Жлобін
Жло́бін[2] (афіц. транс.: Žlobin) — горад раённага падпарадкавання ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр раёна. Трэці па колькасці насельніцтва горад у вобласці (пасля Гомеля і Мазыра). Размешчаны на раўніне Гомельскае Палессе, за 93 км ад Гомеля, 215 км ад Мінска. Прыстань на Дняпры. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы); аўтадарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. Насельніцтва 76 068 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Старажытнасць
Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першыя пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага горада ўзніклі ў першабытнаабшчынны час, задоўга да заснавання Жлобіна. На ўзбярэжжы Дняпра ў межах горада знойдзены рэшткі паселішча перыяду бронзавага веку (II-е — пачатак І-га тысячагоддзя да н.э.). На тэрыторыі гарадскога парка культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» выяўлены следы пасялення перыяду жалезнага веку[4], якое існавала ў канцы І тысячагоддзя да н. э. — пачатку І тыс. н.э.[5].
У Рэчы Паспалітай
Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце ад 15 ліпеня 1654 г. паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позніх звестак пра гэты замак не маецца[6].
Паводле археалагічных дадзеных, Жлобінскі замак існаваў у 15 — 17 стагоддзях ля ўпадання ручая Чорначка ў р. Дняпро, побач з сучасным гарадскім паркам «Прыдняпроўскі». Абарончыя ўмацаванні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3 — 4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартыўная школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2 — 3 м (стадыён спартыўнай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае неўмацаванае сярэдневяковае селішча[7]. На ім размясціўся парк «Прыдняпроўскі»[8]. Пры археалагічных абследаваннях знойдзены матэрыял 14 — 18 ст.[5]
У 15 — 16 стст. гэта мясцовасць знаходзілася ва ўладаннях Хадкевічаў, у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (якое 1 ліпеня 1569 г. аб’ядналася з Польскім Каралеўствам у Рэч Паспалітую).
У публікацыях сустракаецца меркаванне аб тым, што першая пісьмовая згадка аб Жлобіне пад назвай Хлепень адносіцца да 1492 г., але гэта памылка[9]. Верагодна, яна ўзнікла ў выніку таго, што з беларускім горадам Рагачоў (паблізу Жлобіна) блыталі сяло, якое ў XV ст. знаходзілася на сумежжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы — Рагачова (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласці), а непадалёк ад яго ёсць в. Хлепень (Сычоўскі раён Смаленскай вобласці)[10]. Дакументаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма.
З 1509 года ў складзе Рагачоўскай воласці, ва ўладанні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 года ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтка. З 1563 года ва ўладанні полацкага шляхціца[11].
У 1790 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 гадавыя кірмашы ў Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Былі прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. З 1792 года дзейнічала Крыжаўздвіжанская царква.
У Расійскай Імперыі
З 1793 г., пасля II-га падзелу Рэчы Паспалітай, Жлобін у Расійскай Імперыі, мястэчка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Падчас вайны паміж Францыяй і Расіяй 1812 г. французскія войскі 20 ліпеня 1812 г. занялі Жлобін, але ў хуткім часе адступілі. Паводле рэвізіі 1816 г. у Жлобіне 189 двароў.
З 1818 г. Жлобін стаў мястэчкам. Паводле інвентару 1847 г. меў 965 жыхароў. У 1860 г. меліся царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа. У 1863 г. замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы, дзейнічалі народнае вучылішча (у 1864 г. 15, у 1889 г. 92 вучні), хлебазапасны магазін. З 1876 г. працаваў дрожджавы завод, з 1868 г. — крупарушка. Праз мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.
16 лістапада 1873 г. была адкрыта чыгунка Асіповічы — Гомель і чыгуначная станцыя Жлобін 2-га класа. За 1 км на захад ад мястэчка было збудавана паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканні для пасажыраў. Пазней быў узведзены 1-павярховы драўляны вакзал.
13 мая 1880 г. ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага плана. У 1880 г. 164 двары, 430 жыхароў, 6 лавак, цукровы завод. 16 мая 1889 г. ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.
Паводле перапісу 1897 г. ў в. Карпілаўка, якая пазней увайшла ў склад Жлобіна — 301 двор, 1307 жыхароў, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначнае вучылішча, 8 крупарушак, 4 пастаялыя двары, 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся казённы завод для прэсавання сена, якое накіроўвалася ў ваенныя акругі.
