wd wp Пошук:

Раманавічы (Гомельскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Раманавічы.

Рама́навічы[1] (трансліт.: Ramanavičy, руск.: Романовичи) — вёска ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Улукаўскага сельсавета.

Геаграфія

За 5 км на ўсход ад Гомеля.

Гідраграфія

На ўсходзе меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Іпуць (прыток ракі Сож).

Транспартная сетка

Аўтадарога злучае вёску з Гомелем. Планіроўка вёскі: з захаду ідуць паралельныя між сабою вуліцы рознай працягласці, да якіх на ўсходзе далучаецца адна вуліца з поўдня, з поўначы — 2 кароткія вуліцы. Забудова двухбаковая, збольшага драўляная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Знойдзенае археолагамі пасяленне эпохі неаліту і бронзавага веку (III—II тысячагоддзі да н.э., за 0,5 км на ўсход ад вёскі ва ўрочышчы Селішча) сведчыць пра засяленне гэтых месцаў з найдаўнейшых часоў. З пісьмовых крыніц вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Гомельскім старостве Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1640-я гады, паводле інвентару Гомельскага староства: 8 дымоў, 3 службы, 18 валоў, 15 коней. У 1751 годзе ва ўласнасці князя Чартарыйскага. Вялікі ўчастак араных зямель і лугоў, як сведчыць інвентар 1752 года, быў уласнасцю дыякана Гомельскага.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) вёска апынулася ў складзе Расійскай імперыі. З 1775 года ва ўласнасці фельдмаршала графа П. А. Румянцава-Задунайскага, з 1834 года — фельдмаршала князя І. Ф. Паскевіча, у складзе Новікаўскай, а потым Добрушскай аканомій Гомельскага маёнтка. У 1788 годзе ў Гомельскай воласці Беліцкага павета. У 1811 годзе дзейнічала паромная пераправа цераз раку Іпуць. У 1879 годзе запрацавалі заводы па вытворчасці цэглы і цукру. У 1880 годзе была пабудавана драўляная Мікалаеўская царква, працаваў хлебанарыхтоўчы магазін. У 1885 годзе дзейнічалі 3 ветраныя млыны, школа. Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы размяшчаліся: царква, капліца, вінная лаўка, карчма. У выніку пажару ў 1908 годзе згарэлі 53 двары. У 1909 годзе — 2458 дзесяцін зямлі, у Гомельскай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні, 36 дзесяцін зямлі былі ўласнасцю царквы.

17 чэрвеня 1919 года быў арганізаваны сельскагаспадарчы кааператыў. У 1926 годзе працавалі паштовы пункт, пачатковая школа, крама. З 8 снежня 1926 года да 23 мая 1959 года вёска з’яўлялася цэнтрам Раманавіцкага сельсавета Гомельскага раёна Гомельскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе быў створаны калгас «Камсамол Гомельшчыны», дзейнічалі 2 ветракі, кузня. У часы Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 года нямецкія акупанты цалкам спалілі вёску і забілі 30 жыхароў. Вёска была вызвалена 17 кастрычніка 1943 года. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 238 жыхароў. У гонар тых, хто загінуў, у 1958 годзе на паўднёвай акраіне быў усталяваны абеліск. У 1959 годзе — у складзе саўгаса «Бярозкі» (цэнтр — вёска Бярозкі). Ёсць сярэдняя і музычная школы, дзіцячы садок, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, сталовая, 2 крамы, аддзяленне сувязі.

Насельніцтва

  • 1773 год — 40 двароў, 307 жыхароў.
  • 1788 год — 462 жыхары.
  • 1811 год — 110 двароў, 270 жыхароў мужчынскага полу.
  • 1834 год — 119 двароў, 630 жыхароў.
  • 1850 год — 124 двары, 672 жыхары.
  • 1885 год — 172 двары, 738 жыхароў.
  • 1897 год — 228 двароў, 1542 жыхары (паводле перапісу).
  • 1909 год — 314 двароў, 1899 жыхароў.
  • 1926 год — 332 двары.
  • 1940 год — 236 двароў.
  • 1959 год — 1552 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 556 двароў, 1510 жыхароў.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць (бел.)  / С. В. Марцэлеў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — 632 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0303-9.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гомельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be