Семежава
Се́межава[1] (трансліт.: Siemiežava, руск.: Семежево) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Морач. Адміністрацыйны цэнтр Семежаўскага сельсавета. Насельніцтва 1367 чал. (2000). Знаходзіцца за 32 км на поўдзень ад Капыля, за 23 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; каля аўтамабільнай дарогі Слуцк — Івацэвічы.
У 1920 жыхары Слуцкага павета сфарміравалі тут Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.
Гісторыя
Упершыню Семежава згадваецца ў другой пал. ХV ст.[2] як вёска ў Слуцкім княстве, уладанне Алелькавічаў. У 1578 паселішча атрымала статус мястэчка. Станам на 1622 тут было 195 дымоў. У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у красавіку 1706 мястэчка значна пацярпела[2].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Семежава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Слуцкім павеце Мінскай губерні. У 1848—1863 мястэчка знаходзілася ў валоданні Магільніцкіх[2]. Станам на 1886 тут было 269 двароў, дзейнічалі 2 царквы, яўрэйскі малітоўны дом, капліца, школа, 3 крамы. Мястэчка з суседнімі вёскамі утварала цэнтр традыцыйнага народнага мастацкага ткацтва. У 1908 годзе ў Семежаве працавалі кравецкі і гарбарны цэхі. На 1914 год у мястэчку было 518 двароў.
У 1918 Семежава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 тут з беларускай міліцыі Слуцкага павета сфарміраваўся Грозаўскі полк[3]. Да задушэння паўстання бальшавікамі ўлада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.
20 жніўня 1924 Семежава зрабілася цэнтрам сельсавета Чырвонаслабодскога, з 8 жніўня 1959 Капыльскага раёна. Статус паселішча зменены да вёскі. На 2000 тут было 655 двароў.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1886 — 996 чал.[2]
- XX стагоддзе: 1914 — 2818 чал.; 2000 — 1367 чал.[2]
Інфраструктура
У Семежаве працуюць сярэдняя школа, бальніца, дом культуры, пошта.
Турыстычная інфармацыя
У мястэчку штогод праходзіць абрад «Цары Каляды», уключаны ў спіс нематэрыальных культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА.
Памятныя мясціны
- Дом-музей Міхаіла Высоцкага (філіял Капыльскага краязнаўчага музея)
- Мемарыяльны крыж удзельнікам Слуцкага паўстання
Страчаная спадчына
Вядомыя выхадцы
- Міхаіл Высоцкі (нар. 1928) — беларускі вучоны
- Мікалай Андрэевіч Манак (1943—2017) — беларускі кардыёлаг, доктар медыцынскіх навук (1993), прафесар (1995).
- Міхаіл Іванавіч Рымжа (нар. 1947) — беларускі эпідэміёлаг. Доктар медыцынскіх навук (1998), прафесар (1999).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- 1 2 3 4 5 Фёдар Абрамчык. Семежава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 284.
- ↑ Анатоль Грыцкевіч. Грозаўскі полк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 155.
Літаратура
- Абрамчык Ф. К. Семежава // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 318. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Siemieżewo // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 546—548.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Семежава
- Расповяд пра Семежава з фота
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Капыльскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.