24 снежня 1902 г. адкрыта чыгунка Віцебск — Жлобін, 2 лістапада 1915 г. — чыгунка Жлобін — Калінкавічы. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 снежня 1905 г. да 2 студзеня 1906 г. адбывалася забастоўка чыгуначнікаў. З 1908 г. дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Мелася паштовае аддзяленне.
У 1909 г. ў Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, налічвалася 486 гаспадарак, 4270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 г. жыхары на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацк. У 1911 г. адкрыта прыватная гімназія з бібліятэкай пры ёй, у 1913 — крэдытнае таварыства. У 1915 г. на чыгуначнай станцыі адбылося хваляванне салдат, меліся сутыкненні з паліцыяй.
Падчас І сусветнай вайны 13 студзеня 1918 года Жлобін занялі войскі 1-га польскага корпуса генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага, у лютым 1918 г. адбываліся ваенныя сутычкі з Чырвонай арміяй. З 2 сакавіка да лістапада 1918 г. акупаваны нямецкімі войскамі.
- Мястэчка Жлобін, агульны выгляд. 1915 г.
- Галоўная вуліца. Да 1914 г.
- Тэатр. Да 1918 г.
- Мост праз Дняпро. Да 1914 г.
- Набярэжная. Да 1914 г.
- Жлобін. Да 1918 г.
Апошняе стагоддзе
З 25 сакавіка 1918 года Жлобін — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы. 24 лістапада 1918 г. ўладу ўзялі бальшавікі. З 1 студзеня 1919 г. — у Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы Беларусі.
Пры ўтварэнні 27 лютага 1919 года Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і акупацыі заходняй і часткі цэнтральнай Беларусі польскімі войскамі (люты — жнівень 1919) Магілёўская (з красавіка 1919 — Гомельская) губерня, ў тым ліку Жлобін, была ўключана ў састаў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1919 годзе Жлобін становіцца цэнтрам воласці. Да восені 1920 г. пабудавана электрастанцыя магутнасцю 35 конскіх сіл. 9 мая 1923 г. створана Жлобінская воласць.
У сакавіку 1924 г. Рагачоўскі павет, у т. л. Жлобін, вернуты Беларускай ССР (якая была адноўлена 31 ліпеня 1920 г., уваходзіла з 30 снежня 1922 да 26 снежня 1991 у СССР, з 19 верасня 1991 года — Рэспубліка Беларусь)[12].
З 17 ліпеня 1924 года Жлобін — адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна (да 26 ліпеня 1930 г. ў Бабруйскай акрузе). У 1924 г. на паўночнай ускраіне мястэчка заснавана метэастанцыя, працавала ветэрынарная лячэбніца. З 3 ліпеня 1925 — горад.
У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны Жлобін». У 1927—1929 гг. пабудавана чыгуначная сярэдняя школа, у 1933 г. — будынак сярэдняй школы № 2 (цяпер № 5). У 1934 г. працавалі шпаларэзны завод, электрастанцыя, рамонтна-вагонны ўчастак, машынна-трактарная станцыя (з 1932 г.) і майстэрня, дрэваапрацоўчы камбінат (145 рабочых), нафтавы млын і крупарушка, цагельня (56 рабочых), металаапрацоўчая, камвольная, кравецкая, абутковая майстэрні, мэблевая фабрыка, маслазавод, друкарня, кузня. З 5 чэрвеня 1931 г. выдавалася раённая газета, а затым чыгуначная шматтыражная газета «Ударнік». У 1937 г. ўзведзены будынак для яшчэ адной сярэдняй школы, у 1940 г. — новы будынак для чыгуначнай школы. У 1938—1939 гг. на станцыі Жлобін-Паўночны пабудаваны новы будынак дэпо.
З 20 лютага 1938 г. Жлобінскі раён — у Гомельскай вобласці. З 27 лістапада 1938 г. Жлобін — горад раённага падпарадкавання.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны 4 ліпеня 1941 г. нямецкія войскі захапілі Жлобін. Савецкія войскі 6 ліпеня 1941 г. узялі горад, але пад націскам намнога большых сіл праціўніка адступілі за Дняпро; 13 ліпеня зноў занялі Жлобін, 14 жніўня 1941 г. пад пагрозай акружэння пакінулі горад, які быў акупаваны да чэрвеня 1944 г. Дзейнічала антыфашысцкае падполле. Акупанты загубілі 2500 жыхароў Жлобіна, Стрэшына і іншых населеных пунктаў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 9 км на поўдзень ад горада). У лютым 1944 г. савецкія войскі выйшлі на левы бераг Дняпра насупраць Жлобіна, але да 6 чэрвеня 1944 г. горад не быў вызвалены.
