wd wp Пошук:

Сураж (Віцебскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сураж.

Су́раж[2] (трансліт.: Suraž) — пасёлак гарадскога тыпу ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе Касплі. За 43 км ад Віцебска, на аўтадарозе Р112 Віцебск — ДППП «Стайкі» (мяжа з Расійскай Федэрацыяй). Насельніцтва 795 чал. (2017)[3].

Гісторыя

Вядомы як паселішча ў XI—XIII стст. Узнік як умацаваны пункт (Суражскі замак) на ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага ў пачатку Інфлянцкай вайны 1558—1583 гадоў. Замак быў узведзены не пазней 1560 г. У 1560 г. пад сценамі замка ўжо існавала «места». У лістападзе 1560 г. Жыгімонт II Аўгуст вызваліў суражскіх мяшчан ад аплаты ўсіх мытных збораў у Вялікім Княстве Літоўскім тэрмінам на 5 гадоў[4]. У верасні 1569 г. па распараджэнні віцебскага ваяводы Станіслава Паца суражскім мяшчанам былі перададзены ўсе землі на адлегласці адной мілі вакол замка[5]. Замак і «места» паўсталі на грунтах маёнтка Дрэчы Лукі, які быў уласнасцю Івана Сапегі. Пры гэтым значная частка сялян, падданых Сапегаў, перасялілася ў новазаснаванае места і стала гаспадарскімі мяшчанамі[6]. Яго сыны Леў, Рыгор і Андрэй неаднаразова прад’яўлялі правы на страчаныя землі, аднак з-за выключнага стратэгічнага значэння Суража для ВКЛ атрымалі ў якасці кампенсацыі іншыя маёнткі[7].

Падчас Інфлянцкай вайны становішча Віцебска і Суража ахарактарызаваў віцебскі ваявода Станіслаў Пац у сваім лісце да князя Рамана Сангушкі ад 25 чэрвеня 1568 г.:

" замки здешные украинные [...] лежат не иначей, одно яко в пащеце львовой, от тых близких суседов людей неприятелских Московских "

[8].

У згаданым лісце да князя Р. Сангушкі С. Пац адзначыў, што без пастаяннай дапамогі з Віцебска Сураж мог бы толькі «с трудностью тамошнимъ людомъ неприятелеви тому злому […] оборону вчинити»[9]. Віцебскі ваявода скардзіўся на тое, што цяжка было затрымаць тут на службе стральцоў, казакаў, драбаў і ў роспачы пісаў:

" Што за люд ест на Витебску и на Суражу? А если бы еще и тот мел выйти проч, [...] тогды просто толко стены замка голые останут "

[10]

У 1589 годзе ў адказ на чарговыя скаргі Сапегаў у Сураж былі накіраваны рэвізоры Б. Старасельскі, А. Варапай і А. Сівіцкі, якія прыйшлі да высновы, што замак неабходна пакінуць дзяржаве. 5 чэрвеня 1570 г. Жыгімонт II Аўгуст сваім прывілеем пашырыў на Сураж сістэму гарадскога права, якая ў 2-й палове XVI ст. склалася ў Віцебску. Жыхары Суража засталіся пад юрысдыкцыяй віцебскага ваяводы (яго намесніка), які мог судзіць іх толькі ў Суражы ў прысутнасці войта і старшых мяшчан. Мяшчане атрымалі права на выбар войта, бязмытны гандаль на тэрыторыі ВКЛ (не датычыла ўвозу солі з Рыгі і вывазу воску ў Рыгу і Вільню), правядзенне 2 кірмашоў на год, вольнае распараджэнне сваёй рухомай маёмасцю, свабоду выбару месца жыхарства на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і іншае. Ім былі перададзены землі на адлегласці 1 мілі вакол замка. Галоўнай павіннасцю мяшчан было нясенне коннай вайсковай службы. Прывілей пацверджаны 14 снежня 1576 г. Стэфанам Баторыем і 16 сакавіка 1597 г. Жыгімонтам III Вазам. 20 снежня 1576 г. Стэфан Баторый надаў Суражу герб — «замокъ и три вежы»[11]. У 1616 і 1633 гадах пасад Суража спалены расійскімі войскамі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. Сураж 2 снежня 1654 г. заняты расійскім атрадам ваяводы Сямёна Стрэшнева. У 1667 г. паводле Андросаўскага перамір’я вернуты Вялікаму Княству Літоўскаму. У 1771 годзе ў Суражы было 7 вуліц, больш за 120 дамоў, каля 600 жыхароў. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі.

