Ханой
Ханой (в’етн.: Hà Nội) — горад, сталіца В’етнама, на рацэ Хангха, за 175 кіламетраў ад яе ўпадзення ў заліў Бакбо Паўднёва-Кітайскага мора. Марскі аванпорт Хайфон. Разам з прыгарадамі ўтварае асобную адміністрацыйную адзінку. Транспартны вузел (трансв’етнамская чыгуначная магістраль і 5 шашэйных дарог). Міжнародны аэрапорт Найбай. Галоўны культурны і эканамічны цэнтр краіны.
Гісторыя
Паселішча на тэрыторыі Ханоя існавала з 3 стагоддзя. Горад узнік у 5 стагоддзі. У 9-11 стагоддзях называўся Дайла, з 11 стагоддзя — Тханглаўнг (Горад цмока, які лунае), ці Дангкінь (Усходняя сталіца). У 1804 годзе, калі сталіца была пераведзена ў г. Хюэ, Ханой стаў галоўным горадам паўночнай часткі В’етнама. У 1839 годзе атрымаў назву Ханой (Міжрэчча). З 1882 года адміністрацыйны цэнтр французскага пратэктарата Танкін, з 1902 года — сталіца Французскага Ідакітая. У 1920-я гады Ханой — адзін з цэнтраў нацыянальна-вызваленчага руху. У Другую Сусветную вайну акупіраваны (канец 1940) японскімі войскамі. У выніку Жнівеньскай рэвалюцыі (1945) у Ханоі абвешчана Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам. У вайну Супраціўлення в’етнамскага народа 1945-54 гг. Ханой акупіраваны французскімі войскамі (выведзены паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 года. Падвяргаўся бамбардзіроўкам амерыканскай авіяцыі ў час В’етнамскай вайны 1964-73 гг (найбольш моцныя налёты ў снежні 1972 года). Адбудаваны. З 1976 года сталіца Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам.
Клімат
Клімат горада субэкватарыяльны мусонны. Для яго характэрны гарачы вільготны сезон з красавіка па лістапад і халаднаваты сухі сезон у снежні-сакавіку. Хоць Ханой знаходзіцца ў нізкіх шыротах (на поўдзень ад Паўночнага тропіка), за кошт змянення кірунку паветраных мас міжсезонныя ваганні апыняюцца больш значнымі, чым у многіх рэгіёнах на аналагічных шыротах. У вільготны сезон паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія ветры прыносяць мусон. Стаіць вельмі душнае і гарачае надвор’е, і практычна штодзень выпадае шмат ападкаў. У сухі сезон дзьмуе пераважна паўночныя і паўночна-ўсходнія ветры, якія прыносяць сухое і адносна халаднаватае паветра з мацерыка. Асадкі ў сухі сезон рэдкія.
Сярэдняя тэмпература ліпеня прыкладна роўная 29,5 °C, студзеня 17 °C. Часам можа халаднець да 6—7 °C.
Клімат Ханоя | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 32 | 34,7 | 37,2 | 39 | 40 | 40,4 | 40,1 | 38,2 | 39 | 35,5 | 34,7 | 31,5 | 40,4 |
Сярэдні максімум, °C | 20,1 | 20,8 | 23,2 | 27,7 | 31,6 | 33,4 | 33,4 | 32,7 | 31,8 | 29,3 | 25,9 | 22,2 | 27,7 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 17 | 18,3 | 20,5 | 24,3 | 27,6 | 29,5 | 29,5 | 29 | 28 | 25,6 | 22,2 | 18,6 | 24,2 |
Сярэдні мінімум, °C | 14,9 | 16,3 | 18,6 | 22,2 | 24,9 | 26,8 | 26,9 | 26,5 | 25,6 | 23,2 | 19,6 | 16,1 | 21,8 |
Абсалютны мінімум, °C | 5 | 6 | 7,4 | 13 | 17,2 | 20 | 22,2 | 22,2 | 17,4 | 14 | 10 | 5 | 5 |
Норма ападкаў, мм | 18 | 25 | 42 | 83 | 200 | 265 | 298 | 312 | 191 | 143 | 58 | 21 | 1 655 |
Крыніца: Надвор'е і клімат |
Архітэктура
Стары горад пераважна з традыцыйнымі 2-павярховымі дамамі (на 1-м паверсе крамы, майстэрні) сканцэнтраваны ў раёне возера Вернутага мяча. Новы горад з 2-3 павярховымі дамамі еўрапейскага тыпу, садамі, паркамі абкружае Стары горад з захаду і поўдня. Помнікі сярэдневяковага дойлідства: пагада Мот-Кот на адным слупе (1049, адноўлена ў 1956) — сімвал горада; Храм дзвюх сясцёр Чынг (у стылі кітайскай пагады); пагада Нефрытавай гары на возеры Вернутага мяча, Храм чарапахі, Храм Літаратуры ў гонар Канфуцыя (1070; вакол яго каменныя чарапахі падтрымліваюць 82 пліты з імёнамі пераможцаў у літаратурных спаборніцтвах). Маўзалей Ха Шы Міна (1975).
Эканоміка
Машынабудаванне (у тым ліку машынабудаванне, транспарт, электратэхніка) і металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, тэкстыльная прамысловасць (баваўняная, шаўковая), харчовая, тытунёвая, керамічная, гумавая, абутковая, піваварная, рысаачышчальная. Саматужная вытворчасць прадметаў хатняга ўжытку, мастацкіх вырабаў.
Міжнародныя адносіны
Гарады-пабрацімы
- Астана, Казахстан
- Анкара, Турцыя
- Бангкок, Тайланд
- Варшава, Польшча
- Ганконг, Кітай
- Ісламабад, Пакістан
- Маніла, Філіпіны
- Масква, Расія
- Пекін, Кітай
- Сеул, Рэспубліка Карэя
- Токіа, Японія
- Тулуза, Францыя
- Прэфектура Фукуока, Японія
Гарады-партнёры
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ханой
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.