wd wp Пошук:

Чахі (Хойніцкі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Чахі. Чахі́[1] (трансліт.: Čachi, руск.: Чехи) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.

Ліквідавана 21 верасня 2010 года[2].

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Найраней сяло Чахі (Czechi) згаданае ў 1638 годзе, калі князь Іерамія Міхал Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых сваю палову Брагінскага маёнтку пану Мікалаю Лосятынскаму[3]. Хутар Чахі з чатырма дымамі названы сярод паселішчаў Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага Яна Аляксандра Канецпольскага, моцна пацярпелых зімой 1686—1687 гадоў і пазней ад пастою рэестравых казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага[4].

У дакуменце Оўруцкага гродскага суда ад 22 верасня 1715 года сказана пра тое, як губарэвіцкія сяляне, узброеныя косамі, сякерамі і стрэльбамі, пасланыя панам маршалкам мазырскім Антоніем Аскеркам, папалілі стагі сена, праналежныя падданым пана войскага мельніцкага Аляксандра Антонія Бандынэлі, жыхарам вёсак Бабчын, Рудакоў і хутара Чахі[5]. Да 1733 года Чахі належалі да часткі застаўнага маёнтка Брагін падкаморага дэрпцкага А. Бандынэлі[6]. Ад таго часу — у складзе маёнтку князя Міхала Сервацыя Вішнявецкага, які ўпершыню менавіта ў 1733 годзе пачаў пісацца «графам на Брагіне»[7]. У 1754 годзе з 10 двароў (×6 – каля 60 жыхароў) хутара Чахі Брагінскага маёнтка выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 1 злоты, 17 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 6 злотых, 8 грошаў[8]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў пані Эльжбеты Замойскай, дачкі князя Міхала Сервацыя, панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім.

Расійская імперыя

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Чахі апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета спачатку Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[9]. У 1795 годзе хутар Чахі разам з Бабчынам, Рудымі і Губарэвічамі належаў пану падстаросце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[10], які годам раней страціў жонку Ізабелу[11], дачку папярэдняга ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага.

На 1816 год Чахі ў складзе Рудакоўскага маёнтку паводле сямейнага пагаднення дасталіся пану Уладзіславу, сыну Ігнацыя, Аскерку, пасля — яго старэйшаму сыну Генрыку. У 1850 годзе — 12 двароў, 86 жыхароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 87 жыхароў вёскі Чахі з’яўляліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай царквы, 1 мужчыны і 3 жанчыны былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[12].

У парэформенны перыяд Чахі — у Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1879 годзе вёска названа ў ліку паселішчаў, якія належалі да прыходу Крыжаўздзвіжанскай царквы ў Бабчыне[13]. Пані Алена Ваньковіч (народжаная Аскерка) названая ўладальніцай Рудакоўскага маёнтку ў «Спісе землеўладальнкіаў Мінскай губерні» 1889 і 1911 гадоў. На 1909 год у Чахах 32 двары, 121 жыхар[14].

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Чахі у складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[15].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 снежня 1926 года — у складзе БССР; да 16 ліпеня 1954 года ў Бабчынскім сельсавеце Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года па 26 ліпеня 1930 года — Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры, з 8 лютага 1954 года — Гомельскай вобласці.

На 1930 год — 53 двары. У 1931 годзе арганізаваны калгас. У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце загінулі 29 жыхароў вёскі. Паводле перапісу 1959 года — 217 жыхароў, у складзе калгаса «Кастрычнік» (цэнтр — сяло Бабчын).

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района». Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21.09.2010 г. № 25 Архівавана 21 красавіка 2021. (руск.)
  3. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5
  4. Архив Юго-Западной России. — Киев, 1868. Ч. III. Т. II. С. 155
  5. АрхивЮЗР. — 1871. Ч. 1. Т. 4. С. 379
  6. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. — Біла Церква, 2015. С. 284
  7. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  8. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. — Біла Церква, 2015. С. 190
  9. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  10. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71
  11. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
  12. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
  13. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII.Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 15
  14. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 216
  15. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85

Літаратура

  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 6, 23 — 27, 29
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be