wd wp Пошук:

Ялоўка (гміна Міхалова)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ялоўка.

Яло́ўка (польск.: Jałówka), традыцыйная беларуская назва — Ялаўка (на мясцовай беларускай гаворцы: Яло́ўка[2]) — вёска ў Польшчы, у складзе гміны Міхалова Беластоцкага павета Падляскага ваяводства.

Ялаўка — даўняе магдэбургскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны), на беларускай этнічнай тэрыторыі.

Насельніцтва

Жыхары вёскі каталікі (парафія Перамянення Гасподняга ў вёсцы[3]) з польскай нацыянальнай ідэнтыфікацыяй і этнічныя беларусы, пераважна праваслаўныя (прыход Узвышэння Святога Крыжа ў вёсцы).

Гісторыя

Рынак, 1930-я

Упершыню Ялаўка згадваецца ў XVI стагоддзя як мястэчка ў Ваўкавыскім павеце Новагародскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Раней верагодна тут існаваў цэнтр адміністрацыі Ялаўскай пушчы, самай заходняй часткі Ваўпянскай пушчы. Мястэчка засялялася беларусамі з паўднёвых прытокаў Росі, бо ў 1623 г. пражывалі тут толькі 4 палякі, 4 літоўцы і 2 венгры.[4]. У 1545 вялікі князь Жыгімонт Стары надаў паселішчу Магдэбургскае права. У XVII ст. Ялаўка зрабілася цэнтрам нягродавага староства, якое трымалі Гараіны. Ужо ў пачатку XVI стагоддзя існавала тут праваслаўная царква, а пасля Бона Сфорца фундавала тут каталіцкі касцёл. У пачатку XVII стагоддзя староста ялаўскі Ян Станіслаў Сапега пабудаваў тут першую школу. Войны сярэдзіны XVII стагоддзя спустошылі мястэчка, таму чарговы староста Юрый Караль Глябовіч вызваліў мяшчан ад падаткаў і дапамагаў у адбудове спаленых хатаў[4]. Першыя іўдзеі з’явіліся ў Ялаўцы пад канец XVIII стагоддзя і пачаткова адносіліся да кагала ў Свіслачы[5]. 18 студзеня 1792 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку герб: «у блакітным полі выява Святога Мацвея»[6].

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ялаўка апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам воласці Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. У 1859 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла, але царскія ўлады адабралі ў каталікоў будынак і перадалі праваслаўным, якія ў 1861 г. заснавалі новую царкву і прыход Св. Аляксандра Неўскага. На каталіцкую Сёмуху 1863 г. Ялаўка была занята паўстанцкім атрадам Валерага Урублеўскага, што стало прычынай ліквідацыі каталіцкай парафіі і далучэння Ялаўкі да свіслацкай парафіі (1866 г.). Мясцовыя каталікі атрымалі дазол на стварэнне парафіі Св. Антонія толькі ў 1907 г. і ў 1910—1915 гадах пабудавалі новы касцёл[4]. У другой палове XIX ст. у мястэчку дзейнічалі 2 царквы, сельскае прыходскае вучылішча. У выніку хуткага развіцья яўрэйскай грамады ў Ялацы ў другой палове 19 ст. была заснавана самастойная гміна з 2 сінагогамі[5].

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ялаўка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. Царква Св. Аляксандра Неўскага была адабрана праваслаўным і ў 1922 г. асвяшчоная ў касцёл у гонар Перамянення Панскага і Св. Міхала. З 1933 г. касцёл стаў цэнтрам самастойнай (другой у мястэчку) парафіі[4]. У 1937—1939 гадах ксяндзом у Ялаўцы быў Янка Семашкевіч.

У 1939 Ялаўка ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам Ялоўскага сельсавета Свіслацкага раёна Беластоцкай вобласці. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусветную вайну з 1941 да 1944 Ялаўка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 24 чэрвеня 1941 г. у выніку нямецкага наступлення згарэлі 55 жылыя дамы, 250 гаспадарчых пабудоў і драўляная царква[4]. Пад канец 1942 г. нацысты вывезлі з Ялаўкі ўсіх яўрэяў (каля 600 чал.), спярша ў часовы лагер пад Ваўкавыскам, а пасля ў лагер смерці ў Трэблінку[5]. У ліпені 1944 г. адступаючыя немцы знішчылі касцёл Св. Антонія, новабудаваную царкву і сінагогу[4]. 16 жніўня 1945 улады СССР перадалі паселішча Польшчы. Праваслаўныя жыхары толькі ў 1958—1966 гадах пабудавалі новую мураваную царкву Узвышэння Святога Крыжа[4]. Пасля Другой сусветнай вайны Ялаўка была далучана да гміны Міхалова і хутка апусцела (знаходзіцца ў 1 км ад дзяржаўнай мяжы і ляжыць далёка ад камунікацыйных шляхаў).

Насельніцтва

  • XVIII стагоддзе: 1781 — 1658 чал.[4]
  • XIX стагоддзе: 1830 — 330 муж., з іх шляхты 1, духоўнага саслоўя 1, мяшчан-іўдзеяў 217, мяшчан-хрысціян і сялян 111[7]; 1878 — 1091 чал., з іх 668 іўдзеяў[8]; 1830 — 707 чал., з іх хрысціян 346 і іўдзеяў 401[4]; 1897 — 1311 чал., з іх 743 іўдзеяў
  • XX стагоддзе: 1912 — 2920 чал.; 1921 — 1211 жыхары (394 каталікі, 229 праваслаўныя і 588 яўрэі; 1163 жыхары былі запісаны палякамі, 5 беларусамі, 40 яўрэямі і 3 іншай нацыянальнасці)[9]; 1939 — 5 тыс. чал.
  • XXI стагоддзе: 2009 — 291 чал.

Славутасці

  • Касцёл Перамянення Гасподняга (1859, 1922)
  • Касцёл Святога Антонія Падуанскага (1910—1915, зруйнаваны 1944)
  • Царква Узвышэння Святога Крыжа (1956—1960)

Вядомыя асобы

Галерэя

  • Краявіды Ялаўкі
  • Царква Узвышэння Святога Крыжа
  • Касцёл Перамянення Гасподняга
  • Касцёл, брама
  • Вуліца

Зноскі

  1. Główny Urząd Statystyczny. Bank Danych Lokalnych.(польск.) . Праверана 16 чэрвеня 2015.
  2. Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny, red. S. Glinka, A. Obrębska-Jabłonowska, J. Siatkowski, t. 1, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk 1980, s. 49(нявызн.) (недаступная спасылка) (16 чэрвеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 3 красавіка 2019. Праверана 16 чэрвеня 2015.
  3. Parafia Przemienienia Pańskiego, Jałówka(польск.) . Parafie. Archidiecezja Białostocka (16 чэрвеня 2015).
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Leszek Nos Monografia Gminy Michałowo(польск.)  (недаступная спасылка). Towarzystwo Przyjaciół Ziemi Michałowskiej (16 чэрвеня 2015). — Białystok 1996. Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2017. Праверана 16 чэрвеня 2015.
  5. 1 2 3 Jałówka. Historia.(польск.) . Wirtualny Sztetl. Muzeum Historii Żydów Polskich POLIN (16 чэрвеня 2015).
  6. Ялоўка Архівавана 13 ліпеня 2011. // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  7. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 412.
  8. Jałówka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 388.
  9. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej : opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5. Województwo białostockie, с. 96(польск.)  (16 чэрвеня 2015).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беластоцкага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be