У 1963 г. да Жлобіна далучаны пасёлак пеньказавода. Раней былі далучаны пасёлкі Ветка-Вір, Жлобін-Падольскі, Рабочы. З 17 сакавіка 1963 г. — горад абласнога падпарадкавання. 30 снежня 1978 г. пабудаваны завод штучнага футра, у канцы 1984 г. — Беларускі металургічны завод.
У 1995 г. узведзены новы мураваны будынак Свята-Троіцкай царквы[11].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1847 — 965 чал.; 1880 — 430 чал.; 1897 — 1 307 чал. (перапіс)(2100 чал.[13])
- XX стагоддзе: 1909 — 4 270 чал.; 1939 — 19,3 тыс. чал.[13]; 1959 — 19,2 тыс. чал.[13]; 1970 — 25 тыс. чал. (25,4 тыс. чал.[13]); 1995 — 67,6 тыс. чал.[13]
- XXI стагоддзе: 2013 — 75 335 чал.; 2016 — 75 956 чал.[14]; 2017 — 76 068 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы лёгкай, металургічнай (Беларускі металургічны завод), харчовай, будматэрыялаў прамысловасці, фабрыка інкрустацыі.
Гасцініцы «Славянская», «Юбілейная».
Культура
Спорт
- Лядовы палац «Металург»
- Хакейны клуб «Металург»
- Футбольны клуб «Жлобін»
Славутасці
Вядомыя асобы
Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Жлобіна і Ганаровыя грамадзяне Жлобіна Дзеячы навукі, культуры, царквы
- Вульф Іосіфавіч Агранаў (1918—1995) — мастак-пастаноўшчык тэатра і кіно, заслужаны дзеяч мастацтваў Украінскай ССР.
- Сямён Міхайлавіч Бытавой (1909—1985) — савецкі паэт.
- Аляксей Іванавіч Восіпаў — доктар філасофскіх навук, прафесар.
- Георгій (Данілаў) — мітрапаліт Ніжагародскай і Арзамаскай епархіі, кіраўнік Ніжагародскай мітраполіі Рускай праваслаўнай царквы (з 2003).
- Гірш Ізраілевіч Добін (1905—2001) — яўрэйскі пісьменнік.
- Усевалад Мікалаевіч Сцебурака — беларускі паэт, празаік
- Неаніла Арцёмаўна Крынічная — доктар філалагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі.
- Арыэль Шламо-Залман — пісьменнік і рэдактар ізраільскіх энцыклапедый.
- Леў Мікалаевіч Тамкоў (1937—1997) — беларускі архітэктар.
- Мікалай Абрамавіч Шэхтман (нар. 1936) — расійскі вучоны ў галіне лексікалогіі і семантыкі.
- Юрый Яфімавіч Мамлін (нар. 1947) — беларускі архітэктар.
Ваенныя
- Макар Уласавіч Барташоў (1909—1948) — Герой Савецкага Саюза, камандзір авіяцыйнай дывізіі, удзельнік савецка-японскай вайны.
- Міхаіл Сямёнавіч Быкаў (1922—1991) — Герой Савецкага Саюза, камандзір авіяцыйнай эскадрыллі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
- Юзаф Дамброўскі(польск.) бел. (1897—1920) — ваеннаслужачы расійскіх, затым — польскіх узброеных сіл (сяржант-пілот), удзельнік І-ай сусветнай вайны; узнагароджаны пасмяротна Ордэнам воінскай доблесці (вышэйшая ваенная ўзнагарода Польшчы).
- Зіновій Якаўлевіч Дворкін (1907—1983) — начальнік ваенна-будаўнічага ўпраўлення Ленінградскага фронту Вялікай Айчыннай вайны, генерал-лейтэнант інжынерна-тэхнічнай службы.
Спартсмены
- Аніс Віктаравіч Ананенка (нар. 1985) — шматразовы чэмпіён Беларусі ў бегу на сярэднія дыстанцыі, майстар спорту міжнароднага класу Рэспублікі Беларусь.
