Шапялевічы
Шапяле́вічы[1] (трансліт.: Šapialievičy, руск.: Шепелевичи) — вёска ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Цяцерынскага сельсавета.
Знаходзяцца за 24 км на паўднёвы захад ад Круглага, за 16 км на захад ад шашы Р77, на левым беразе ракі Асліўка.
Гісторыя
Упершыню Шапялевічы згадваюцца ў XV ст.[2] У розныя часы яны знаходзіліся ва ўладанні Гаштольдаў, Палубінскіх, Сапегаў, Агінскіх і інш. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) 24 жніўня 1654 пад Шапялевічамі адбылася значнай бітва паміж абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага і маскоўскімі захопнікамі.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Шапялевічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні.
У 1779 г. пабудавана царква, у 1812 г. заснаваны вінакурны завод, на якім у 1881 г. працавалі 2, а ў 1890 г. — 5 рабочых. У 1847 г. цэнтр маёнтка Магілёўскага павета, уласнасць графоў Шувалавых. У 1848 г. былі 134 двары. У 1863 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. Гаспадар маёнтка ў 1867 г. меў 1606 дзесяцін зямлі, вінакурны завод, вадзяны млын, карчму. У 1897 г. у мястэчку 139 двароў, 907 жыхароў (437 мужчын, 470 жанчын), царкоўнапрыходская школа, яўрэйская малітоўная школа, хлебазапасны магазін, заезны дом, царква, 2 разы ў год кірмашы. У фальварку 1 двор, 31 жыхар (18 мужчын, 13 жанчын), вінакурны завод. У 1909 г. меліся казённая вінная крама, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, у Цяцерынскай воласці Магілёўскага павета.
Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. З лютага да кастрычніка 1918 г. акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Шапялевічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак з 16 студзеня ў складзе РСФСР. У сакавіку 1924 г. Шапялевічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета Круглянскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі.
З 20.8.1924 г. у Бялыніцкім раёне Магілёўскай акругі (да 26.7.1930), з 12.2.1935 г. у Круглянскім раёне, з 20.2.1938 г. Магілёўскай вобласці, з 16.9.1959 г. да 30.7.1966 г. у Бялыніцкім раёне. У 1924 г. адкрыта хата-чытальня. У 1928 г. арганізаваны калгас «Чырвоны араты» і «Беларусь». Пачатковая школа ў канцы 1930-х гг. пераўтворана ў сямігадовую, а ў 1930-я гг. — у сярэднюю. Дзейнічаў вузел сувязі.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 27.6.1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 5.12.1942 г. партызаны 8-й Круглянскай брыгады разграмілі варожы гарнізон, які размяшчаўся ў Шапялевічах. У 1944 г. гітлераўцы спалілі 130 двароў, загубілі 106 жыхароў. Каля вёскі 1.7.1944 г. камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка маёр К. В. Макараў выявіў і знішчыў вялікую колькасць варожай тэхнікі і жывой сілы. 23.2.1945 г. яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У брацкай магіле, што ў цэнтры вёскі каля клуба, пахаваны 90 савецкіх воінаў і 26 партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне вёскі. На ўшанаванне памяці 287 воінаў-землякоў, што загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе, у 1967 г. у цэнтры вёскі каля клуба пастаўлена стэла, у 1990 г. — помнік.
Да 21 снежня 2011 года вёска ўваходзіла ў склад Шапялевіцкага сельсавета[3].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1827 — 570 чал.; 1846 — 325 чал., з іх 310 сялян[4]; 1890 — 553 чал., з іх 501 праваслаўны, 5 каталікоў і 47 іўдзеяў[5]
- XX стагоддзе: 1909 — 891 чал., 131 двор; 1940 — 686 чал., 162 двары.
Эканоміка
- Шапялевіцкі СПК
Страчаная спадчына
- Царква (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ Памяць. Круглянскі раён, 1996
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 21 декабря 2011 г. № 13-9 Архівавана 14 красавіка 2019. (руск.)
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 191.
- ↑ Szepielewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 899.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1996. — 586, [2] c. — ISBN 985-11-0054-4.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Szepielewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. — S. 899
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Круглянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.