Падляддзе
Падля́ддзе[1] (трансліт.: Padliaddzie, руск.: Подлядье) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 45 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 28 км ад Мінска, 22 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы.
Назва
Назва абазначае месцазнаходжанне, гэта значыць пад лядамі, пад лядай. Ляда, ляды — месца, дзе высечаны лес пад раллю.
Гісторыя
У пачатку XIX ст. вёска ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, уласнасць Дамініка Гераніма Радзівіла, належала да дамена Самуэлева.
Дамінік Геранім Радзівіл загінуў у 1813 годзе ў войску Напалеона. Ён у шлюбе з Тэафіліяй Мараўскай[d] меў дачку Стэфанію і сына Аляксандра[d]. Аляксандр быў пазбаўлены княжацкага тытула ў Расійскай імперыі. У 1828 годзе Стэфанія Радзівіл пабралася шлюбам з сынам героя вайны 1812 года Пятра Хрысціянавіча Вітгенштэйна[d] Львом (Людвігам).
У 1858 годзе ўласнасць князя Пятра Львовіча Вітгенштэйна[d], сына Стэфаніі і Льва, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1879 годзе Пётр Вітгенштэйн прадаў Самуэлева і суседнія землі, у тым ліку Падляддзе, Эмерыку Чапскаму[2]. У канцы XIX ст. у Дудзіцкай воласці, дзялілася на засценак Падляддзе Аляксандрава — 4 двары, Падляддзе Бакінаўскае — 4 двары, Падляддзе Баравікі — 11 двароў.
У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.
У пачатку 1930-х гадоў працаваў калгас «Праца».
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.
У 1960 годзе мела статус пасёлка.
Насельніцтва
- пач. XIX ст. — 7 двароў, 37 жыхароў
- кан. XIX ст.: Падляддзе Аляксандрава — 4 двары, 26 жыхароў; Падляддзе Бакінаўскае — 4 двары, 37 жыхароў; Падляддзе Баравікі — 11 двароў, 70 жыхароў
- 1917: Падляддзе Аляксандрава — 5 двароў, 32 жыхары; Падляддзе Бакінаўскае — 5 двароў, 41 жыхар; Падляддзе Баравікі — 15 двароў, 103 жыхары
- 1960 — 156 жыхароў
- 1999 — 38 жыхароў
- 2002 — 21 двор, 34 жыхары
- 2010 — 18 жыхароў
- 2012 — 11 гаспадарак, 16 жыхароў
Спіс вуліц
- Дружная вуліца
- Дружны завулак
- Зорак вуліца
- Лугавая вуліца
- Лясная вуліца
- Палявая вуліца
- Паўднёвы завулак
- Цэнтральная вуліца[3]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Jelski A., 1889, с. 259
- ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса (нявызн.). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка)
Літаратура
- Падляддзе // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 167—168. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
- Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974.
- Jelski A. Podladzie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — 1887. — С. 411. — 960 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Падляддзе
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пухавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.