wd wp Пошук:

Усвяты

Усвя́ты — пасёлак гарадскога тыпу, адміністрацыйны цэнтр Усвяцкага раёна Пскоўскай вобл. Расіі. Размешчана паміж двух азёр Узмень і Усвят, злучаных шырокай пратокай (возера Гарадзечнае), за 320 км на паўднёвы усход ад Пскова, за 63 км на паўднёвы усход ад чыгуначнай станцыі Невель, паблізу мяжы з Беларуссю. Насельніцтва — 2926 чал. (2008).

Гісторыя

Упершыню згадваецца як горад Въсвячь у 1021 г.[2] (пазней Въсвяты, Усвячь, Свячь, Усть-Свято) калі быў перададзены вялікім князем кіеўскім Яраславам полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу, быў у складзе Полацкага, потым Віцебскага княстваў. У 1320 г. далучаны Альгердам да ВКЛ як спадчына ягонай жонкі Марыі.

У пач. 16 ст. трапіў пад уладу Вялікага Княства Маскоўскага, у 1548 г. быў вернуты у склад Вялікага Княства Літоўскага. Знаходзіўся ва ўладанні Грычынавічаў, з 1554 г. — Кішак. У час Інфлянцкай вайны, у 1562 г. захоплены рускімі, якія у 1567 г. пабудавалі крэпасць. У 1580 г. (15.8) вернуты войскамі Рэчы Паспалітай у склад Вялікага Княства Літоўскага, 17 жніўня 1580 г. горад наведаў Стэфан Баторый. У 1583 г., паводле Ям-Запольскага дагавору, прызнаны за Рэччу Паспалітай. У 1654 г. запохлены расійскімі войскамі, з 1658 г. — павятовы горад, у 1667 г., паводле Андрусаўскага дагавору, вернуты Рэчы Паспалітай.

Паводле інвентара 1743 года можна зрабіць выснову, што да таго часу Усвяцкі замак ужо страціў сваё значэнне як абарочнага пункта і быў толькі рэзідэнцыяй адміністратара і гаспадарчым цэнтрам уладання. Усвяты не мелі вуліц і былі падзелены на сем кварталаў. У горадзе налічвалася ўсяго 232 гаспадаркі: 160 гаспадарак мяшчан, 30 гаспадарак гараджан-агароднікаў, 34 гаспадаркі гараджан-бабылёў і 8 вольных людзей. Такім чынам, у горадзе пражывала не менш за 1 500 чалавек. Асаблівасцю нацыянальнага складу Усвят з’яўлялася поўная адсутнаць у горадзе яўрэяў[3].

З 1772 года, паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі. У 1773 годзе Кацярына II падарыла Усвяты генерал-пракурору Расійскай імперыі кн. А. А. Вяземскаму.

З канца XVIII стагоддзя Усвяты — сяло Веліжскага павета, які ўваходзіў спачатку ў склад Пскоўскай, затым, з 1777 года, Полацкай, з 1796 года Беларускай, а з 1802 года Віцебскай губерні, цэнтр Усвяцкай воласці[3].

У пач. 19 ст. Усвяты перайшлі ва ўладанне графа Зубава, затым да Энгельгард (племяннік кн. Пацёмкіна), кн. Соф’я Юсупава, яе сын Аляксандр Пацёмкін, граф Шувалаў, граф Рыбап’ер, генерал Дурасаў, затым перайшоў да англічан Ідэна, Бальфура, Аршысціяда.

25 сакавіка 1918 Усвяты абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яго разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР[4]. У 1924 годзе Усвяты перайшлі ў склад Пскоўскай губерні[3]. У 1926 беларускія бальшавікі прасілі вярнуць Усвяты БССР, аднак Масква не задаволіла гэту просьбу[4]. У 1927 годзе горад стаў цэнтрам Усвяцкага раёна спачатку ў складзе Ленінградскай вобласці, з 1929 года — Заходняй вобласці з цэнтрам у Смаленску, з 1944 года — Велікалуцкай, з 1957 года — Пскоўскай вобласці[3].

З 1985 года — пасёлак гарадскога тыпу.

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1838 — 2142 чал.[5], з іх 247 мяшчан; 1857 — 305 мяшчан.
  • XX стагоддзе: 1989 — 3,6 тыс. чал.
  • XXI стагоддзе: 2002 — 3148 чал.; 2010 — 2839 чал.

Эканоміка

Сярод прадпрыемстваў Усвятаў — прамысловы камбінат, асфальтабетонны завод, пякарня.

Выдатныя мясціны

  • Усвяцкі замак (XVI ст.)
  • «Белы дом» (кан. 18 ст., на гарадзішчы) — колішняя летняя рэзідэнцыя кн. А. А. Вяземскага

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Численность населения районов Псковской области на 1 января 2010 г. Псковстат
  2. Полное собрание русских летописей. Т. 7. Летопись по Воскресенскому списку. — СПб: Типография Эдуарда Праца, 1856. — С. 328.
  3. 1 2 3 4 В. Ф. Голубеў. Усвяты і Усвяцкае староства паводле інвентарных апісанняў пер. пал. XVIII ст.(недаступная спасылка)
  4. 1 2 Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагоддзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007.
  5. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 58.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Усвяцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Пскоўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be