Яроміна (Гомельскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Яроміна.
Яро́міна[1] (трансліт.: Jaromina, руск.: Ерёмино) — аграгарадок у Гомельскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Яромінскага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 5 км на паўночны захад ад Гомеля. У вёсцы знаходзіцца аднайменны прыпыначны пункт.
Водная сістэма
На захадзе меліярацыйны канал, злучаны з ракой Рандоўкай (прыток ракі Уза).
Транспартная сістэма
Транспартная сувязь па аўтамабільнай дарозе Доўск — Гомель.
У вёсцы 2048 жылых дамоў (2004 год). Планіроўка складаецца з 2 частак, падзеленых невялікім вадасховішчам. Забудова двухбаковая, дома драўляныя і цагляныя, пераважна аднапавярховыя, сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Паводле пісьмовых крыніц, вёска вядомая з XVIII стагоддзя як сяло ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. З 1795 года дзейнічала царква. Памешчыкі Красінскі-Карвін і Багданаў мелі тут у 1840 годзе 475 дзесяцін зямлі і піцейны дом. У 1850 годзе побач была пракладзена шаша Пецярбург — Кіеў. Пасля будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі ў 1873 годзе пачала працу чыгуначная станцыя. У 1885 годзе дзейнічалі хлеба-запасны магазін, вінная крама, млын. У 1889 годзе пабудавана драўляная Пакроўская царква (архітэктар П. Г. Камбураў), у народным вучылішчы атрымлівалі адукацыю 46 хлопчыкаў і 14 дзяўчынак, а ў 1902 годзе, адпаведна, 89 і 33. У 1897 годзе працавалі царква, школа, карчма. У 1897 годзе ў Пакалюбічскай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. У 1908 годзе побач знаходзілася 3 фальварка.
У 1926 годзе дзейнічалі паштовы пункт, 2 школы. Побач знаходзіліся хутары.
З 8 снежня 1926 года цэнтр Яромінскага сельсавета Гомельскага раёна Гомельскага акруга, з 20 лютага 1938 года — Гомельскай вобласці.
У 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны хлебароб». Працавалі сталярная і шорная майстэрні, нафтавы млын, кузня. У 1933 годзе размясціўся ўчастак Гомельскай МТС.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 267 жыхароў вёскі. Яроміна было вызвалена 26 лістапада 1943 года. Каля будынка сельсавета збудавана стэла і пліты з імёнамі загінулых землякоў. У 2005 годзе была праведзена рэканструкцыя стэлы «Нішто не забыта, Ніхто не забыты».
У 1959 годзе цэнтр калгаса «XXII з’езд КПСС». Размяшчаюцца камбінат бытавога абслугоўвання, «Аграпрамтэхніка», «Сельгасхімія», абласная станцыя аховы расліннага свету, сярэдняя і музычная школы, эксперыментальны культурна-спартыўны цэнтр, Дом культуры, 2 бібліятэкі, амбулаторыя, дзіцячыя яслі і сад, аптэка, аддзяленне сувязі, кафэ, 4 крамы, лазня.
У склад Яромінскага сельсавета да 1962 года ўваходзілі пасёлкі Высокае і Новы, да 1997 года Новае Жыццё, да якога ў 1962 годзе быў далучаны пасёлак Высокае. Усе гэтыя населеныя пункты ў цяперашні час не існуюць.
З 1927 года ў вёсцы існуе ансамбль песні і танца «Колас», якому ў 1969 годзе прысвоена званне народнага.
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 2048 двароў, 6094 жыхара.
Дынаміка
- 1868—151 двор, 526 жыхароў.
- 1885—158 двароў, 870 жыхароў.
- 1897—229 двароў, 1221 жыхар (паводле перапісу).
- 1908—232 двара, 1687 жыхароў.
- 1926—390 двароў, 2008 жыхароў.
- 1959 — 3215 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — 2048 двароў, 6094 жыхара.
Вядомыя ўраджэнцы
- А. Д. Чагоўскі — ганаровы грамадзянін Санкт-Пецярбурга.
Славутасці
У памяць пра жыхароў вёскі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, каля сельсавета ўстаноўлена стэла і пліты з імёнамі загінулых.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Яро́мін, м.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гомельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.