wd wp Пошук:

Трасціно

Трасціно́[1] (трансліт.: Trascino, руск.: Тростино) — вёска ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, пры сутоцы ракі Трасцінкі з Мужычком. Адміністрацыйны цэнтр Трасцінскага сельсавета. Знаходзіцца за 10 км на паўночны захад ад Хоцімска, за 47 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія КлімавічыСураж), на аўтамабільнай дарозе Клімавічы — Хоцімск.

Гісторыя

Тэрыторыя вёскі была заселена яшчэ ў старажытныя часы, пра што сведчаць каля 100 крывіцкіх курганоў ва ўрочышчы Мясцішча на беразе Трасцінкі, якія былі выяўлены і раскапаны сялянамі ў 1910—1911 гадах. Курганы адносяцца да XІ—XІV стагоддзяў[2].

Па летапісных крыніцах паселішча вядома з 1662 года[2] ў Рэчыцкім павеце Вялікага Княства Літоўскага, калі яно была перададзена вайскоўцу гусарскай харугвы Габрыэлю Керсноўскаму[3]. У 1762 годзе згадваецца як сяло, шляхецкая ўласнасць у Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, меўся шынок[4].

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Трасціно апынулася ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Згодна з эканамічным апісаннем 1784 года, сяло было агульным уладаннем «Антона Станіслава — сына Ланы і жонкі яго Хрысціны Ігнацьевай, дачкі Іосіфа Станіславава, і дзяцей яго: Ягнація, Яфіма, Езафата, Іосіфа», налічвалася 1623 дзесяціны зямлі[2]. У 1811 годзе — ўладанне памешчыка. Сяляне ў чэрвені 1861 года адмовіліся адбываць памешчыцкую павіннасць[4].

У 1885 годзе — сяло ў Хоцімскай воласці Клімавіцкага павета, дзейнічала царква. Частка вяскоўцаў займалася адыходным промыслам. Па выніках перапісу 1897 года, побач з сялом існаваў аднайменны фальварак Гумінскіх[3] (450 дзесяцін зямлі) і фальварак Маркаўка (1 двор, 7 жыхароў). У 1896 годзе ў вёсцы адкрылася школа, для якой у 1906 годзе было ўзведзена памяшканне. У 1905 годзе ў ёй навучаліся 46 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.

У 1919 годзе вёска ўвайшла ў склад Клімавіцкага павета Гомельскай губерні РСФСР. 1 мая 1919 года была арганізавана гаспадарка «Разальмова», куды ўвайшла вёска Трасціно. У гаспадарцы былі 4 кані, 6 кароў, 10 свіней, 25 гектараў саду[5]. У снежні 1921 года замест дарэвалюцыйнай адкрыліся працоўная пачатковая школа і хата-чытальня.

У выніку першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе Трасціно апынулася ў Хоцімскім раёне Калінінскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці БССР, дзе 20 жніўня 1924 года вёска стала цэнтрам сельсавета. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Новы шлях», які аб’ядноўваў 96 гаспадарак. У 1930 годзе для школы было пабудавана новае памяшканне.

З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Трасціно знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У памяць аб 117 вяскоўцах, якія загінулі ў часе вайны, у 1967 годзе быў пастаўлены помнік.

У 1962—1966 гадах Хоцімскі раён і Трасцінскі сельсавет былі скасаваны, і вёска была перададзена Забельшынскаму сельсавету Клімавіцкага раёна. У 1966 годзе вёска была вернута ў склад Хоцімскага раёна, а ў 1971 годзе — адноўленага Трасцінскага сельсавета.

У 1975 годзе ў склад Трасціна ўвайшлі вёскі Зарэчча 1 і Зарэчча 2, а таксама Азёрная (былая вёска Мужычок)[4].

Па звестках канца 1980-х гадоў, вёска з’яўлялася цэнтрам саўгаса «Трасціно» (утвораны ў 1965 годзе), працавалі аддзяленні банка і сувязі, бібліятэка, гандлёвы цэнтр, дзіцячы сад, клуб, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, сталовая, сярэдняя школа і фельчарска-акушэрскі пункт[4].

Насельніцтва

  • XVIII стагоддзе: 1784 год — 30 двароў, 232 жыхары.
  • XIX стагоддзе: 1811 год — 39 двароў, 133 жыхары мужчынскага полу; 1885 год — 35 двароў, 259 жыхароў; 1892 год — 30 двароў, 324 жыхары[3]; 1897 год — 1 двор, 4 жыхары ў фальварку Трасціно.
  • XX стагоддзе 1909 год — 47 двароў, 390 жыхароў у вёсцы, 2 двары, 13 жыхароў у фальварку; 1986 год — 249 двароў, 678 жыхароў.
  • XXI стагоддзе: 2002 год — 258 двароў, 686 жыхароў[6]; 2007 год — 250 дароў, 607 жыхароў; 2009 год — 540 жыхароў[7]; 2016 год — 520 жыхароў.

Інфраструктура

У вёсцы працуюць аддзяленне сувязі, бібліятэка, Дом культуры, праваслаўная царква і сярэдняя школа[6].

Забудова

Трасціно забудоўваецца паводле плана, распрацаванага «Магілёўграмадзянпраектам» у 1981 годзе. Рэкі падзяляюць вёску на дзве часткі. У забудове пераважаюць традыцыйныя драўляныя сялянскія хаты. Новыя вуліцы, размешчаныя на поўначы і паўночным захадзе, забудаваны аднакватэрнымі і шматкватэрнымі цаглянымі дамамі. На захадзе і поўдні — вытворчыя будынкі[4].

Славутасці

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. 1 2 3 Казакова , І. В. Фальклорная спадчына Магілёўшчыны: Хоцімскі раён / І. В. Казакова, Белдзяржуніверсітэт. — 2-е выд, дап. — Мінск : Паркус плюс, 2012. — С. 96—98. — 180 с. [іл.] ISBN 9785985590192-6-5
  3. 1 2 3 Trostyń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. — S. 511
  4. 1 2 3 4 5 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. — 542 с. ISBN 978-985-11-0452-5. — С. 219—220.
  5. Дар’я Корнева.. 93-гадовая жыхарка Трасціно ўпэўнена — толькі працаваітасць уратуе свет (бел.) . Хоцімская раённая газета «Шлях Кастрычніка» (23 ліпеня 2019). Праверана 23 ліпеня 2020.
  6. 1 2 БелЭн, 2002
  7. Насельніцтва Магілёўскай вобласці па выніках перапісу 2009 года(руск.) . Праверана 23 ліпеня 2020.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хоцімскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be