4 тыс. чал.[11]
- XIX стагоддзе: 1880 — 8177 чал., з іх каля 5 тыс. іўдзеяў і 1 тыс. каталікоў[12]; 1 студзеня 1896 — 10 237 чал. (5448 мужчынаў і 4789 жанчын), з іх паводле веры: праваслаўных 2890, каталікоў 1545, пратэстантаў 32, іўдзеяў 5692, іншых 78; паводле саслоўя: шляхты 165, духоўнага саслоўя 59, ганаровых грамадзян і купцоў 63, мяшчан 7885, ваеннага саслоўя 791, сялян 1180, іншых 94[13]; 1897 — 8446 чал.[14]
- XX стагоддзе: 1921 — 6840 чал.; 1959 — 6,7 тыс. чал.[14]; 1973 — 9,6 тыс. чал.[15]; 1989 — 14,0 тыс. чал.; 1991 — 15 тыс. чал.[16]; 1995 — 15 тыс. чал.[17] (15,2 тыс. чал[14])
- XXI стагоддзе: 2006 — 14,3 тыс. чал.; 2007 — 12 684 чал.; 2008 — 14,3 тыс. чал.; 2009 — 14 033 (перапіс)[18]; 2016 — 15 434 чал.[19]; 2017 — 15 557 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы медыцынскай (завод медыцынскіх прэпаратаў), харчовай, швейнай прамысловасці, рыбхоз «Альба». Гасцініца «Нясвіж». Сядзіба «Нясвіжская» (турыстычныя паслугі). Нясвіж — перспектыўны цэнтр турызму міжнароднага значэння.
Культура і адукацыя
Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 годзе заснаваны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». З 1995 у горадзе праводзіцца нацыянальны фестываль старажытнай і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа.
СМІ
- Газета «Нясвіжскі час». Недзяржаўнае выданне. Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі“».
- Газета «Нясвіжскія навіны». Орган мясцовых улад.
- Бясплатная газета «Капейка».
Славутасці
- Нясвіжскі фарны касцёл Найсвяцейшага Божага Цела (былы касцёл езуітаў; XVI ст.) і езуіцкі калегіум
- Нясвіжскі касцёл і кляштар бенедыкцінак
- Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады (XVI ст.)
- Нясвіжская замкавая вежа (XVI ст.)
- Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс (XVI—XVIII ст.ст.)
- Слуцкая брама (2-я пал. XVII ст. — XVIII ст.)
- Дом рамесніка («Дом на рынку», 1721)
- Нясвіжскі манастыр бернардзінцаў (1598, дабудаваны ў XVII ст.)
- Плябанія (кан. XVI ст. — пач. XVII ст.)
- Паркавы комплекс «Альба».
- Свята-Ушэсцеўская царква (2016)
- Свята-Георгіеўская царква (1954)
- Помнікі: разстраляным бальшавікамі арганізатарам нясвіжскага паўстання: Мячыславу Валністаму, Палікарпу Календзе, Юзэфу Янушкевічу, Канстанціну Шыдлоўскаму, Станіславу Іваноўскаму (1926); С. Буднаму; бюст кн. Ю. Нясвіжскага (1990-я); бюст кн. М. К. Радзівіла Сіроткі; У. Сыракомлі; Д. М. Бернардоні; Т. Макоўскаму; Я. Коласу, скульптуры «Дама ў чорным», «Русалка» і інш.; вазы з надпісамі «1794», «За нашу і вашу свабоду», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».
Страчаная спадчына
- Касцёл Міхаіла Арханёла 1598 г.
- Помнік нясвіжскага паўстання 1919 года ў цэнтре горада (знішчаны ў час ІІ сусветнай вайны).
- Касцёл Яна Хрысціцеля і кляштар дамініканцаў.
- Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс
- Слуцкая брама
- Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады
- Нясвіжскі фарны касцёл
Вядомыя асобы
- Род Радзівілаў
- Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1565), вялікалітоўскі дзяржаўны, ваенны, культурны і рэлігійны дзеяч
- Сымон Будны (~1530-1593), гуманіст, асветнік, вучоны, царкоўны рэфарматар, філосаф
- Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549—1616), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ
- Адольф Янушкевіч (1803—1857), падарожнік, пісьменнік
- Міхал Апанасавіч Вітушка (1907—2006) — беларускі палітычны дзеяч, кіраўнік беларускага антысавецкага супраціву, калабарацыяніст
- Дзмітрый Касмовіч (1909—1991) — беларускі палітычны і грамадcкі дзеяч, выдавец
Заўвагі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Ліцкевіч А. Яшчэ раз пра «Пачаткі Нясвіжа»: першая пісьмовая згадка і асоба нобіля Клаўкі // Герольд Litherland, № 19. — Горадня-Менск, 2013. — С. 44-53.
- ↑ Лойка, П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVІ—ХVIII ст. / П. А. Лойка; АН БССР, Інстытут гісторыі; Пад рэд. В. І. Мялешкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 111 с. — С. 24. — ISBN 5-343-00563-2. Са спасылкай на: ЦГДА БССР. — Ф. 1747. — Воп. 1. — Спр. 36. — Арк. 44—46.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
- ↑ Życie społeczno-kulturalne. Oświata. W: Między nadzieją…. Ss. 37-38.
- ↑ W walce o prymat w kraju. Samorząd lokalny. W: Między nadzieją…. S. 169.
- ↑ Месцы памяці ахвяр камунізму ў Беларусі c. 211—213
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў Беларускай ССР ад 27 сакавіка 1978 г. // Зборнік законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 13 (1567).
- ↑ Пазднякоў В. Нясвіж // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. — С. 368. С. 368
- ↑ Nieśwież // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 118
- ↑ Несвиж // Нясвіж // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- 1 2 3 Беларусь, 1995
- ↑ Несвиж // Большая Советская Энциклопедия.
- ↑ Несвиж // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Niaśviž // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 166.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Несвиж // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- Нясвіж // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 540. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Dariusz Tarasiuk: Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007, s. 211. ISBN 978-83-227-2629-7
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нясвіж
- Геаграфічныя звесткі па тэме Нясвіж на OpenStreetMap
- Здымкі на Radzima.org
- Нясвіж — Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік
- Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury’s Corner. Старажытнае дойлідства Нясвіжа Архівавана 24 мая 2012.
- К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. «Паданні і легенды Нясвіжу і Радзівілаў»
- Кастусь Антановіч «Радзівілаўскі акцэнт музеефікацыі» Інфармацыя пра Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс
- (руск.) Здымкі на Globustut.by
- (руск.) Інфармацыя пра Нясвіж і здымкі горада Архівавана 2 красавіка 2015.
- (руск.) «Легенды Нясвіжа» — старонка пра гісторыю і паданні Нясвіжа (ёсць фотагалерэя)
- Песня пра Нясвіж Архівавана 30 кастрычніка 2011.
- Надвор’е ў горадзе Нясвіж
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Нясвіжскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Мінскай вобласці Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Нясвіжскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Нясвіжскага раёна Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Мінскай вобласці Катэгорыя·Сельсаветы Нясвіжскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.