Солы (Смаргонскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Солы (значэнні).
Со́лы[1] (трансліт.: Soly, руск.: Солы) — аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Ашмянка. Цэнтр Сольскага сельсавета. Насельніцтва 1475 чал. (2004). Знаходзяцца за 15 км на захад ад Смаргоні, за 252 км ад Гродна. Чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна — Вільня.
Гісторыя
Упершыню Солы згадваюцца ў XVI ст. як сяло Віленскага ваяводства. Мястэчка знаходзілася ў шляхецкай уласнасці.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Солы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1849 у мястэчку пабудавалі касцёл, з 1870 працавала народнае вучылішча. Станам на 1886 у Солах існавалі валасная ўправа, касцёл, сінагога, 5 крамаў, карчма, вінакурны завод (за 4 км ад мястэчка), на 1890 — пошта, тэлеграф, станцыя Лібава-Роменскай чыгункі (адкрылася ў 1873). У пач. XX ст. ў мястэчку працаваў лекарскі ўчастак.
У канцы 1917 у Солах адбылася падзея, якая прапісала паселішча ў гісторыі: 4 снежня прадстаўнікі 2-й, 3-й і 10-й армій на чале з шараговым Салігаліцкага палка 81-й пяхотнай дывізіі бальшавіком Шчукіным падпісалі перамір’е з немцамі. Баявыя дзеянні на працягу ўсяго фронту ад Відзаў да Прыпяці спыняліся з 5 снежня на два месяцы. Праз 10 дзён — 15 снежня — перамір’е падпісалі ўжо ў Брэсце, надаўшы дагавору шырэйшы статус.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Солы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Цягам 1926—1934 у мястэчку вялася будова касцёла Маці Божай Ружанцовай. Ахвяраванні на яе склалі паўмільёна злотых, велізарную для таго часу суму.
У 1939 Солы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна. Статус паселішча змянілі да вёскі. На 2000 тут быў 1271 двор.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1882 — 421 чал.[2]; 1886 — 560 чал.
- XX стагоддзе: 1901 — каля 880 чал. у мястэчку Солы і 70 чал. на станцыі Солы; 2000 — 2899 чал.[3]
- XXI стагоддзе: 2001 — 1525 чал., 594 двары[4]; 2004 — 1475 чал.[5]
Славутасці
- Капліца могілкавая
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай (1926—1934)
- Могілкі яўрэйскія
- Сядзіба (XVIII—XIX стст.)
Страчаная спадчына
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай (XIX ст.)
- Сінагога (XIX ст.)
Вядомыя асобы
- Галіна Баляславаўна Лазоўская (нар. 1960) — беларускі палітык.
- Уладзімір Аляксандравіч Бізюк (нар. 1955) — беларускі педагог, Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны (2019).
У вёсцы памёр і пахаваны Эдуард Сташкевіч (1928—1974) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ СГКП, 1890
- ↑ ЭГБ, 2001
- ↑ БелЭн, 2002
- ↑ Памяць. Смаргонскі раён, 2004
Літаратура
- Дулеба Г. І. Солы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 80. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смаргонскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 640 с. — ISBN 985-11-0296-2.
- Дулеба Г. І. Солы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 387. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Soły // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. — S. 70
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Солы (Смаргонскі раён)
- мяст. Солы на Radzima.org
- Солы (Смаргонскі раён) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Смаргонскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.