Цімкавічы (Капыльскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Цімкавічы, значэнні.
Ці́мкавічы[1] (трансліт.: Cimkavičy, руск.: Тимковичи) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Мажа. Адміністрацыйны цэнтр Цімкавіцкага сельсавета. Насельніцтва — 1299 чал. (2008). Чыгуначная станцыя.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Цімкавічы змяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра і датуецца 1499 г. У ёй паведамлялася пра далучэнне паселішча да Капыльскага ўладання Алелькавічаў. У гэты час у цэнтры мястэчка размяшчалася гандлёвая плошча, ад якой разыходзіліся 4 вуліцы (Капыльская, Слуцкая, Даўглянская); мелася 4 кварталы. На плошчы стаялі гандлёвыя рады. Над паселішчам дамінавала грэка-каталіцкая царква Святога Ільі, непадалёк — сінагога, заезны дом, карчма.
У 1502 г. Цімкавічы пацярпелі ад набегу татараў. 3 1585 г. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Хадкевічаў. Паводле інвентара 1622 г., існавалі мястэчка і маёнтак Цімкавічы. Сядзіба ўключала дом, двор аканома, шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Тут працавалі бровар і піваварня. Праз Ганну Схаластыку з Хадкевічаў Цімкавічы трапілі да Яна Станіслава Сапегі. З 1635 г. мястэчка належала Казіміру Льву Сапегу, які ў 1647 г. фундаваў тут драўляны касцёла. У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) у верасні 1655 г. паселішча разрабавалі і спалілі маскоўскія захопнікі. У 1660 г. Цімкавічы перайшлі да Аляксандра Гілярыя Палубінскага. 3 кан. XVII ст. маёнткам валодалі Радзівілы — Дамінік Мікалай, Ян і Марцін Мікалай.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цімкавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Слуцкім павеце Мінскай губерні.
У 1918 г. Цімкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У часы польска-бальшавіцкай вайны ў 1919—1920 гг. мястэчка было цэнтрам гміны ў складзе Мінскай акругі. У час Слуцкага збройнага чыну (1920) праз Цімкавічы праходзіла лінія абароны Грозаўскага палка Беларускай Народнай Рэспублікі. Да задушэння паўстання бальшавікамі мясцовую ўладу ажыццяўлялі сілы БНР.
У 1985 г. касцёл Святога Міхаіла Арханёла быў знішчаны пажарам.
- Мястэчка на старых здымках
- Рынак
- Касцёл св. Міхаіла
- Касцёл, з боку апсіды
- Касцёл, галоўны фасад
- Касцёл, інтэр’ер
- Касцёл, алтар
- Касцёл, абразы
- Царква св. Мікалая
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1880 — 826 чал.[2]
- XXI стагоддзе: 2008 — 1299 чал.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Бровар (1901)
- Капліца мемарыяльная (XIX ст.)
- Царква свяціцеля Мікалая Цудатворцы (2017)
- Могілкі яўрэйскія
- Званіца (XIX ст.)
- помнік прыроды «Дуб і сасна»
Страчаная спадчына
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
- Сядзібна-паркавы комплекс
- Царква Святога Мікалая
Вядомыя асобы
- Марцін Мікалай Караль Радзівіл (1705—1782) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, навуковец.
- Вальдэмар Віктаравіч Раманенка (1937—2021[3]) — вучоны ў галіне клінічнай медыцыны, доктар медыцынскіх навук, прафесар.
- Уладзімір Аляксандравіч Наржымскі (1915—1988) — ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза (1945)[4].
- Аляксандр Іванавіч Бельскі (нар. 1963) — беларускі літаратуразнавец, пісьменнік. Доктар філалагічных навук (1998), прафесар (2002).
У Цімкавічах з 1908 года гадаваўся выдатны беларускі празаік Кузьма Чорны, бацька якога пасля Лютаўскай рэвалюцыі працаваў у валасным рэўкаме і настаўнічаў у Цімкавіцкай сямігодцы[5]. У вёсцы знаходзіцца Літаратурны музей Кузьмы Чорнага. Таксама тут К. Чорны прымаў удзел у пастаноўках Цімкавіцкага народнага тэатра, які дзейнічае да гэтай пары.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Cimkowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 703.
- ↑ Вольдемар Викторович Романенко. Некролог (руск.) // Сайт БелМАПА
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — С. 160. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
- ↑ Тычына М. Цана прароцтваў // Чорны К. Выбраныя творы. — Мн., 2000.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Cimkowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 702—703.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Цімкавічы (Капыльскі раён)
- Цімкавічы (Капыльскі раён) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Артыкул В.Шураковай “Цiмкавiчы: касцёл святога Мiхаiла”
- Расповяд пра вёску з фота
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Капыльскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.