Рашаў
Ра́шаў[1] (трансліт.: Rašaŭ, руск.: Рашев) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці.
Гісторыя
Ці не ўпершыню Рашаў згаданы ў судовым дэкрэце ад 12 чэрвеня 1618 года. Справа датычылася наслання людзей панства Гальшкі і Міхала Лозкаў з добраў Юравічы на грунты маёнтку Хойнікі пана Мікалая Харлінскага і забрання паташу, нападу на карчму Рашаў. У акце ад 7 чэрвеня 1623 года аб наездзе на Астраглядаўскі маёнтак і замак, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі) і прыналежныя ім паселішчы названа таксама «wieś Raszow»[2]. Месцілася паселішча ў Кіеўскім ваяводстве Каралеўства Польскага. Ад тых часоў і да рэформеннага перыяду ў складзе Расійскай імперыі (1860-я гады) Рашаў належаў тым самым уладальнікам, што і Хойнікі з Астраглядамі, г. зн. пасля Харлінскіх, з 1624 года — панам Мікалаю Абрамовічу, Максіміліяну Бразоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў.
З 1793 года — у межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў Рэчыцкім павеце Маларасійскай, з 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі 1795 года Слабада Рашаў, у якой налічвалася 7 двароў з 15 жыхарамі мужчынскага і 18 жаночага полу, была ў заставе ад пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар у мсціслаўскага стольніка Юстыніяна Фурса. Прозвішчы жыхароў — Добыш, Аўдзеенка, Душкевіч, Ярац[3].
У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.», засведчана, што 71 жыхар вёскі Рашаў абодвух полаў і 2 вайскоўцы належалі да прыходу Свята-Мікалаеўскай царквы ў сяле Маладуша[4].
У парэформенны час Рашаў належаў да Маладушскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1879 годзе названы ў складзе Маладушскага царкоўнага прыходу. Паводле перапісу 1897 года, дзейнічала хлебазапасная крама.
У 1931 годзе арганізаваны калгас. У чэрвені 1943 года акупанты цалкам спалілі вёску і забілі 11 жыхароў. 27 вяскоўцаў загінулі на франтах.
Насельніцтва
Дынаміка
- 1795 год — 7 двароў, 33 жыхары.
- 1816 год — 28 двароў.
- 1850 год — 64 жыхары.
- 1897 год — 165 жыхароў (згодна з перапісам).
- 1930 год — 46 дввароў, 247 жыхароў.
- 1940 год — 51 двор, 259 жыхароў.
- 1959 год — 220 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — жыхароў няма.
Забудова
План Рашава складаўся з простай мерыдыяннай вуліцы, да якой на поўдні далучалася злёгку скрыўленая вуліца. Забудова двухбаковая, драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[5].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Źródła dziejowe . T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 281, 637
- ↑ Слабада Рашаў у 1795 г.
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 683
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.