Капыльскі раён
Капы́льскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мінскай вобласці Беларусі. Мяжуе з Уздзенскім, Слуцкім, Салігорскім, Клецкім, Нясвіжскім, Стаўбцоўскім раёнамі.
Геаграфія
Рэльеф раёна пераважна раўнінны, з захаду на ўсход раён перасякае Капыльская града. Вышэйшы пункт (243 м) знаходзіцца ў раёне вёскі Нізкавічы. Самы нізкі абсалютны пункт над узроўнем Балтыйскага мора (152 м) каля вёскі Макраны. Глебы раёна па ўрадлівасці ў сярэднім 35 балаў. Пераважна яны дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, пясчаныя, суглінкавыя і ёсць часткова забалочаныя. Асушаныя землі займаюць 38060 гектараў, з іх тарфянікі — 14,8 тысяч гектараў. Сярод карысных выкапняў пераважае торф: 29 радовішчаў з агульным запасам 26 млн тон. Радовішча мелу «Загуменне» мае запас 218 тыс. тон. Ёсць таксама радовішча жвіру і пяску з агульным запасам 25 млн м³. Па тэрыторыі раёна працякаюць 28 рэк.
Гісторыя
Раён быў месцам большасці баявых дзеянняў Слуцкага збройнага чыну - узброенага выступлення супраць савецкай улады ў 1920 г. Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Слуцкай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Капыль. 20 жніўня 1924 года падзелены на 15 сельсаветаў: Бабаўнянскі, Браткаўскі, Быстрыцкі, Вялешынскі, Вялікараёўскі, Евангелевіцкі, Капыльскі, Крывасёлкаўскі, Лешненскі (Ляшнянскі), Пацейкаўскі, Пясочанскі, Слабада-Кучынскі, Старакапыльскі, Цімкавіцкі, Чарнагубаўскі. 21 жніўня 1925 года скасаваны Чарнагубаўскі сельсавет, утвораны Шастакоўскі нацыянальны польскі сельсавет, які 7 жніўня 1926 года перайменаваны ў Ланцуцкі нацыянальны польскі сельсавет. 24 верасня 1926 года скасаваны Капыльскі і Цімкавіцкі сельсаветы, утвораны Прускі сельсавет з цэнтрам у мястэчку Цімкавічы. З 9 чэрвеня 1927 года раён у складзе Мінскай акругі. У 1929 годзе Евангелевіцкі сельсавет перайменаваны ў Ванелевіцкі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Грозаўскі, Пукаўскі, Старыцкі, Труханавіцкі сельсаветы скасаванага Грэскага раёна, якія 12 лютага 1935 года перададзены ў склад адноўленага Грэскага раёна. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе адноўленай Слуцкай акругі. 14 жніўня 1937 года скасаваны Ланцуцкі нацыянальны польскі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Мінскай вобласці. 27 верасня 1938 года Капыль атрымаў статус гарадскога пасёлка, статус Цімкавіч паніжаны да вёскі, замест Цімкавіцкага местачковага Савета зноў утвораны Цімкавіцкі сельсавет. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Мінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Быстрыцкі, Крывасёлкаўскі, Лешненскі, Прускі, Старыцкі сельсаветы, утвораны Блеўчыцкі сельсавет. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны Грозаўскі і Пукаўскі сельсаветы скасаванага Грэскага раёна, 8 жніўня 1959 года — Бучацінскі, Жыліхаўскі, Семежаўскі, Смоліцкі сельсаветы скасаванага Чырвонаслабодскага раёна. 24 мая 1960 года скасаваны Вялешынскі, Пукаўскі, Смоліцкі і Старакапыльскі сельсаветы, утвораны Капыльскі сельсавет, Ванелевіцкі сельсавет перайменаваны ў Доктаравіцкі. 5 мая 1962 года скасаваны Жыліхаўскі сельсавет, 8 чэрвеня 1963 года — Пясочанскі сельсавет. 16 студзеня 1969 года ўтвораны Камсамольскі сельсавет. 29 красавіка 1984 года Капыль атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 20 кастрычніка 1995 года горад Капыль і Капыльскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 28 мая 2013 года скасаваны Браткаўскі, Вялікараёўскі і Камсамольскі сельсаветы[4].
Насельніцтва
1971 — 62,1 тыс. чал. 2006 — 37,1 тыс. чал. 2009 — 32,8 тыс. чал.[1] На тэрыторыі раёна размешчана 211 населеных пунктаў. Найбуйнейшыя населеныя пункты: Цімкавічы, Семежава, Быстрыца.
Сродкі масавай інфармацыі
Мясцовая прэса прадстаўлена праз выданні:
- Газета «Слава працы». Грамадска-палітычнае выданне. Выдаецца з мая 1930 г. Выходзіць 2 разы на тыдзень. Наклад — 5210 экз. (2011). Заснавальнік — Капыльскі раённы выканаўчы камітэт.
- Рэгіянальная газета «Інфа-Кур’ер». Недзяржаўнае штотыднёвае грамадска-палітычнае выданне. Зарэгістравана ў сакавiку 2001 г. Выдаецца на 24-х палосах фармата А3. Наклад — ад 6400 да 7300 экз. (2011). Распаўсюджваецца праз «Белсаюздрук», па падпiсцы праз «Белпошту», праз прадпрыемствы рознiчнага гандлю.
- Праграма радыёвяшчання «Раніца Капыльшчыны».
Старшыні Капыльскага райвыканкама
- 3 верасня 2010 — 3 сакавіка 2016 — Анатоль Жданеня.
- 3 сакавіка 2016 — 29 ліпеня 2019 — Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч.
- 31 ліпеня 2019 — цяперашні час — Сяргей Міхайлавіч Пілішчык.
Вядомыя асобы
- Алесь Адамовіч (1927, в. Канюхі — 1994) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч
- Сяргей Адамавіч Астрэйка
- Анатоль Астрэйка
- Мікалай Юліянавіч Баранаў
- Надзея Іванаўна Букатая
- Павел Жаўрыд (1889, в. Цяцераўка — 1939) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну
- Алесь Ліпай (1966, в. Андросаўшчына — 2018) — беларускі журналіст і паэт
- Мікалай Аляксандравіч Новік
- Мікалай Васілевіч Рамашка (1913—1944), Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў вёсцы Дусаеўшчына[5].
- Аляксандр Рыгоравіч Таўпека (1914—1944), Герой Савецкага Саюза (1944). Нарадзіўся ў вёсцы Доктаравічы[6].
- Кузьма Чорны (1900, в. Борка-Бялевічы — 1944) — беларускі празаік, драматург, публіцыст
Зноскі
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ Капыльскі раён на сайце Мінскага аблвыканкама Архівавана 12 ліпеня 2017.
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 25 жніўня 2011. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 19 верасня 2020.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 300. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 459—460. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Капыльскі раён
- Геаграфічныя звесткі па тэме Капыльскі раён на OpenStreetMap
- Капыльскі раённы выканаўчы камітэт (руск.)
- Капыльскі раён на сайце Мінскага аблвыканкама Архівавана 12 ліпеня 2017. (руск.)
- Разнастайная інфармацыя пра Капыль і Капыльскі раён
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Капыльскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Капыльскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Грэскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Капыльскага раёна Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1969 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.