З 1776 горад, цэнтр павета, з 1866 года — пазаштатны горад Віцебскага павета. У 1890—1925 гг. дзейнічала папярова-кардонная фабрыка[12].

У жніўні 1917 года Сураж «на працягу некалькіх дзён» быў «без хлеба. На глебе голаду паўсталі беспарадкі, якія былі ліквідаваныя»[13]. З 1924 года — цэнтр раёна, з 1938 года — гарадскі пасёлак. У Вялікую Айчынную вайну акупанты знішчылі ў Суражы і раёне 9181 чал. Да паўночны ўсходу ад Суража знаходзіліся «Віцебскія вароты».

У 1960—1962 гадах і з 1965 года ў Віцебскім (у 1962—1965 гг. у Лёзненскім) раёне.

Насельніцтва

Змяненне колькасці насельніцтва Суража ў XVIII—XXI стст. (чал.)

Эканоміка

Адзінае прадпрыемства пасёлка — Суражскі лясгас. У 1890—1925 гг. працавала Суражская папярова-кардонная фабрыка (50 рабочых), на якой выраблялі кардон, абгортачную паперу і драўняную масу. У 1861—1896 гг. працаваў Суражскі шклозавод, на ім працавала ад 32 да 60 рабочых.

Суражскі лясгас

Арганізаваны ў 1936 годзе, размешчаны на тэрыторыі Віцебскага і часткова Гарадоцкага раёнаў. Аб’ядноўвае Астраўское, Брыгітпольскае, Запольскае, Курынскае, Навасёлкаўскае, Суражскае і Тарасенкаўскае лясніцтвы Віцебскага раёна, Канашынскае і Шчалбоўскае Гарадоцкага раёна. Агульная плошча лясгаса каля 81 тыс. гектараў, у тым ліку пад лесам 74 тыс. гектараў.

Асноўныя лясы: хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорна-альховыя, асінавыя.

Лясгас вырабляе піламатэрыялы (дошка абразная і неабразная), паддоны, зрубы дамоў, рыхтуе дзелавую драўніну, дровы. Піламатэрыялы і дзелавая драўніна пастаўляюцца на экспарт.

3 1961 па 1986 год дырэктарам гэтага лясгаса працаваў заслужаны лесавод БССР Пётр Нічыпаравіч Грамыка.

Славутасці

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Заўвагі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Ф. КМФ-18. — Воп. 1. — Спр. 42. — Арк. 66 адв.
  5. Там жа. Спр. 309. — Арк. 29
  6. Там жа. Спр. 266. — Арк. 411 адв.
  7. Там жа. Спр. 76. — Арк. 132 адв. — 133
  8. Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 7: 1554—1572. — Lwów: Nakł. ks. R.Sanguszka, 1910. — S. 274
  9. Там жа. — S. 275
  10. Там жа. — S. 274—275
  11. НГАБ. Ф. КМФ-18. — Воп. 1. — Спр. 58. — Арк. 170
  12. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8. — С. 278.
  13. Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы: 40 лет 1917—1957 / Ин-т истории партии ЦК КПБ — фил. ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Ин-т истории Акад. наук БССР, Архив. упр. БССР; [Сост.: В. В. Скоробогатый и др.]. Т. 1.: Белоруссия в период подготовки социалистической революции: Фев. — окт. 1917 г. / Редкол.: Т. С. Горбунов и др. — Мн.: Гос. изд-во БССР, 1957. — 1005, [2] с. — С. 600.
  14. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Віцебскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be