Свіслацкі раён
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Свіслацкі раён (значэнні). Свіслацкі раён — раён у складзе Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца на паўднёвым захадзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна — 1,4 тыс.км². Насельніцтва — 15 тыс. чалавек. Цэнтр раёна — горад Свіслач. У складзе раёна гарадскі пасёлак Поразава, 152 сельскія населеныя пункты, 7 сельсаветаў.
Гісторыя
Свіслацкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Беластоцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 16 сельсаветаў: Агародніцкі, Вейкаўскі, Велікасельскі, Грынкоўскі, Грыцавіцкі, Дабравольскі, Кватарскі, Лукаўскі, Мастаўлянскі, Нязбодзіцкі, Палонкаўскі, Свіслацкі, Стараляўкоўскі, Шымкаўскі, Юшкаўскі, Ялоўскі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 16 жніўня 1945 года Вейкаўскі, Лукаўскі, Мастаўлянскі, Стараляўкоўскі, Шымкаўскі, Юшкаўскі сельсаветы перададзены ПНР. У 1945 годзе ўтвораны Ціхавольскі сельсавет. 8 чэрвеня 1950 года Ялоўскі сельсавет перайменаваны ў Стоцкі. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Агародніцкі, Стокскі і Ціхавольскі сельсаветы. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Поразаў, Крапіўніцкі, Кукліцкі, Лаўрынавіцкі, Міхайлаўскі, Навадворскі, Падароскі сельсаветы скасаванага Поразаўскага раёна. 13 лютага 1960 года Грыцавіцкі і Кватарскі сельсаветы перададзены Бераставіцкаму раёну. 12 кастрычніка 1960 года скасаваны Велікасельскі сельсавет. 2 снежня 1961 года скасаваны Грынкоўскі, Крапіўніцкі, Кукліцкі і Лаўрынавіцкі сельсаветы, утвораны Ханявіцкі сельсавет, Палонскі сельсавет перайменаваны ў Вердаміцкі. 25 снежня 1962 года Падароскі сельсавет перададзены Ваўкавыскаму раёну, далучаны Алекшыцкі, Глебавіцкі, Данілкаўскі, Жукевіцкі, Ёдзіцкі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Цецяроўскі, Эйсмантаўскі сельсаветы скасаванага Бераставіцкага раёна. 23 сакавіка 1964 года скасаваны Жукевіцкі сельсавет. 30 ліпеня 1966 года Алекшыцкі, Глебавіцкі, Данілкаўскі, Ёдзіцкі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Цецяроўскі, Эйсмантаўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Бераставіцкаму раёну. 18 верасня 1967 года Міхайлаўскі сельсавет перайменаваны ў Гарнастаевіцкі, які 14 лютага 1977 года скасаваны. 14 снежня 2000 года гарадскі пасёлак Свіслач атрымаў статус горада раённага падпарадкавання.
Прырода
Рэльеф — узгорыста-раўнінны. Большую частку раёна займае Прыбужская раўніна, на паўднёвым усходзе — Ваўкавыскае ўзвышша. Пераважае вышыня 180—200 метраў над узроўнем мора. Самы высокі пункт раёна — 242 метры.
Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, гліны і суглінкі, прызначаныя для вытворчасці грубай керамікі, торф.
Сярэдняя тэмпература студзеня −5 °C, чэрвеня +18 °C. Ападкаў выпадае 585 мм у год. Вегетацыйны перыяд — 199 сутак.
Самыя вялікія рэкі раёна — Нараў, Рось, Свіслач, Зальвянка, Бернікі. Пераважаюць хваёвыя лясы, яны займаюць 49 % тэрыторыі раёна. На тэрыторыі раёна размешчана практычна палавіна Нацыянальнага парку Белавежская пушча, частка гідралагічнага заказніка Дзікае.
Гаспадарка
Пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі занята 40,9 % тэрыторыі. Глебы дзярнова-падзолістыя (68,3 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,5 %). Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля са значным развіццём ільнаводства, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу.
Прадпрыемствы харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгуначная лінія Гайнаўка (Рэспубліка Польшча) — Свіслач — Ваўкавыск. Свіслач злучана аўтадарогамі з Гроднам, Поразавам, Ваўкавыскам.
Славутасці
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Свіслацкага раёна
- Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей
- Будынак былой гімназіі г.п. Свіслач;
- Помнік Кастусю Каліноўскаму, г.п. Свіслач
- Царква драўлянага дойлідства (1861), у гарадскім пасёлку Поразава;
- Касцёл святога Міхаіла Архангела (1825), гарадскі пасёлак Поразава;
- Сядзібна-паркавы комплекс Бутаўт-Андрэйкавічаў, Поразава;
- Касцёл Святых Пятра і Паўла, Гарнастаевічы;
- Касцёл францысканцаў, Грынявічы;
- Свята-Троіцкая царква (1860-я), пасёлак Астроўскі;
Раён увайшоў у склад еўрарэгіёна «Белавежская пушча». Распрацаваны два турыстычныя маршруты: Свіслач — Ятвеск — Якушоўка — Нязбодзічы — Раманаўцы — Дабраволя — Жаркаўшчына — Ціхаволя — Нямержа; Свіслач — Вердамічы — Поразава — Грынявічы — Новы Двор.
Паўднёвую частку раёна займае Нацыянальны парк Белавежская пушча.
Асобы
- Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731, маёнтак Занкі — 1826) — беларускі навуковец, царкоўны дзеяч.
- Вінцэнт Гадлеўскі (1888, в. Шурычы — 1942) — каталіцкі святар, грамадскі дзeяч, публіцыст.
Зноскі
- ↑ http://www.svisloch.grodno-region.by/ru/biografija-ru/
- 1 2 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Свіслацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя раёны Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Поразаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Свіслацкага раёна Катэгорыя·Раёны Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1931 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1945 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1961 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Свіслацкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.