wd wp Пошук:

Яхімоўшчына (Маладзечанскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Яхімоўшчына.

Яхімо́ўшчына[2] (трансліт.: Jachimoŭščyna, руск.: Яхимовщина) — аграгарадок у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Палачанскага сельсавета.

Размешчана за 20 км на паўднёвы захад ад Маладзечна, 98 км ад Мінска і 2 км ад аўтамабільнай дарогі Маладзечна — Валожын[1]. Цэнтральная сядзіба калгаса «Яхімоўшчына»[1].

Гісторыя

Яхімоўшчына вядомая з XVI стагоддзя. Назву атрымала па прозвішчы сваіх першых уладальнікаў — Яхімовічаў. Сядзіба ў Яхімоўшчыне створаная ў сярэдзіне XIX стагоддзя Юзафам Сулістроўскім, маршалкам Аршанскага павета.[3] З 1877 года Яхімоўшчыну атрымаў у валоданне пан Ян Янавіч Любанскі (1820—1884). Пазней маёнтак перайшоў да яго сына — Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932).

Да пачатку XX стагоддзя тут сфарміравалася буйная сядзіба з развітым вытворчым комплексам: паравы бровар на бульбяной сыравіне (заснаваны ў 1888 г.), смалярня, маслабойня, сыраварня, цагельня, вяндлярня, млын. Маёнтак займаў плошчу ў 40 гектараў.

У Першую сусветную вайну ў 1914 г. ўвесь сядзібны комплекс моцна пацярпеў.[4] З гэтага часу галоўным домам сядзібы стала афіцына, якая была збудавана ў 1900 годзе ў стылі неакласіцызму з выкарыстаннем ордарнае пластыкі ў аздабленні фасадаў.[5]

Яхімоўшчына і Янка Купала

У Яхімоўшчыне з восені 1906 г. да вясны 1907 г. Янка Купала працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага на бровары ў маёнтку пана Аляксандра Янавіча Любанскага. Праца на бровары была вельмі цяжкай. «…Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў», узгадваў пазней Я. Купала[6].

«Чаго вам хочацца панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб той мове,
Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце, вашай ён не ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
З якім радзіўся, падрастаў…»

Я. Купала «Ворагам Беларушчыны», Яхімоўшчына, 1907.

Тут паэт напісаў свае славутыя вершы, сярод якіх «А хто там ідзе?», «3 песень нядолі», «Дайце мне волю», «Не тужы», «Што ты спіш?», «Там», «Воля», «Ворагам Беларушчыны», «Поле роднае», «Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», «Гэта крык, што жыве Беларусь…» і іншыя.[7]

Менавіта тут нарадзілася большасць твораў, якія пазней склалі першы зборнік Янкі Купалы «Жалейка». Яхімоўшчынская зямля, яе асяроддзе, традыцыі гэтай мясціны, праца на бровары далі паэту шмат тэмаў для яго твораў. Так, у аснову паэмы «Нікому» легла пачутае Янкам Купалам ад селяніна В. Парфёна апавяданне з часоў прыгону.[6]

У Яхімоўшчыне Купала пазнаёміўся і пасябраваў з настаўнікам Гарадзілаўскай пачатковай школы Андрэям Посахам. Падчас экскурсіі ў Італіі ў 1910 годзе А.Посах наведаў на востраве Капры Максіма Горкага і ўпершыню пазнаёміў вялікага рускага пісьменніка з творчасцю Я.Купалы і Я.Коласа. На просьбу М.Горкага А.Посах паслаў яму зборнікі вершаў беларускіх паэтаў «Жалейку» і «Песні-жальбы», за якія атрымаў ад М. Горкага ліст са словамі ўдзячнасці.[7]

«Пры якіх акалічнасцях ствараліся мае першыя вершы? Цяжка сказаць. Калі займаўся земляробствам, былі адны акалічнасці, калі працаваў на бровары — другія, але і ў тым і ў другім выпадку папера і аловак былі заўсёды пры мне. І вось, на працы ў полі, або ў дарозе, або на начлезе прыйдзе думка — і я пішу. На бровары тое ж самае — ухітраюся адлучыцца, або нават у часе самой працы, калі павінен толькі назіраць, таксама пішу. Часам уначы, упацёмку запісваю, а днём перапісваю».

З успамінаў Я. Купалы.[6]

Унікальнасць Яхімоўшчыны ў тым, што гэта адно з нешматлікіх гнёздаў Я.Купалы, якое не было раскідана часам. Да сённяшняга дня тут стаіць дом, што больш чым на паўгода даў прытулак паэту. Цудам захаваўся яго пакой з дзвярыма і з клямкай, якая яшчэ памятае мяккі дотык Купалавай рукі.[6]

Славутасці

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004.- 472 с. — ISBN 985-11-0295-4. — Артыкул «Яхімоўшчына». — С. 321.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9 // Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 1999. — 560 с.: іл. — ISBN 985-11-0155-9; Артыкул «Купалы Янкі Літаратурнага музея філіял „Яхімоўшчына“». — Аўтар Ж. Дапкюнас. — С. 33.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл. — Артыкул «Яхімоўшчына» / Аўтар У. І. Содаль. — С. 702.
  • Купалаўскія мясціны на Маладзечаншчыне. Яхімоўшчына: філіял музея Янкі Купалы / Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Маладзечанскі райвыканкам, Міжнародны фонд Янкі Купалы; Уклад. Ж. Дапкюнас. — Мінск, 2004. — 46 с.[12]
  • Федорук Анатолий Тарасович. Старинные усадьбы Минского края. — Минск, издательство «Полифакт», 2000. — 416 с — ISBN 985-6107-24-5. — Артыкул «Яхимовщина». — С. 220—229.[4]

Спасылкі

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18. Кн. 1. — Мн.: БелЭн, 2004. — С. 321.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Я́хамаўшчына
  3. Купалаўскія мясціны на Маладзечаншчыне. Яхімоўшчына: філіял музея Янкі Купалы. Уклад. Ж. Дапкюнас. — Мінск, 2004. — С. 16.
  4. 1 2 Фядарук, Андрэй. Артыкул «Яхімоўшчына» ў кнізе «Старажытныя сядзібы Мінскага края» (нявызн.) (10 кастрычніка 2011). Праверана 12 студзеня 2017.
  5. 1 2 Купалаўскія мясціны на Маладзечаншчыне. Яхімоўшчына: філіял музея Янкі Купалы. Уклад. Ж. Дапкюнас. — Мінск, 2004. — С. 21—22.
  6. 1 2 3 4 Яхімоўшчына на сайце iatp.by (нявызн.) (10 кастрычніка 2011).(недаступная спасылка)
  7. 1 2 Янка Купала і Маладзечаншчына (нявызн.) (10 кастрычніка 2011).
  8. Яхімоўшчына, афіцына (нявызн.) (7 кастрычніка 2011).
  9. Яхімоўшчына, бровар (нявызн.) (7 кастрычніка 2011).
  10. Яхімоўшчына, свіраны (нявызн.) (7 кастрычніка 2011).
  11. Яхімоўшчына, цагляны жылы дом (нявызн.) (7 кастрычніка 2011).
  12. Зводны электронны каталог бібліятэкаў Беларусі (нявызн.) (10 кастрычніка 2011).
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Маладзечанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be