wd wp Пошук:

Івольск

Іво́льск[1] (трансліт.: Ivoĺsk, руск.: Ивольск) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Крыўскага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчэнне

У 25 км на поўдзень ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 25 км ад Гомеля.

Гідраграфія

Рака Іволька (прыток ракі Уза).

Транспартная сетка

Паблізу аўтадарога Жлобін — Гомель.

Планоўка складаецца з доўгай, ледзь выгнутай мерыдыянальнай вуліцы, якая ў цэнтры перасякаецца прамалінейнай вуліцай, а з поўдня да яе далучаюцца дзве прамалінейныя кароткія вуліцы. Забудова двухбаковая, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У 1987 годзе пабудаваны цагляныя дамы на 50 кватэр, у якіх змесцаваліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Гісторыя

Выяўленыя археолагамі два гарадзішчы (1 км на захад ад вёскі, на левым беразе ракі) сведчаць пра засяленне гэтай тэрыторыі ў далёкім мінулым. Па пісьмовых крыніцах вядома з пачатку XIX стагоддзя. З 1818 года знаходзілася драўляная Праабражэнская царква. Побач з вёскай быў фальварак, гаспадар якога дваранін Баркоўскі валодаў у 1879 годзе 330 дзесяцінамі зямлі, вятраком і піцейным домам. У 1883 годзе працавалі млын, цагельня, хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года размяшчаліся царква, вінная крама, школа граматы. У фальварку — карчма. Дзейнічала народнае вучылішча (адкрыта ў 1902 годзе; у 1907 годзе 51 вучань). У 1909 годзе 918 дзесяцін зямлі, царква, школа, казённая вінная крама, млын, у Чабатовіцкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні.

З 8 снежня 1926 года цэнтр Івольскага сельсавета Уваравіцкага, з 17 красавіка 1962 года Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці.

Дзейнічалі пачатковая школа, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства. У 1929 годзе арганізаваны калгас імя М. І. Калініна, працавалі нафтавы млын, вятрак, гамарня, цыркулярная піла.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях каля вёскі загінулі 8 савецкіх салдатаў і 6 партызан (пахаваны ў брацкай магіле на паўднёва-ўсходняй ускраіне). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 263 чалавека з вёсак сельсавета, памяць пра загінуўшых увекавечвае збудаваная ў 1973 годзе стэла з барэльефнай шматфігурнай кампазіцыяй, дошка з прысвячэннем і 2 пліты з імёнамі загінуўшых.

У 1959 годзе цэнтр калгаса імя М. І. Калініна. Размяшчаліся пільня, млын, камбінат бытавога абслугоўвання, механічная майстэрня, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, дзіцячы сад. У 1996 годзе адкрыта царква.

У склад Івольскага сельсавета ўваходзілі: да 1936 года пасёлак Крывізна, Свашын; да 1938 года пасёлак Галыда, да 1968 года пасёлак Пашкаўскі, да 1997 года пасёлак Букалоў. Усе яны ў наш час не існуюць.

1 снежня 2009 года Івольскі сельсавет быў скасаваны, і Івольск увойшоў у склад Крыўскага сельсавета[2].

Насельніцтва

Колькасць

  • 2004 год — 167 гаспадарак, 486 жыхароў.

Дынаміка

  • 1848 год — 50 двароў.
  • 1883 год — 91 двор, 587 жыхароў.
  • 1897 год — 134 двары, 798 жыхароў, у фальварку 2 двары, 12 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1909 год — 163 двары, 934 жыхара.
  • 1926 год — 230 двароў, 1202 жыхара.
  • 1940 год — 504 жыхара.
  • 1997 год — 184 двары, 491 жыхар[3].
  • 2004 год — 167 гаспадарак, 486 жыхароў.

Вядомыя асобы

  • Павел Сцяпанавіч Малчанаў (нар. 1(14).3.1902) — савецкі акцёр, народны артыст СССР (1949), народны артыст БССР, лаўрэат Сталінскай прэміі СССР (1946). Узнагароджаны 3 ордэнамі.
  • А. А. Маркаў — генерал-лейтэнант.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об изменении административно-территориального устройства Буда-Кошелевского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 277 Архівавана 29 кастрычніка 2013. (руск.)
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 159. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 159. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Уваравіцкага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2009 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1926 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be