- Ігар Андрэевіч Кузьмянок (нар. 1990) — беларускі футбаліст.
- Уладзімір Мікалаевіч Лавецкі — срэбны прызёр XX летніх Алімпійскіх гульняў (1972, Мюнхен, Германія) у эстафеце 4х100 м.
- Сяргей Сяргеевіч Мацвейчык (нар. 1988) — беларускі футбаліст.
- Васіль Васільевіч Рудзянкоў(руск.) бел. (1931—1982) — чэмпіён і рэкардсмен XVII летніх Алімпійскіх гульняў (1960, Рым) у кіданні молата.
Іншыя вядомыя асобы
- Юрый Леанідавіч Астапчанка (нар. 1945) — беларускі палітык.
- Рыгор Арцёмавіч Васільеў (1885—1976) — удзельнік рэвалюцыйнага руху.
- Юрый Сцяпанавіч Піткевіч(руск.) бел. — старшыня ўрада Удмурцкай Рэспублікі Прыволжскай федэральнай акругі (Расійская Федэрацыя; 2000—2014).
- Таццяна Сцяпанаўна Філімончык (нар. 1949) — беларускі палітык.
Цікавыя факты
У 1955 г. у Жлобіне здымаўся мастацкі фільм «Зялёныя агні» (рэжысёры С. І. Сплашноў, І. А. Шульман, кінастудыя «Беларусьфільм»). Дзеянне адбываецца на адным з чыгуначных вузлоў Беларусі. Малады машыніст грузавога цягніка Сяргей Чобур на сваю рызыку здзяйсняе першы рэйс з перавышэннем вагавых нормаў. У шляху выяўляецца няспраўнасць машыны. Заняўшыся на хаду рамонтам, брыгада дапускае парушэнне правілаў эксплуатацыі, і Чобура здымаюць з працы. Вопыт Чобура ўдаецца паспяхова паўтарыць, і Сяргея вяртаюць на паравоз. Гэтаму больш за ўсё рады дзве дзяўчыны-чыгуначніцы — інжынер Людміла і дыспетчар Аксана… У масавых сцэнах удзельнічалі многія жыхары Жлобіна, у фільме ёсць прыгожыя здымкі чыгуначнай тэхнікі таго часу[16].
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Цісецкая, К. Гліняны посуд жалезнага веку // Новы дзень. Жлобінская раённая газета. 2013, 23 красавіка.
- 1 2 Маслюкоў, Т. В. Археалагічныя абследаванні ў Жлобіне // Археологические исследования в еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. М. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — С. 63—66. ISBN 978-985-439-791-7.
- ↑ Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 152—153.
- ↑ Ткачов, М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии // Археологические открытия 1983 года. М., 1985, с. 407—408. (руск.)
- ↑ Бабин, В. Археологи изучают старый Жлобин // Нюанс-плюс. Еженедельная информационно-рекламная газета. 2013. № 27. С. 2. (руск.)
- ↑ Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 178 (гл. спасылку 164).
- ↑ Спорные вопросы истории Жлобина (историко-краеведческий очерк). (руск.)
- 1 2 Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Мн., 2004.
- ↑ Камінскі, М. І. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі / М. І. Камінскі, В. Л. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мінск, 1993, с. 54 — 57. ISBN 5-85700-074-2. (бел.)
- 1 2 3 4 5 Беларусь, 1995
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ https://catholic.by/3/news/belarus/2614-u-kastsjole-my-sustrakaemsya-z-tym-khto-josts-lyubouyu-u-zhlobine-asvechany-novy-kastsjol-abnoulena
- ↑ Информация о фильме «Зелёные огни» // Кино-Театр.ru. (руск.)
Літаратура
- Жлобин // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9 (руск.)
- Кірычэнка, П. Жлобін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 369. ISBN 985-11-0041-2.
- Жлобін // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 306—307. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Жлобін на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жлобін
- Геаграфічныя звесткі па тэме Жлобін на OpenStreetMap
Катэгорыя·Населеныя пункты Аларскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гомельскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Жлобінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты на Дняпры Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Гомельскай вобласці Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Жлобінскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Гарадзецкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Жлобінскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Парыцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Рагачоўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Светлагорскага раёна Катэгорыя·Раёны Гомельскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1965 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1925 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1937 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Гомельскай вобласці Катэгорыя·Сельсаветы Жлобінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.